Бiла маланка ў вяршынi

Буйны, уплывовы вучоны знайшоў у стале пасланне з цёмнага мінулага — данос на сябе і сябра.
Рускія пісьменнікі і вучоныя ратавалі беларускіх. ...Акадэмік Акадэміі навук, старшыня рабоча-сялянскага ўрада Беларусі, пісьменнік Цішка Гартны. Арыштаваны органамі НКУС, катаваўся ў мінскай турме, у псіхіятрычнай бальніцы ў 1937 годзе скончыў жыццё самагубствам. Першы прэзідэнт Беларускай акадэміі навук, народны камісар асветы Усевалад Ігнатоўскі. Па абвінавачанні ў нацыянал-дэмакратычным напрамку работы выключаны з партыі, выклікаўся на допыты, пасля аднаго з іх, напачатку 1931 года, застрэліўся. Разам з вучонымі праследавалі і пісьменнікаў. У 30-х гадах больш за палову сваіх членаў страціў іх саюз на Беларусі. У Акадэміі навук рэпрэсіравана 26 акадэмікаў і 6 членаў-карэспандэнтаў. Кульмінацыя расправы — справа аб “нацыянал-дэмакратычнай контррэвалюцыйнай арганізацыі” “Саюз вызвалення Беларусі”, па якой арыштавана 108 прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Хто ж разглядаўся ў якасці ворага? Да прыкладу — Янка Купала, абвешчаны ў друку “ідэолагам буржуазнага нацыянал-адраджанізму”. Яго цягалі на допыты, патрабавалі паказанняў аб “контррэвалюцыйнай” арганізацыі, лідэрам якой ён нібыта быў. Узвесці такі паклёп на сябе і на іншых паэт не мог, на допытах праяўляў мужнасць і высакароднасць, што было адзначана і ягонымі следчымі. Але пасля адной з такіх размоў, 27 лістапада 1930 года, спрабаваў скончыць жыццё самагубствам. Яго выратавалі, а ўжо праз колькі тыдняў друкавалі ягоны “пакаянны” ліст, дзе паэт абяцаў парваць з “кулацкім нацыяналістычным адраджанізмам” і “аддаць усе сілы сацыялістычнаму будаўніцтву”, хаця гэтае “будаўніцтва” раскулачыла і прызначыла да высылкі ягоную маці і сястру. Аднак у 1937 годзе паэт зноў аказаўся ў спісе ахвяр рэпрэсій. Відаць, ён усё ж ірваўся з клеткі творчай няволі... А вырваўся — ці быў выкінуты — у лесвічны пралёт з дзесятага паверха гасцініцы “Масква”... Беларускі вучоны, этнограф, літаратар Мікалай Улашчык арышту па справе “Саюза вызвалення Беларусі” не пазбег. У выніку трох асуджэнняў правёў у лагерах пятнаццаць год, вызваляючыся з грыфам “Без дазволу вяртання ў БССР”. Хаця беларускія творцы абвінавачваліся ў нацыяналізме, аднак насамрэч іхняя праца была інтэрнацыянальнай, патрэбнай сусвету так, як кожны сапраўдны талент. Што б то, нарэшце, быў за талент, калі б грунтам яму не служыла любоў да зямлі, якая яго нарадзіла? Творчыя людзі Расіі, якія маглі гэта ацаніць, заступаліся за беларускіх калег. Янку Купалу ратавалі ад рэпрэсій Максім Горкі і рэдактар «Известий» І. Гронскі. Дзякуючы іхнім спецыяльным загадам ён удзельнічаў у рабоце 1-га з’езда савецкіх пісьменнікаў БССР, 1-га з’езда Саюза савецкіх пісьменнікаў СССР. Мікалая Улашчыка абараняў акадэмік АН СССР Л. Арбелі. Дзякуючы яму Улашчык быў вызвалены ў 1942 годзе. Выкладаў у Маскоўскім універсітэце, працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі Акадэміі навук СССР. Беларускія вучоныя таксама хваляваліся за лёс пакутнікаў як са сваёй рэспублікі, так і з іншых. Але былі і такія, што ў вочы кляліся ў сяброўстве, а за спіной “трымалі нож”. Чалавек, пра лёс якога я хачу расказаць, стаў сведкай расправы над сябрамі і адной з патэнцыяльных ахвяр у 70-х. Сёння ўзначальвае аддзел гісторыі старажытнай і новай беларускай літаратуры Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі. Гэта Вячаслаў Чамярыцкі. “Ты зусім не ўмееш хітраваць!” Роўна трыццаць год назад. Лета. Халаднаваты вецер цямніць неба хмарамі, але Батанічны сад аж пеніцца свежым бэзам. На лаўцы двое маладых вясёлых хлопцаў. Чэсь Чамярыцкі і Мікола Прашковіч. Абодва з вёсак, абодва былыя сельскія настаўнікі, абодва ўлюбёныя ў беларускую мову, якая на вёсцы гучала паўсюдна: дома, на вуліцы, на кірмашы. Скончылі беларускае аддзяленне філфака БДУ, аспірантуру, зараз у Інстытуце літаратуры Акадэміі навук. Аддзелу беларускай дакастрычніцкай літаратуры патрабуюцца патрыёты ў тым лепшым сэнсе гэтага слова, якое не зашмальцавана ніякай патэтыкай. І маладыя навуковыя супрацоўнікі карпатліва працуюць над вяртаннем славы лепшых імёнаў нашай літаратуры. Два бліжэйшыя заданні ім і калегам, якія так плённа абмяркоўваюцца на свежым паветры, — напісанне раздзелаў для новай акадэмічнай “История белорусской дооктябрьской литературы” і нарыса “Францыск Скарына” па заказе ЮНЕСКА. — Ты б зайшоў як да мяне ў інтэрнат, — паўшчуваў жанатага сябра халасты Мікола. — Часцяком збіраюцца хлопцы з інстытутаў гісторыі, мовазнаўства, заходзіць Валодзя Караткевіч. Помніш, якую эпіграму напісаў на абароне тваёй кандыдацкай пра беларускія летапісы? “Ад Аўрамкі да Аўрамчыка гісторыю на горб бяры і чэмер сып усім у вочы, каб аж здзівілісь Чамяры!” — Глядзі, каб не здзівіліся там, дзе трэба, — змрочна заўважыў Чэсь. — Я табе не расказваў, як ездзіў на Нарач з групай вучоных на сустрэчу з літоўскімі калегамі? Як мы там ля вогнішча дыскусію пра Вялікае княства Літоўскае вялі? Дык вось, вяртаюся ў Мінск — выклікае дырэктар інстытута: “Мне паведамілі з парткома, што ты вёў нацыяналістычныя размовы”. — “Няхай ваш інфарматар лепей вучыць гісторыю, — адказваю. – Я, наадварот, адстойваў афіцыйную тэорыю аб славянскай еднасці ў складзе княства”. — Чаго ты баішся, Чэсь? Ну напляткарылі, ну паўшчуваў дырэктар. Табе што гэта, трыццаць сёмы год? Успомні ХХ з’езд партыі, выкрыццё культу асобы Сталіна. Зараз жа – адліга! Чытаем забароненыя творы Купалы і Коласа, выданні 20-х гадоў. Вярнуліся з лагераў рэпрэсіраваныя пісьменнікі і вучоныя. Я нядаўна ездзіў у Зэльву да Ларысы Геніюш. Яна так і не прыняла савецкага грамадзянства. Зараз асуджае ўвод савецкіх войскаў у Прагу, дзе калісьці была арыштавана з мужам. А нядаўна адзін хлопец прынёс у інтэрнат апазіцыйныя чэшскія газеты. Дык там словы “Савецкія войскі ўведзены ў Прагу” змешчаны ў чорную рамку, як нацыянальная жалоба. — А ты не падумаў, адкуль тыя газеты? Як гэты хлопец мог набыць іх у Мінску? Аніякай асцярожнасці. — І гэта кажа Чэсь Чамярыцкі, які перапісваецца з Міколам Улашчыкам! — А ты меней пра гэта расказвай. Надта шчыры. Зусім хітраваць не ўмееш. Кожнага, хто па-беларуску загаворыць, абняць гатовы. — Гэта таму, Чэсь, што ўсіх па сабе раўняю. Але пакінем гэта. Зараз збіраю грошы для калег з Украінскай акадэміі навук. Перапісваюся з імі, запрашаю да нас у акадэмію. Многія абвінавачаны ў нацыяналізме і пазбаўлены працы. — А калі спіс тых, хто здае грошы, трапіць у беларускае КДБ? А як яму карціць раскруціць справу аб нацыяналізме накшталт украінскай? — задумаўся Чэсь і раптам сплюнуў: — А няхай там, нарэшце, збіраюць кампрамат колькі хочуць. Надакучыла! Сябры ёсць сябры, жыццё ёсць жыццё. Прыду! Тонкія пялёсткі бэзу сталі прымінаць цяжкія кроплі дажджу. “Ім спецыяльна даручалі пісаць лісты абурэння”. Пра сустрэчу ў садзе Вячаслаў Антонавіч успомніў на днях, калі я заходзіла да яго ў Акадэмію навук па гістарычную кансультацыю да аднаго з артыкулаў. Халоднае лета 1974-га таксама наша гісторыя, і трэба, каб яе ведалі. — Мы часта збіраліся ў інтэрнацкім пакоі Міколы Прашковіча, — гаворыць ён. — Бедавалі, што ў Мінску не было ніводнай беларускай школы, што іх усё меней станавілася на вёсцы, што ўсё радзей гучыць родная мова. Параўноўвалі са становішчам у Літве, Грузіі, ва Украіне і бачылі, што гэтае параўнанне не на карысць нам. Працягвалі гаварыць пра Геніюш, Улашчыка, чэхаславацкія падзеі, даслалі грошы ўкраінцам. Мы здагадваліся, што за намі сочаць, але не думалі, што ў гэты час мінскі КДБ паслаў у Маскву інфармацыю пра наяўнасць групы нацыяналістаў з Акадэміі навук. Напачатку справу стрымаў Машэраў. А потым і ён нічога не змог зрабіць. “Кампрамат” збіралі далей. Найбольш “у нацыяналізме” засвяціўся Мікола Прашковіч — радыкальнымі выказваннямі і лістамі ва Украіну. Па загадзе дырэктара інстытута, які атрымаў указанне “зверху”, сабралі вучоны савет інстытута з мэтай звальнення Міколы. Было абвешчана, што чалавек з такімі поглядамі не можа працаваць у Акадэміі навук. Увесь вучоны савет прагаласаваў за звальненне. Я быў адзіным, хто ўстрымаўся. — Чаму вы не ўзнялі шум, далі разарваць чалавека? Вы ж бачылі, што на ім не было віны, акрамя той, што ён не ўмеў хітраваць. — Прагаласаваўшы супраць, інстытут бы выступіў супраць палітыкі партыі, пацярпелі б многія супрацоўнікі, магчыма, нават быў бы расфарміраваны калектыў. Стаяла задача выжыць, каб захаваць навуковыя напрацоўкі і ідэю адраджэння для наступнага пакалення. Потым старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Міхась Чарняўскі, які адначасова з Прашковічам праходзіў па справе “Акадэмічны асяродак”, ва ўспамінах напіша: “Даваенным камсамольцам, якія яшчэ памяталі барацьбу з “ворагамі народа”, даручалася пісаць лісты абурэння з патрабаваннем кары вінаватым. У аддзелах праводзілі сходы, дзе клеймавалі “нацыяналістаў” і давалі ўказанні, як трэба галасаваць. Некаторыя члены вучонага савета, якія падзялялі мае меркаванні, прасілі прабачыць, што будуць галасаваць за маё звальненне”. Збаяўшыся абараніць сяброў, вучоныя далі зразумець, што іх можна перабіць па адным. Нарыс “Францыск Скарына”, над якім працаваў Прашковіч, далі дапісаць Чамярыцкаму і двум калегам. А потым дырэктар Інстытута літаратуры зноў выклікаў загадчыка аддзела дакастрычніцкай літаратуры Юлляна Пшыркова. Даў указанне цяпер “разабрацца” з Чамярыцкім. Галоўны гісторык беларускай кампартыі Лаўрэнцій Абэцэдарскі накіраваў у ЦК ліст, дзе “разнёс” раздзелы, напісаныя Чэсем, як жудасна нацыяналістычныя. На гэты раз Пшыркоў набраўся смеласці, каб грукнуць кулаком па стале дырэктара інстытута. Навукоўцы сабраліся, праштудзіравалі афіцыйную гісторыю СССР і склалі аргументаванае абвяржэнне Абэцэдарскаму. Чамярыцкі быў выратаваны. Яго пакаралі пазбаўленнем Дзяржаўнай прэміі, на якую быў вылучаны за напісанне значнай колькасці раздзелаў і рэдагаванне падручніка “История белорусской дооктябрьской литературы”. Ніводнага радка Прашковіча туды не ўвайшло наогул. Мікола ў гэты час доўга шукаў працу па Мінску. Быў вымушаны пайсці грузчыкам у гастраном. Затым загадваў бібліятэкай пры інтэрнаце пладова-агародніннага камбіната, быў карэктарам у часопісе, карэспандэнтам у газеце, але як вучоны ўжо не адбыўся. Ён стаў іншым чалавекам, не змог адысці ад душэўнага надлому. Вельмі спадзяваўся на перагляд справы, якога пры жыцці не дачакаўся. Заўчасна пайшоў на пенсію, атрымаўшы другую групу інваліднасці. Цяжка захварэў на паралюш ног і згарэў у роднай хаце ў вёсцы, не здолеўшы выпаўзці з агню. — Валодзя вельмі перажываў за Міколу. Прысвяціў яму верш “Маленне аб чашы”, — кажа Чамярыцкі, беручы з паліцы зборнік. “Беларусь мая, ты адзіная, перад кім на каленях стаю”... На здымку 1974 года Караткевіч глядзіць у аб’ектыў вачамі, поўнымі болю і трывогі. Спецслужбы цікавіліся ім асабліва. Па ўспамінах людзей, якія выклікаліся на допыты, яму меркавалася надаць ролю лідэра беларускіх нацыяналістаў — тую самую, што ў свой час Янку Купалу. Слова сонечнага генія і сапраўды натхняла многіх патрыётаў. Удзельнікі руху “Акадэмічны асяродак” часта сустракаліся ў яго на кватэры. Лідэры партыі меркавалі, што толькі яны ведаюць дарогу ў рай, да агульнага росквіту. А той, хто думае па-іншаму, — вораг. Таму каля 600 тысяч грамадзян Беларусі сталі ў 1917 — 53-м гадах ахвярамі палітычных рэпрэсій. Акрамя таго, больш за 250 тысяч сялян было саслана. У акадэміі ў выніку выкрыцця “гнязда беларускіх нацыяналістаў”, акрамя Міколы Прашковіча, звольнены Міхась Чарняўскі, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства Алесь Каўрус, загадчык аддзела Інстытута геалогіі Віктар Лапуць, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства Сцяпан Місько, старшы рэдактар выдавецтва “Беларуская савецкая энцыклапедыя” Валянцін Рабкевіч. Шукайце Сальеры. Жыццё бярэ сваё. Зараз Чамярыцкі — уплывовы, буйны вучоны. Удзельнічаў у выданні “Полного собрания русских летописей”. Сааўтар і рэдактар шэрага падручнікаў, па якіх вучылася не адно пакаленне студэнтаў. Кіраваў рэспубліканскай праграмай да 500-годдзя Скарыны. Дзяржаўную прэмію атрымаў у 1994 годзе за ўдзел у стварэнні серыі з васьмі кніг “Скарына і беларуская культура”. Апошняя праца — падрыхтоўка разам з групай вучоных Акадэміі навук і рэдагаванне падручніка “Анталогія даўняй беларускай літаратуры: ХІ — першая палова ХVІІІ стагоддзя”. І вось у самым росквіце творчага поспеху Чамярыцкі атрымаў пасланне з цёмнага мінулага — дакладную запіску на Прашковіча і сябе, знойдзеную ў стале аднаго з кабінетаў Акадэміі навук. Шмат старонак каліграфічнага почырка, якраз такому былі навучаны даваенныя камсамольцы. Бачна, што пісаў аналітык, які сачыў за гістарычнымі плынямі і літаратурнымі навінкамі, дастаткова разбіраўся ў беларусістыцы, каб аперыраваць навуковымі тэрмінамі і перакручваць даследаванні як шкодніцтва. Відавочна, вучоны. Можа, з іншага інстытута, можа, і са свайго, такі, што здаваўся Прашковічу і Чамярыцкаму сябрам, спачуваў у час рэпрэсій... А яны і верылі. І вось у той час, калі рускія пісьменнікі, вучоныя заступаліся за беларускіх калег, гэты рабіў усё, каб патапіць сваіх жа. Можа, давыслужваўся ўдалым выкананнем заданняў да высокага крэсла, сядзеў дзе-небудзь у прэзідыуме, калі аслабелы з-за ягонага «нажа ў спіну» Мікола быў не ў стане выпаўзці з вясковай хаты... Сальеры, які зайздросціў таленту Моцарта? Муха ў павуціне, якая баялася кампрамату на самую сябе? Палымяны барацьбіт з «ворагамі народа», шчыра ўпэўнены ў сваёй праўдзе? Апошняе — наўрад ці, бо такому хапіла б смеласці пагаварыць з імі, як гэта рабіў Мікола. Складана зараз сказаць, што гэта быў за чалавек. Але прывіды памерлых ведаюць усё. Гэта былі смелыя, шчырыя і значныя людзі. Як сказаў Караткевіч: “...у вяршыні самых гонкіх дрэў маланка з неба б’е, у вяршыні маленькіх і ніцых дрэў маланка ніколі не б’е”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter