Браты Дыбоўскія

Ураджэнцы Міншчыны пакінулі след за межамі Бацькаўшчыны
Ураджэнцы Міншчыны пакінулі след за межамі Бацькаўшчыны.

Мемарыяльны камень у гонар Уладзіслава Дыбоўскага пры дарозе Навагрудак-ЛюбчаБраты Бенядзікт і Уладзіслаў Дыбоўскія — са шляхецкага роду, які меў герб “Налэнч”. Заснавальнік роду, Себасцьян, вядомы з ХVІ стагоддзя. Дыбоўскія валодалі маёнткамі і фальваркамі ў межах сучаснай Беларусі. А Бенядзікт і Уладзіслаў нарадзіліся ў фальварку Адамарын Вілейскага павета (цяпер Маладзечанскі раён), радавыя карані іх на Койданаўшчыне. Як успамін аб тых часах каля вёскі Баравое, што на Дзяржыншчыне, захавалася Каплічка — архітэктурны помнік ХІХ ст. — месца пахавання ўладальнікаў маёнтка.

Ёсць меркаванне, што хрысцілі братоў Дыбоўскіх у Койданаўскім касцёле Святой Ганны.

***

Бенядзікт ДыбоўскіАбодва браты мелі выдатныя здольнасці: старэйшы, Бенядзікт Іванавіч, вучыўся ў Мінскай гімназіі, затым скончыў Дэрпцкі (Тартускі) універсітэт, атрымаўшы ступень доктара медыцыны. Там ён рыхтаваў сябе да прафесарскай дзейнасці, аднак удзел у дуэлі, а затым і ў антыўрадавых дэманстрацыях не далі здзейсніцца марам. Бенядзікт Дыбоўскі выехаў у Германію, працаваў на кафедрах Берлінскага і Вроцлаўскага універсітэтаў. Маладога вучонага выбралі ў 1862 годзе прафесарам заалогіі і анатоміі Галоўнай школы ў Варшаве. Там ён зблізіўся з членамі арганізацыі, якія рыхтавалі паўстанне супраць царскага самадзяржаўя.

У часе паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага Бенядзікт выконваў абавязкі надзвычайнага камісара. Вядома ж, царскія ўлады не даравалі яму гэтага, і вясной 1864 года Бенядзікт Дыбоўскі быў арыштаваны і прыгавораны да смяротнага пакарання. Толькі дзякуючы хадатайніцтву нямецкіх вучоных смяротнае пакаранне Бенядзікту замянілі катаргай, а затым бестэрміновай ссылкай у Сібір. Між іншым, удзел у тым паўстанні прынялі і многія жанчыны з роду Дыбоўскіх.

Мемарыяльны дошка ў в. ДубраваГады ссылкі сталі гадамі плённай працы: Бенядзікт Дыбоўскі пачаў вывучаць жывёльны і раслінны свет Прыбайкалля, флору і фаўну Байкала. Ён узбагаціў навуку адкрыццём шматлікіх відаў птушак, рыб, насякомых, якія сустракаюцца толькі ў гэтым рэгіёне. Ім было адкрыта каля 20 невядомых раней рыб Байкала, а ў 1875 годзе Бенядзікт правёў першую серыю замераў тэмпературы вады ў Байкале да глыбіні 1320 метраў. У еўрапейскія музеі вучоны адправіў больш за 2500 экземпляраў па-майстэрску зробленых чучал птушак, звыш ста тысяч насякомых. За ўсё гэта геаграфічнае таварыства Расіі ўзнагародзіла Дыбоўскага малым залатым медалём, а ўрад Расіі ў 1877 годзе дазволіў яму вярнуцца на радзіму. Яму прапаноўвалі працу і ў Томскім універсітэце, і ў сталічных музеях, але прапановы наш зямляк адхіляў, папрасіў накіраваць яго ўрачом на Камчатку. За свае грошы завёз на паўвостраў аленяў, вывучаў там побыт мясцовых народаў, лячыў людзей. Свае назіранні вучоны апісаў у кнізе “О Сибири и Камчатке”. Пазней Бенядзікт Дыбоўскі вярнуўся ў Еўропу і ўзначаліў кафедру заалогіі Львоўскага універсітэта. Дарэчы, ён быў адным з першых, хто падтрымаў вучэнне Чарльза Дарвіна аб паходжанні відаў.

У гады савецкай улады за выдатныя навуковыя заслугі перад Радзімай у 1927 годзе яго выбралі членам-карэспандэнтам АН СССР. Навуковыя працы Бенядзікта Дыбоўскага былі ўлічаны пры праектаванні Брацкай ГЭС на Ангары. Памёр вучоны ў 1930 годзе і яго, як удзельніка паўстання 1863 года, хавалі з вялікімі вайсковымі пашанамі.

***

Малодшы брат Уладзіслаў таксама вызначыўся як выдатны навуковец. Ён, як і Бенядзікт, скончыў Дэрпцкі (Тартускі) універсітэт, а ў 1878 годзе атрымаў ступень доктара мінералагічных навук. За ўдзел у паўстанні 1863 года Уладзіслаў быў прыгавораны да турэмнага зняволення. Адбыўшы пакаранне, ён зноў вярнуўся да навуковай дзейнасці: займаўся даследваннем выкапнёвых рэшткаў Сібіры, Прыбалтыкі, вывучаў флору і фаўну Навагрудчыны. Акрамя шматлікіх навуковых прац з-пад яго пяра выйшлі такія кнігі, як “Беларускія прыказкі з Навагрудскага павета”, “Беларускія загадкі з Мінскай губерні”.

***

Летась споўнілася 175 гадоў з часу нараджэння Бенядзікта Дыбоўскага і 170 — Уладзіслава. З нагоды гэтых дат, а таксама з мэтай папулярызацыі іх творчых дасягненняў на геаграфічным факультэце Белдзяржуніверсітэта адбыліся навуковыя чытанні. У якасці вядучага выступіў старшыня Беларускага геаграфічнага таварыства доктар геаграфічных навук прафесар Пётр Лопух.

Цікавымі звесткамі аб жыццёвым шляху і навуковых адкрыццях братоў Дыбоўскіх падзяліліся гісторык і філолаг Леанід Акаловіч, дацэнт кафедры земляробства Павел Каўрыга, настаўніца гісторыі з Дубраўскай СШ Маладзечанскага раёна (гэта сучасная мясцовасць, дзе нарадзіліся браты Дыбоўскія) Наталля Харук, гісторык, краязнаўца Анатоль Валахановіч, загадчыца школьнага музея Бароўскай СШ Тамара Клепікава і іншыя. Па завяршэнні мерапрыемства запрошаныя на навуковыя чытанні вучні Бароўскай СШ выканалі гімн сваёй школы.

Лявон Целеш
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter