Артысты маюць добры густ

Цэлы пласт культуры дэманструецца на выставе харэаграфічных касцюмаў у Нацыянальным мастацкім музеі
Касцюмы з калекцыі ансамбля — гэта сапраўдныя творы мастацтваЦэлы пласт культуры дэманструецца на выставе харэаграфічных касцюмаў у Нацыянальным мастацкім музеі.

Сёння ў знакамітага харэаграфічнага ансамбля сфарміраваўся без перабольшвання унікальны фонд беларускага сцэнічнага касцюма: больш за пяць з паловай тысяч адзінак разнастайнага адзення, дзесяткі калекцый, адметных і па мастацкіх прыёмах выканання, і па інтэрпрэтацыі гістарычных і этнічных форм. Многія з гэтых касцюмаў з’яўляюцца самадастатковымі творамі мастацтва. Ідэйным натхніцелем гэтай калекцыі з’яўляецца нязменны кіраўнік калектыву Валянціна Гаявая.

Першыя касцюмы “Харошак” у 1974 годзе стварала Эма Смірнова. Сярод аўтараў адзення для артыстаў былі таксама Ларыса Рулева, Ніна Саркісава, Алена Юр’ева і іншыя. Некалькі дзесяцігоддзяў у калектыве працуе выдатны тандэм мастакоў па касцюмах — Юрый Піскун і Аляксей Гаявы. Яны нязменна прытрымліваюцца нацыянальных традыцый і эстэтыкі, выдатна вывучыўшы не толькі традыцыйны беларускі касцюм, але і адзенне ўсіх сацыяльных груп XVI-XVII стагоддзяў — шляхты, гараджан, жыхароў гарадскіх прадмесцяў. Менавіта гэтыя мастакі распрацавалі апошнюю калекцыю касцюмаў “Харошак” для новай вялікай праграмы “Беларусы”. Усе касцюмы калектыву — эксклюзіўныя.

“Ведаю, што часта людзі, якія прыходзяць на нашы канцэрты, жадаюць паглядзець на касцюмы зблізку. Але не кожны адважыцца прайсці за кулісы. Таму глядзіце і слухайце тут і цяпер”, — сказала Валянціна Гаявая, запрашаючы гасцей выставы на імправізаваны канцэрт калектыву ў зале Нацыянальнага мастацкага музея.

Жанна Катлярова
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter