Па ініцыятыве Нарвскага беларускага таварыства “Сябры” ў Эстоніі цікава адзначылі Сусветны дзень Параднёных гарадоў

Барысаў, Нарва, Івангорад

Па ініцыятыве Нарвскага беларускага таварыства “Сябры” ў Эстоніі цікава адзначылі Сусветны дзень Параднёных гарадоў


На святочнай сцэне ў Нарве — артысты з Беларусі, Расіі ды Эстоніі

Свята гэтае — не новае ў календары: Сусветны дзень Параднёных гарадоў адзначаецца ў апошнюю нядзелю красавіка з 1957 года. А мы вырашылі, што трэба надаць руху гарадоў-пабрацімаў новы імпульс. І правялі ў Нарве шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных святу. Праект, які пры фінансавай падтрымцы Фонду інтэграцыі ды  міграцыі “Нашы людзі”, аддзела культуры Нарвы рухала суполка “Сябры”, меў назву “Дружба без межаў”. Паўдзельнічалі ў ім і прадстаўнічыя дэлегацыі з гарадоў-пабрацімаў ​​Нарвы: беларускага Барысава і расійскага Івангорада.

Напярэдадні свята у Цэнтральнай бібліятэцы Нарвы мы размясцілі стэнд з цікавай інфармацыяй пра гарады Барысаў, Нарва, Івангорад. Там жа можна было пагартаць нумары газеты “Голас Радзiмы”, атрымаць весткі пра санаторыі Беларусі, турпаездкі на нашу Бацькаўшчыну. Стэнд “працаваў” амаль тры тыдні. А сарцавінай праекта стала ўрачыстасць у Палацы культуры “Ругодив”, якая прайшла 23 красавіка. У вестыбюлі мы разгарнулі невялікую выставу: прыгожыя вышыўкі сяброўкі беларускай суполкі Ганны Пярсіцкай. У палацы мы правялі круглы стол — абмяркоўвалі, як лепш ладзіць культурнае ўзаемадзеянне гарадоў-пабрацімаў. У размове ўдзельнічалі прадстаўнікі міністэрстваў культуры Эстоніі ды Беларусі, Пасол Беларусі ў Эстоніі Анатоль Сцепусь, іншыя адказныя асобы, прадстаўнікі мэрый Барысава, Івангорада і Нарвы. Ад Барысава — Людміла Гарнак, ад Івангорада — Марына Волкава ды віцэ-мэр Нарвы Вячаслаў Канавалаў распавялі пра свае гарады, сумесныя дзеянні ў сферы культуры.

Пасол Анатоль Сцепусь падзяліўся планамі беларускага боку ў Эстоніі на 2016 год, аб’яўлены, як вядома, у Беларусі Годам культуры. Ужо ў траўні ў Йыхві — дзе адбудзецца фестываль балету — пройдуць гастролі Нацыянальнага акадэмічнага Тэатра оперы і балета Беларусі. У Таліне на працягу года будуць дэманстравацца кінастужкі студыі “Беларусьфільм”. Да Дня незалежнасці Беларусі прымеркавана адкрыццё выставы “Мы — беларусы!”, якая адлюстроўвае жыццё беларусаў у розных краінах. Выстава пройдзе ў розных гарадах Эстоніі. Прыемна было нам пачуць: 20 красавіка ў Мінску падпісана пагадненне, якое палягчае ўезд і знаходжанне грамадзян Эстоніі ў Беларусі. Як сімвалічны знак падзякі за такія клопаты прысутны на сустрэчы дырэктар Мастацкай школы Генадзь Курлянкоў падарыў паслу дзве свае карціны для перадачы ў дар музею горада яго дзяцінства — Магілёву.

Вялікі канцэрт на галоўнай сцэне Палаца культуры адкрылі мужчынскі ансамбль эстонскага таварыства “Juhhaidi”  ды арганізатары: ансамбль беларускай песні нарвскай суполкі “Сябры”. З песнямі, духмянымі караваямі сустрэлі мы творчыя калектывы з пабрацімскіх гарадоў: ансамбль народнай музыкі і песні “Траецкія музыкі” з Барысава і танцавальны калектыў “Забавушка” з Івангорада. Гледачы атрымалі асалоду ад народных і сучасных песняў у выкананні “Траецкіх музыкаў”, не шкадавалі апладысментаў. І танцоркі-расіянкі заслужылі авацыі залы. На завяршэнне імпрэзы госці з Беларусі і нарвскія “Сябры” разам выконвалі вясёлую беларускую песню, абменьваліся памятнымі падарункамі. Было шмат і ганаровых грамат, кветак, цёплых сяброўскіх слоў.

На другі дзень, 24 красавіка, у Цэнтры культуры Кохтла-Ярве беларускія артысты далі канцэрт для жыхароў Йыхві і Кохтла-Ярве. Дарэчы, 22 красавіка яны выступалі і ў расійскім Івангорадзе. Вось так мы разам з супляменнікамі ўмацоўваем культурныя сувязі паміж рознымі народамі: бо народная дыпламатыя, як вядома, не мае межаў.

Віктар Байкачоў, намеснік старшыні суполкі “Сябры”

Голас Радзімы № 17 (3473), субота, 14 мая, 2016 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter