Беларусы Кішынёва правялі ўрачыстую сустрэчу ў самым цэнтры горада

Бацькаўшчынай варта ганарыцца!

Беларусы Кішынёва правялі ўрачыстую сустрэчу ў самым цэнтры горада

kishinev.pngПа-рознаму адзначаюць Дзень Незалежнасці, Дзень Вызвалення нашы суайчыннікі ў замежжы. У Малдове, напрыклад, цяпер дзейнічае дзесяць грамадскіх беларускіх суполак, і часам у вялікай справе варта аб’ядноўваць сілы. Асацыяцыя беларусаў муніцыпія Кішынёва “Беларусь” ладзіла ўрачыстасць з нагоды свята сумесна з Міжнародным таварыствам дружбы і супрацоўніцтва “Малдова—Беларусь”. Дарэчы, абедзьве суполкі ўзначальвае ўраджэнец Капыльшчыны Генадзь Зяньковіч. На гэты раз у бібліятэцы імя Петрычыку Хаждэу, што ў цэнтры Кішынёва, сабралася каля 130 членаў асацыяцыі і таварыства, былі шматлікія госці, прадстаўнікі іншых нацыянальных меншасцяў.

Выступаючы на ўрачыстасці, Часовы Павераны ў справах Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова Аляксандр Салаўёў нагадаў, што Дзень Незалежнасці — галоўнае дзяржаўнае свята Беларусі, адзначаецца 3 ліпеня. А дата гэтая святая для беларусаў яшчэ з 1944 года: якраз 70 гадоў таму сталіца Беларусі была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Па сутнасці, тады і пачалося адраджэнне краіны, якая з часам набыла і суверэнітэт. Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь, ці Дзень Рэспублікі, адзначаецца 3 ліпеня па рашэнні рэспубліканскага рэферэндума 1996 года. Дыпламат крыху расказаў пра гісторыю дружалюбных стасункаў Беларусі і Малдовы, якія ў новым часе пачаліся з 1992 года. Цяпер паміж дзяржавамі створана шырокая дагаворна-прававая база. Актыўна развіваецца гандлёва-эканамічнае супра­цоўніцтва: таваразварот па­між дзяржавамі летась быў звыш 357 мільёнаў дола­раў, прычым за апошнія 10 гадоў ён вырас у 5 разоў. Беларусь пастаўляе ў Малдову трактары, тралейбусы, харчовыя вырабы, лекавыя сродкі, будматэрыялы, вырабы лёгкай прамысловасці і нафтахіміі, а самыя галоўныя экспартныя малдаўскія тавары — гэта вінаробчая ды плодаагароднінная прадукцыя. А што ў перспектыве? У Малдове створаны зборачныя вытворчасці садо­ва-вінаградарных мадыфіка­цый трактароў “Беларус”, тралейбусаў “Белкамунмаш”, і яны развіваюцца. Магчыма, у Кішынёў будуць пастаўляцца беларускія га­рад­скія аўтобусы: гэтыя пы­танні, як кажуць, у рабоце. Усё больш кантактаў і ў галіне культуры, ёсць дамоўленасць аб правядзенні сёлета Дзён культуры Беларусі ў Малдове, а ў наступным годзе — Дзён культуры Малдовы ў Беларусі.

Апладысментамі віталі прысутныя выступленне Ці­мафея Іосіфавіча Гаўлін­скага. Беларус, удзельнік Вялі­кай Айчыннай вайны, пал­коўнік у адстаўцы, ён згадваў, якой цяжкай была дарога да Перамогі. Журналіст Аляксандр Ісаеў, рускі па родавых каранях, дзяліўся ўражаннямі ад нядаўняй паездкі ў Беларусь, расказаў, што пабачыў: як жывуць людзі, як працуе эканоміка, як шмат новабудоўляў. А паэтэса Вера Сугак чытала свае новыя вершы пра Бацькаўшчыну.

На ўрачыстасці высту­палі прадстаўнікі балгарскай, украінскай, гагаузкай, польскай ды іншых дыяспар. Госці знаёміліся з выставай беларускіх кніг, а таксама сувеніраў з керамікі, саломкі, лёну. З цікавасцю разглядалі карціны малдаўскай мастачкі Галіны Віеру: прадзед яе на пачатку мінулага стагоддзя выехаў у Беларусь і добра там папрацаваў, стварыў школу мастакоў. Хораша гучалі ў старым будынку бібліятэкі беларускія песні. Спеваку Сяргею Варсанаву, які мае беларускія родавыя карані, акампанаваў на фартэпіяна дырыжор сімфанічнага аркестра Нацыянальнай малдаўскай оперы Міхаіл Сечкін. Парадавалі ўдзельнікаў урачыстасці ін­шыя спевакі, якія памятаюць, шануюць беларускія напевы.

Добрыя эмоцыі, а для многіх і ўспаміны маленства выклікала дэгустацыя страў беларускай кухні, якой завяршылася ўрачыстасць. То не дзіва, што і разыходзіцца з вечарыны не хацелася. Увогуле ж, дадам на заканчэнне, беларусаў у Малдове любяць. Шануюць нас за таленты, дружалюбнасць, працавітасць — а можа і проста за тое, што мы беларусы.

Дарэчы

З прэс-службы руху “Прызнанне” (Прыднястроўе) у рэдакцыю “Голасу Радзімы”  нядаўна паведамілі, што  і ў горадзе Ціраспалі па ініцыятыве мясцовага Таварыства беларускай культуры і Рэспубліканскага руху “Прызнанне” ўрачыста прайшло ўскладанне кветак да магіл загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны — у гонар 70-годдзя Вызвалення Беларусі. У тым допісе прыводзяцца словы Тамары Ломцевай, старшыні беларускай суполкі: “Беларусы, якія пражываюць у Прыднястроўі, заўсёды з хваляваннем і вялікай увагай сочаць за тым, што адбываецца ў Беларусі. Увесь беларускі народ адзначае 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і мы сэрцамі — з нашымі братамі і сёстрамі, якія жывуць і на Бацькаўшчыне, і па ўсім свеце. Няхай нас падзяляюць межы, але душамі мы — адзіныя, і ўсе жадаем працвітання роднай Беларусі, дзе б ні былі”. А член выканаўчага камітэта руху “Прызнанне” Вадзім Барысюк адзначае, што Беларусь сёння — гэта прыклад таго, як трэба будаваць і развіваць незалежную дзяржаву.

З Кішынёва паведаміў Генадзь Зяньковіч: 17 ліпеня на Малдоўскім тэлебачанні была перадача пра мерапрыемства кішынёўскіх беларусаў, прысвечанае Дню Незалежнасці Беларусі і 70-годдзю яе Вызвалення.

Ігар Белакавыльскі, г. Кішынёў

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter