Белы вэлюм і свякроўкіна хустка

З дзяцінства памятаю, як уражвалі мяне вясковыя вяселлі. Ды і кожная дзяўчынка, падрастаючы, нібыта “прымервае” чароўную дзею на сябе: як гэта ў яе будзе? Раскошная сукенка, вэлюм, будучы муж у прыгожым касцюме, шмат гасцей… І менавіта вясковае вяселле, нібы яркі камень-бурштын, зберагло ў сабе і перадае нашчадкам прадаўнія традыцыі продкаў. Я не раз бачыла, як ладзяць вяселле на Палессі, бо сама з вёскі Велямічы, што ў Столінскім раёне — гэта за пяць кіламетраў ад Давыд-Гарадка.
З дзяцінства памятаю, як уражвалі мяне вясковыя вяселлі. Ды і кожная дзяўчынка, падрастаючы, нібыта “прымервае” чароўную дзею на сябе: як гэта ў яе будзе? Раскошная сукенка, вэлюм, будучы муж у прыгожым касцюме, шмат гасцей… І менавіта вясковае вяселле, нібы яркі камень-бурштын, зберагло ў сабе і перадае нашчадкам прадаўнія традыцыі продкаў. Я не раз бачыла, як ладзяць вяселле на Палессі, бо сама з вёскі Велямічы, што ў Столінскім раёне — гэта за пяць кіламетраў ад Давыд-Гарадка.

Хай шчаслівай будзе ваша дарога, маладажоны!Вёска… у падарунак
Раней Велямічы — ого, якая вёска была: больш за тры тысячы жыхароў! Цяпер — каля дзвюх, моладзь з’язджае ў гарады на вучобу ці жыхарства. Велямічы ўпершыню згадваюцца ў дакументах яшчэ ў верасні 1392 года — мясцовы селянін атрымаў тады вёску ў падарунак ад князя за тое, што ўратаваў яго на паляванні ад тура. У Велямічах ёсць царква святога Ільі, якая збудавана ў 1881 годзе. Гэта помнік драўлянага дойлідства з рысамі барока ХІХ стагоддзя. У цэнтры паселішча ёсць помнік землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Велямічы цяпер — добраўпарадкаваны аграгарадок, прайсціся па ім прыемна: школа, дзіцячыя садкі, магазіны, Дом культуры, аддзяленні паштовай сувязі і “Беларусьбанка”, нават кафэ. Шмат можна расказваць пра родныя мясціны, ды вернемся да вяселляў. У маёй вёсцы ў 2012-м зарэгістравана 12 шлюбаў, а летась — толькі сем. Недабор, землякі! Можа, гэта таму, што больш шлюбуюцца велямічанцы ў гарадах? Ведаю адно: традыцыі сямейныя ў нас, палешукоў, па-ранейшаму вельмі моцныя.

Самі наведваюць родных
Вяселле — адзін з найстаражытых абрадаў. У ім жывуць паганскія і хрысціянскія традыцыі. Удзельнікі абраду напаўняюць дзею станоўчай энергіяй і добрымі эмоцыямі, а рытуалы ўтвараюць духоўны абярэг для будучай сям’і. Ну а вяселлю пачатак — сваты. Ідуць “у сваты” па тры-пяць чалавек: родны або хросны бацька, дзядзька, брат жаніха (калі ёсць), сам жаніх, радзей — маці. У хату дзяўчыны прыходзяць з пачастункамі. У сватах, за сталом вызначаюць дату вяселля, колькі гасцей будзе з абодвух бакоў, выбіраюць дружкаў (яны ж і сведкі ў ЗАГСе) ад жаніха і нявесты: яны павінны быць не жанатымі. Пасля “паходу ў сваты” вяселле можа быць і праз некалькі месяцаў, і праз паўгода. Раней на Палессі перад сватаннем яшчэ “пасылалі ў пярэпыты”. Некалькі чалавек ішлі да бацькоў нявесты, каб упэўніцца-перапытаць, што настроены яны прыязна, ці не супраць будучага вяселля. Традыцыя тая не захавалася, а жаніх і нявеста загадзя гавораць бацькам пра свае шлюбныя намеры.
Вось пішу пра нашы вяселлі — а думкамі ў дзяцінстве... Тады часта даводзілася мне бываць на іх. Добра памятаю танцы ў клубе. Ой, як хацелася трапіць у аб’ектыў відэакамеры, каб потым пабачыць сябе па тэлевізары. А ніхто і не супраць быў зняць малую, бо дзеці на вяселлі — добрая прыкмета! У тыя моманты я адчувала сябе шчасліваю. Любіла яшчэ вітаць будучых мужа і жонку ў сваім доме, калі прыходзілі яны клікаць на вяселле. У вёсцы, дарэчы, прынята гасцей заўсёды запрашаць не паштоўкай, а асабіста: знак павагі. Маладыя самі наведваюць родных, сваякоў, сяброў, каб паведаміць аб свяце. Калі хто жыве далей, таму ўжо тэлефануюць.
Неяк я даведалася, што нашы продкі ўступалі ў шлюб вельмі рана: з ХVII стагоддзя, пішуць, жаніху і нявесце бывала і па 12-13 гадоў. Да таго ж дзяцей рыхтавалі да шлюбу амаль ад нараджэння. Дзяўчына павінна была ўмець весці гаспадарку, ведаць вясельныя абрады, сабраць-наткаць ды навышываць свой пасаг… Калі не ўступала ў шлюб да 20-ці гадоў, яе абыходзілі бокам: лічылі “дзяўчынай з заганай”. Вядома, добра тое, што з самага дзяцінства дзяўчо станавілася гаспадынькаю, а вось наконт узросту… Мне цяжка ўявіць шлюб дванаццацігадовых...

На вясковым вяселлі — ніхто не лішніПярсцёнкі шукаюць у збожжы
І вось доўгачаканы дзень… Раніцай сяброўкі, сваха і дружка дапамагаюць нявесце апранацца. Жаніх не павінен бачыць яе да цырымоніі прыняцця шлюбу: дрэнная прыкмета. Ён з сябрамі рыхтуецца ехаць да нявесты. У вёсцы, як і ў горадзе, машыны ўпрыгожваюць шарыкамі, каляровымі стужкамі ды кветкамі. А калі не было аўтамабіляў, то вазы, збрую коней упрыгожвалі яловымі галінкамі. Знакам, што вяселле едзе, служылі званочкі-бомы пад дугамі коняў. Лічылася, звон палохае нячысцікаў.
А каля дома жаніха чакаюць сяброўкі нявесты: з выпрабаваннямі! На што ён здатны? Хлопец павінен паказаць сябе, праявіць кемлівасць, а як не здолее выканаць якое заданне, то можа грашыма адкупіцца…
Затым маладыя і ўсе госці пешшу ідуць у нас у Дом культуры. Там ёсць зала для рэгістрацыі шлюбаў. На ганку маладых сустракае з караваем працаўнік ЗАГСа, выказвае будучай сям’і найлепшыя пажаданні. У зале праходзіць цырымонія, пад час якой маладым даюць шкляны посуд са збожжам: там прыхаваныя заручальныя пярсцёнкі. Дзяўчына павінна знайсці пярсцёнак будучаму мужу, а юнак — будучай жонцы. Хто першы справіцца — той і будзе галавой сям’і. Сведкі пацвярджаюць уступленне ў шлюб подпісамі. І вось рамантычны момант: першы вясельны вальс!

Салодкая радасць нявесты
Па вясковых традыцыях, пасля рэгістрацыі маладыя ідуць на вянчальны абрад у царкву. Гэта вельмі важна: атрымаць блаславенне шлюбу ад святара. Пасля ўсе рухаюцца да месца святкавання вяселля. Звычайна гэта ці вялікі шалаш, ці мясцовае кафэ, ці, у большасці выпадкаў, вясковая хата. Па дарозе нявеста раскідвае дзецям цукеркі: нібы дзеліцца сваёй салодкай радасцю… Памятаю, у дзяцінстве матуля заўсёды гаварыла, у каго будзе вяселле, і мы з сябрамі збіраліся, ішлі лавіць цукеркі. Прыходзілі з поўнымі кішэнямі, і радасці не было межаў! Па дарозе маладых заўсёды суправаджае жывая музыка: іграюць на гармоніках, барабанах, бубянцах. З царквы юнак нясе абраз Мікалая Угодніка, а дзяўчына — абраз Прасвятой Багародзіцы: святыя, кажуць, абараняюць іх “малады шлюб” ад нядобрага вока.
Таксама ў нас захавалася такая традыцыя: перагароджваць дарогу маладым. Вяскоўцы выносяць стол, на ім абавязкова ёсць хлеб ды соль і, па магчымасці, кветкі. Гучаць віншаванні-пажаданні, а за тое вяскоўцам дораць гарэлку і салодкія пачастункі. І чым больш людзей перагародзіць дарогу — тым лепей.
Каля хаты маладажонаў сустракаюць бацькі. Маці дзяўчыны трымае хлеб, бацька юнака — гарэлку. Маладыя адкусваюць па чарзе па кавалачку хлеба, а гарэлку не п’юць, прыгубляюць. Астатняе — у грамаду цераз левае плячо! Таксама абярэжны рытуал: лічаць, што такім чынам адганяюць нячысцікаў. Раней я не разумела: для чаго ў людзей нешта льюць? Толькі браліся чаркі, адбягала, каб кроплі не трапілі на мяне. Ды гэта яшчэ не ўсё! Муж павінен перанесці жонку цераз парог, каб яна не кранулася яго нагамі. Тым часам госці пасыпаюць маладых збожжам: каб у іх нарадзілася шмат дзетак. Некалі, казалі, у нас малады муж, пераносячы жонку цераз парог, зачапіўся ды паваліўся. Ну, бывае ж… Анічога дрэннага не здарылася — усе ад душы пасмяяліся, у тым ліку і маладая пара.

Садзяцца пад абразамі
У хаце муж і жонка садзяцца у чырвоны кут, пад абразамі. І пачынаецца святкаванне. Вясковыя сталы заўсёды ломяцца ад смачнай ежы і пачастункаў! Пад час застолля ў адрас маладых гучаць пажаданні, паднімаюць тосты і, канешне, крычаць “горка”: каб зберагчы мужа і жонку ад зайздрасці, сурокаў ды збіць нячысцікаў з панталыку.
Бліжэй да вечара госці і маладыя ідуць танцаваць-весяліцца ў Дом культуры. Дарэчы, на вясковае вяселле ў нас прыходзяць паглядзець усе, хто пажадае. Уваход вольны, ды і месца ўсім хопіць. Да таго ж кожны можа ўдзельнічаць ва ўсіх конкурсах і атрымаць падарунак. Не надта дарагі, ды ў побыце патрэбны: мыла, сурвэткі, посуд… Часам гэта хлеб, цукеркі, пакет соку, солі альбо цукру. У клубе ў Велямічах, як прынята, носяць “гужы” — гэта вясельныя пачастункі: гарэлка, закуска, цукеркі, пірагі ды іншыя прысмакі для аднавяскоўцаў. Не вельмі даўно ў нашай вёсцы замацавалася такая традыцыя: хто-небудзь з запрошаных гасцей ходзіць па клубе з блакітнымі ды ружовымі дзіцячымі паўзункамі, у якія ўсе кладуць грошы. У блакітныя — за хлопчыка, у ружовыя — за дзяўчынку. Потым падлічваюць грошы. Лічыцца: у якіх паўзунках болей грошай, той першы і народзіцца ў маладых.

Па чарзе перадаецца вэлюм…
Бліжэй да поўначы госці зноў ідуць да месца святкавання: на “перапой”. Маладым “перапіваюць”, гэта значыць дораць, грошы, мэблю, бытавую тэхніку… Бацькі могуць падараваць і аўтамабіль ці нават дом альбо кватэру. Калі рытуал закончыцца, свякроў знімае з нявесткі вэлюм і замест яго павязвае хустку: гэты ўжо новы статус маладой, як замужняй жанчыны, у хаце. Па чарзе перадаецца вэлюм, трапляе на галаву кожнай незамужняй дзяўчыне — гэта каб і тая абавязкова ўступіла ў шлюб. Я, помніцца, адчувала сябе сапраўднай прынцэсай, калі ў дзяцінстве на галаву мне трапіў той прыгожы атрыбут нявесты. Крыху яшчэ пасядзеўшы, госці патрохі разыходзяцца па сваіх хатах.
На наступны дзень некаторыя госці, звычайна найбольш блізкія ды родныя, зноў збіраюцца, каб павіншаваць маладых ды выпіць за іх здароўе. Раней, як вядома, у вёсцы вяселле святкавалі два дні: першы — у хаце жаніха, другі — у нявесты. Цяпер святкуюць адзін дзень сумесна.
Хтосьці з вяскоўцаў выбірае святкаванне ў горадзе, хтосьці вяселле па народных традыцыях. Галоўнае ж — каб у шчасці, любові ды згодзе доўжылася іх жыццёвая дарога.

Марына Ляшкевіч, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ

На здымках:
Хай шчаслівай будзе ваша дарога, маладажоны!
На вясковым вяселлі — ніхто не лішні
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter