Чароўны спеў чаромхаў і акацый...

У Віцебску прайшла выстава вырабленых і адрэстаўраваных народных музычных інструментаў
У Віцебску прайшла выстава вырабленых і адрэстаўраваных народных музычных інструментаў.

Музычныя інструменты – на любы густ!Віктар Кульпін займаецца вырабам музычных інструментаў больш за 25 гадоў. Спецыялізуецца на народных язычковых: дуда, жалейка, соломка, чаротка... Пачатак творчай біяграфіі звязаны з працай у якасці расшыфроўшчыка агучаных тэкстаў у лабараторыі вядомага прафесара, доктара мастацтвазнаўства Юліі Чурко. А захапленне гэтай справай прыйшло як вынік зносінаў з народнымі майстрамі і выканаўцамі.

На інструментах Віктара Кульпіна цяпер іграюць у Нацыянальным акадэмічным народным хоры Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча, Нацыянальным акадэмічным народным аркестры імя Іосіфа Жыновіча, у ансамблях “Пясняры”, “Харошкі”, “Свята”, “Крупіцкія музыкі”, “Палац”, “Купалінка”... А яшчэ яны хораша гучаць у самадзейных калектывах. На іх граюць таксама музыкі ў Расіі, Украіне, Польшчы, Германіі, Канадзе, Іспаніі, Італіі, Галандыі і іншых краінах свету. Інструменты Кульпіна прадстаўлены ў Лонданскім музеі Горнімана, дзяржаўных музеях Беларусі.

Валерый Нагін, яшчэ адзін з майстроў-умельцаў, працуе слесарам у Бабруйску. У 1975 годзе падчас навучання ігры на класічнай гітары ён зразумеў: на дрэнным інструменце добрага гуку не атрымаеш. З таго часу ён і займаецца іх вырабам, уносячы ў канструкцыі свае змены. Вырабіў 30 гітар, 12 скрыпак і адзін альт. А яшчэ ён рамантуе і рэстаўруе струнныя інструменты. Вырабленыя і адрэстаўраваныя Нагіным, яны гучаць сёння ў канцэртных залах Беларусі, Францыі, Ізраіля.

А Мар’ян Скрамблевіч з мястэчка Адэльск Гродзенскага раёна стаў рабіць народныя музычныя інструменты, працуючы загадчыкам клуба і кіраўніком народнага хору ў Гродне. Распрацаваў і ўдасканаліў каля ста народных інструментаў, на якіх грае сам, а таксама і шматлікія музыкі Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы, Славакіі, Германіі, Аўстрыі, Францыі. Ён увесь час шукае новыя формы для інструментаў. Чуйная рука майстра прымушае гучаць розныя пароды дрэўваў: акацыю, вішню, грушу, дуб, клён, сасну, чаромху, ясень, яблыню, вольху...

Таццяна Міхайлава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter