Будуць справы — будзе і ўдзячнасць

Саюз палякаў у Беларусі мае намер працаваць канструктыўна
Саюз палякаў у Беларусі мае намер працаваць канструктыўна.

“У мяне было адчуванне сустрэчы з моцнымі людзьмі, якіх аб’яднала агульная справа, — гаворыць Мечыслаў Лысы, выбраны на нядаўнім VII з’ездзе Саюза намеснікам старшыні арганізацыі. — І яшчэ: у зале ў Гродне, дзе праходзіў з’езд, было шмат маладых твараў. Добра, што за апошнія чатыры гады ў суполцы з’явіліся новыя цікавыя асобы, сапраўдныя актывісты”.

Сам Мечыслаў Часлававіч, былы дырэктар школы, узначальвае Мінскую абласную арганізацыю і “на карысць Саюза ” працуе з 1989 года. Ён лічыць, што суполку аслабілі ўнутраныя канфлікты, якія пачаліся ў 2005 годзе, ды і на нядаўні з’езд накладвалі адбітак. “Самае істотнае: Саюз палякаў у Беларусі, які налічвае больш за 10 тысяч этнічных палякаў, не прызнаецца “метраполіяй”, польскім бокам, і ад гэтага мы шмат губляем. Можа, нехта і хацеў бы ў яго ўступіць, але “сітуацыя чакання” не надае прэстыжу суполцы. Новае кіраўніцтва Саюза на чале з новым старшынёй Станіславам Сямашкам намерана рабіць захады для таго, каб павысіць аўтарытэт арганізацыі”, — удакладняе Мечыслаў Лысы.
Саюз, як і раней, будзе захоўваць і развіваць польскую культуру. У бліжэйшы час кіраўніцтва Саюза збіраецца выступаць за роўныя адносіны з боку Польшчы да ўсіх палякаў Беларусі. “Бо роўныя адносіны — гэта ж нармальная, зразумелая ўсім практыка”, — лічыць М.Лысы. Ёсць намер істотна пашырыць інфармацыйную работу, працаваць на станоўчы імідж Саюза, у тым ліку і з выхадам на польскую аўдыторыю.

Іван Яцкавец
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter