“Чорная панна Нясвіжа” ўразіла літоўцаў

У Вільнюсе з вялікім поспехам прайшоў спектакль Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Чорная панна Нясвіжа”
У Вільнюсе з вялікім поспехам прайшоў спектакль Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Чорная панна Нясвіжа”.

Гэта першыя гастролі тэатра ў Літве пасля амаль дзесяцігадовага перапынку. Спектакль па п’есе Аляксея Дударава, які прысвечаны гісторыі Вялікага княства Літоўскага, знайшоў водгук у літоўскага гледача, нягледзячы на тое, што са сцэны гучала беларуская мова. “Гэта зусім нечаканая трактоўка гістарычных фактаў, арыгінальная і вельмі прыгожая, — падзялілася ўражаннямі пасля спектакля каардынатар па культурных мерапрыемствах Нацыянальнага драматычнага тэатра Літвы Віола Вечэрскене. — Апладысменты гучалі доўга, гледачы адыходзілі з душэўным пад’ёмам. Нам спадабалася сцэнаграфія спектакля, незвычайна прыгожыя, багатыя касцюмы. Ігра артыстаў была цудоўнай, у прыватнасці, Святланы Зелянкоўскай у ролі Барбары Радзівіл. А яшчэ мы цяпер ведаем, што ў беларусаў ёсць зорка — выдатны артыст і ён жа дырэктар тэатра Мікалай Кірычэнка. Спектакль атрымаўся, бо гісторыя — гэта тое, што нас аб’ядноўвае, гэта наша агульная гісторыя”.

На спектаклі, што быў прымеркаваны да 15-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін Беларусі і Літвы, прысутнічалі прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Літве, прадстаўнікі Сойма і ўрада Літвы, дыпламаты.

Купалаўцы прапанавалі таксама літоўскай публіцы спектакль “С. В.” па матывах камедыі Антона Чэхава “Вішнёвы сад”.

Валерыя Сямёнава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter