Акорды музычнай восені

Творы беларускіх кампазітараў гучалі на трэцім Міжнародным фестывалі Юрыя Башмета
Творы беларускіх кампазітараў гучалі на трэцім Міжнародным фестывалі Юрыя Башмета.

Варта адзначыць, што на фестывалі ў Мінску ўпершыню прагучала кампазіцыя “Язычніцкае дзейства” Вячаслава Кузняцова. Яна была напісана спецыяльна да гэтага фестывалю для сімфанічнага аркестра і двух фальклорных ансамбляў. А на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў суправаджэнні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі, якім дырыжыраваў сам маэстра Юрый Башмет, выступілі вядомыя музыканты Наталля Гутман (віяланчэль), Віктар Траццякоў (скрыпка) і Расціслаў Крымер (фартэп’яна). Для публікі іграў і ўладальнік прэстыжнай прэміі “Грэмі-2008” камерны ансамбль “Салісты Масквы” пад кіраўніцтвам Ю. Башмета.

На фестывалі ў Мінску выступала таксама група “Брава”, якой сёлета спаўняецца 25 гадоў, прайшоў вечар памяці Давыда Ойстраха — да 100-годдзя з дня нараджэння вялікага скрыпача. Значнай падзеяй стала выступленне ў вялікай зале філармоніі маладых музыкантаў — лаўрэатаў розных міжнародных конкурсаў. Дырыжыраваў вядомы італьянскі маэстра Клаўдзіо Вандэлі. Знамянальна, што беларускія артысты Улада Беражная і Арцём Шышкоў атрымалі магчымасць іграць на знакамітых скрыпках Страдывары — іх спецыяльна прывозілі ў Мінск з еўрапейскага таварыства Страдывары.

Заключным акордам фестывалю стаў арт-праект “Тэнары XXI стагоддзя”. Вядучыя салісты Вялікага тэатра Расіі, Ла Скала і іншых выступілі ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна. У праграме акрамя вядомых оперных партый прагучалі беларуская песня “Каляда” з рэпертуару Уладзіміра Мулявіна, і кампазіцыя Ігара Лучанка “Жураўлі над Палессем ляцяць”.

Жанна Катлярова
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter