У гонар Стэфаніі Станюты назавуць адну з вуліц роднага ёй горада

Актрыса з Купалаўскага

Іна Ганчаровіч

У гонар Стэфаніі Станюты назавуць адну з вуліц роднага ёй горада


Гэтай таленавітай жанчыне было адпушчана лёсам шмат сцэнічнага часу, яна пражыла бурнае, насычанае рознымі падзеямі жыццё. А вось здымацца ў кіно Стэфаніі Міхайлаўне давялося толькі пасля пяцідзесяці, ды і то ў ролях другога плану. Тым не менш менавіта “на Станюту” хадзілі многія гледачы ў Беларускі дзяржаўны акадэ­мічны драмтэатр імя Янкі Купалы, дзе яна доўгі час працавала.

Стэфанія Станюта
Стэфанія Станюта

Нядаўна стала вядома: у гонар народнай артысткі СССР Стэфаніі Станюты назавуць адну з вуліц Мінска, што праектуецца ў паўночнай частцы сталіцы. Нагадаем, што 30 красавіка 2015 года — 110 гадоў з часу яе нараджэння. Да гэтай даты і прымеркавана падзея. На кінастудыі “Беларусьфільм” плануюць зняць дакументальны фільм. Напэўна, ён будзе не толькі пра доўгі і няпросты творчы шлях легендарнай беларускай актрысы, але і пра яе асабістае жыццё.

У яе было звычайнае для таго — паслярэвалюцыйнага — часу дзяцінства. Бацька, Міхаіл Пятровіч Станюта, хоць і быў досыць вядомым беларускім мастаком, але жыла сям’я небагата. Пэўна, таму, што для бацькі мастацтва было важней за побытавыя праблемы. Дарэчы, “Партрэт дачкі”, створаны ім у 1923 годзе, дае ўяўленне пра тое, якой была артыстка ў юнацтве. Палатно зберагае ззяючую маладосць абаяльнай 18-гадовай дзяўчыны. Міжволі падумаеш: Божа, што з намі ўсімі робіць час! Я ж, напрыклад, Стэфанію заўсёды ўспрымала, бачыўшы яе ў тэатральных пастаноўках ды ў кіно, як увасабленне ўсіх беларускіх бабуль. Дарэчы, маці артысткі, Хрысціна Іванаўна, была з сялян. Да замужжа прыслужвала ў багатых дамах, а як выйшла замуж, стала хатняй гаспадыняй. Свякроў яе ніяк не магла пагадзіцца, што сын ажаніўся з просталюдзінкаю. Таму імя Стэфанія будучая зорка атрымала ў гонар бабулі: каб яе задобрыць. З тым іменем і ўвайшла ў гісторыю культуры Беларусі. А сярод сваіх яе называлі па-рознаму: бацькі — Стэфняй, у тэатры — Леляй: пэўна, ад вытанчанай кветкі лілеі. Постаць, пастава ў яе сапраўды былі цудоўныя. Памятаю, у 1982-м на Ленінскім праспекце абагнала мяне высокая стройная жанчына ў модным убранні. Міжволі пайшла за ёй, паскорыўшы крок. І вельмі здзівілася, разгледзеўшы спадарыню Стэфанію, якой было ўжо пад 80...


Сябры клуба “Прырода і фантазія”, куды артыстка прыйшла ў 70-я, звалі яе Стэфкай. “Дзе б ні была Стэфанія Міхайлаўна, заўсёды збірала жалуды, ягады рабіны, шыпшыны, насенне экзатычнай садавіны. Потым дадавала да іх фасоль, кукурузу — і майстравала з усяго таго ўпрыгожанні, якія насіла сама і з задавальненнем дарыла сябрам”, — успамінала тэлевядучая Элеанора Язерская, якой таксама ўжо няма з намі. Яна, адна з экстравагантных жанчын беларускага тэатральнага бамонду, добра ведала Стэфанію.  

Але галоўным захапленнем Стэфаніі быў, безумоўна, тэатр. Будучай актрысе споўнілася ўсяго 14 гадоў, калі яна прыйшла ў Таварыства беларускай драмы і камедыі, якім кіраваў Фларыян Ждановіч, і пачала працаваць там статысткай, затым — харысткай і танцоркай. Потым, дадаўшы сабе некалькі гадоў, паехала вучыцца тэатральнаму майстэрству ў Маскву: у Беларускую драматычную студыю пры МХАТ. Там разам са студыйцамі грала ў спектаклях, якія вельмі падабаліся маскоўскай публіцы. Пасля быў Віцебск: артыстка прыехала туды з калегамі ў толькі што створаны (1926 год) Другі беларускі драмтэатр (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа).

У 1932-м Стэфанія Станюта пераехала ў Мінск. У Беларускім дзяржаўным тэатры (БДТ), цяпер гэта: Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, артыстка і працавала да канца жыцця: яе не стала ў 2000-м. Усяго ў тэатры Стэфанія сыграла каля 200 роляў! І хоць з самага пачатку было зразумела, што актрыса яна тэмпераментная, эмацыйная, цудоўна валодае словам, жэстам, мімікай — ёй давалі пераважна другарадныя ролі. Кажуць: сціплая была, нікога не падседжвала, не прабівалася з кулакамі. Але й пра тыя ролі артысты, гледачы памятаюць, імі захапляюцца па гэты час.

Стэфанія Станюта з праўнучкай Меліцінай
Стэфанія Станюта з праўнучкай Меліцінай

Знакамітай, аднак, яе зрабіла кіно. Падлічана, што 60 кінароляў у яе было, зноў жа другога плану, зноў жа вельмі цікавых. Першую ролю ў кіно Стэфанія Станюта сыграла ў 1958-м, калі на яе твары ўжо з’явілася павуціна маршчынак. Мне здавалася, яны нават упрыгожвалі яго. Памятаю яе дзіўныя добрыя вочы, у якіх свяцілася нейкая дзіцячая радасць. Ну а па ролях, якія сыграла артыстка, можна пісаць дапаможнікі па акцёрскім майстэрстве. Нездарма ж яе прылічваюць да “зорнай кагорты вялікіх старых савецкага кіно”. Дарэчы, кнігу пра маці яе сын Аляксандр, пісьменнік і выкладчык, выдаў яшчэ ў 1994 годзе, а ў 2001-м пад назвай “Жыццё актрысы” выйшаў яе дапрацаваны варыянт. Да 105-годдзя актрысы пабачыў свет ягоны раман “Гарадскія сны”. У адным з інтэрв’ю Ірына Міхайлава-Станюта, нявестка артысткі, звяртае ўвагу: у кнізе ёсць глава, прысвечаная мужу Стэфаніі Міхайлаўны, Аляксандру Кручынскаму. У гады вайны ён з сынам аказаўся ў акупацыі. А вось сама актрыса была ў эвакуацыі ў Томску: патрапіла туды пад час гастроляў тэатра. Дарэчы, а ці ўшанавана памяць пра тое ў сібірскім горадзе? Нашы суайчыннікі, спадзяюся, пацікавяцца ды напішуць пра гэта ў рэдакцыю. На сайце Купалаўскага тэатра паведамляецца сціпла: “Пад час Вялікай Айчыннай вайны тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі”. Ёсць яшчэ каштоўная інфармацыя, што ў 1944-м рэжысёр Леў Літвінаў паставіў славутую “Паўлінку” Янкі Купалы, і што яе прэм’ера адбылася менавіта ў Томску. Гэты знакавы спектакль, дарэчы, захоўваецца ў рэпертуары тэатра і сёння.

Меліціна Станюта
Меліціна Станюта

Магчыма, стваральнікі дакументальнага фільма пра Стэфанію Станюту змогуць выехаць для здымак і ў Томск. Спадзяюся, знойдзецца ў фільме месца, каб больш расказаць пра асабістае жыццё Стэфаніі Станюты, пра якое паклоннікі яе ведаюць няшмат. Яна ганарылася сынам Аляксандрам: гэта вядомы вучоны, доктар навук, літаратуразнаўца. На жаль, яго ўжо няма ў жывых. Унук артысткі Дзмітрый — журналіст. Аматары мастацкай гімнастыкі добра ведаюць і Меліціну Станюту — гэта праўнучка Стэфаніі Міхайлаўны. Спартсменка неаднаразова станавілася прызёркай чэмпіянатаў свету і Еўропы. “Чатыры залатыя медалі выйграла Меліціна Станюта на этапах Кубка свету па мастацкай гімнастыцы ў Бухарэсце” — адзін з мінулагодніх загалоўкаў у СМІ, пагадзіцеся, вельмі яскравы. Між тым неяк у інтэрв’ю гімнастка расказала, што яшчэ і ў 70 гадоў народная артыстка СССР Стэфанія Станюта садзілася на шпагат. Спартсменка яшчэ 5 гадоў таму казала: “Пэўна, не дарма і я пайшла ў мастацкую гімнастыку. Гэты занятак таксама патрабуе і пластычнасці, і акцёрскага майстэрства”. Так што праўнучцы было з каго браць прыклад… Ды і цяпер у вядомай гімнасткі з матывацыяй на высокія спартыўныя дасягненні ўсё ў парадку. Вось фрагмент яе разваг у сацыяльных сетках: “Той, хто высмейвае вашы мары, часта проста не здольны ажыццявіць свае ўласныя. Хацелася б пабыць проста дзяўчынкай, не гімнасткай. Нічога не рабіць, гуляць, есці колькі захочацца, сядзець увесь дзень дома... Ды не, не хочацца... Гэта проста стомленасць, гэта часова... Мы ўсе як алоўкі. Кожны малюе свой лёс. Хтосьці ломіцца, хтосьці тупіць, а хтосьці — вострыцца і рухаецца наперад...”
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter