“Акадэмкніга”: адраджэнне традыцый, альбо Юбілей, які ператварыўся ў сапраўднае міжнароднае свята

У савецкія часы магазіны “Акадэмкнігі” былі амаль ва ўсіх буйных гарадах краіны. У іх можна было набыць навуковую і асветніцкую літаратуру па ўсіх напрамках ведаў
У “Акадэмкнізе” працуе дружны калектыўУ савецкія часы магазіны “Акадэмкнігі” былі амаль ва ўсіх буйных гарадах краіны. У іх можна было набыць навуковую і асветніцкую літаратуру па ўсіх напрамках ведаў. З распадам Савецкага Саюза ранейшыя сувязі абарваліся, у мінскай “Акадэмкнізе” сталі гандляваць футрамі, касметыкай і, для вонкавага прыліку, дэтэктыўнымі раманамі.

— Такая сітуацыя не магла не ўстрывожыць вучоных, — успамінаў на вечарыне, прысвечанай дзесяцігоддзю адроджанай “Акадэмкнігі”, былы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігар Валатоўскі. — Мы не раз збіраліся, абмяркоўвалі сітуацыю. Усё ўпіралася ў адсутнасць ініцыятыўнага і кампетэнтнага кіраўніка. Нарэшце мы спынілі выбар на Софіі Антонаўне Жыбулеўскай — яе рэкамендавала тагачаснае Таварыства аматараў кнігі. І не памыліліся. Новы дырэктар магазіна хутка ўзнавіла ранейшыя сувязі, што з адабрэннем было сустрэта і ў маскоўскай, і ў санкт-пецярбургскай “Акадэмкнігах”, падабрала кадры. І цяпер навуковай кнігай з перавыкананнем усіх планаў тут гандлююць у дзвюх залах.

Вядома, кнігарня, якая па праву лічыцца адной з лепшых у Мінску, найперш распаўсюджвае прадукцыю выдавецтваў “Беларуская навука” і Белдзяржуніверсітэта. Але можна тут знайсці і выданні энцыклапедычныя, медыцынскія, пазнавальныя. Сюды прыходзяць, каб заказаць кнігу, выдадзеную на перыферыі, прыносяць на камісію літаратуру прыватныя выдавецтвы. Да стэнда, прысвечанага рускай кнізе, нядаўна дадаўся ўкраінскі, пра што ўхвальна гаварыў на вечарыне Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Лыхавы.

Сціплы юбілей, здавалася б, звычайнай кнігарні ў сілу яе запатрабаванасці, значнасці зробленага набыў элітарны характар. З віншаваннямі выступілі віцэ-прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Пётр Віцязь, прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, Нацыянальнай бібліятэкі, рэдакцыі газеты “СБ-Беларусь сегодня”, іншых устаноў і арганізацый. Віншаванні работнікам беларускай “Акадэмкнігі” прыслалі віцэ-прэзідэнт Расійскай акадэміі навук, відныя санкт-пецярбургскія вучоныя. А ў канцэрце прынялі ўдзел вядомыя калектывы, саліст Венскай оперы і… работнікі самога магазіна, якія праспявалі свой гімн, словы і музыку якога напісала таваразнавец Алена Юдзіна.

Незвычайнасці вечарыне прыдало і тое, што адбылася яна ў рэпрэзентацыйнай аранжарэі акадэмічнага Цэнтральнага батанічнага сада. Выступоўцы прыгадалі: першы і, бадай, апошні раз нала-дзіў падобную кніжна-мастацкую “міжнародную” вечарыну ў сваёй толькі што пабудаванай аранжарэі ў Залессі, на Смаргоншчыне, аўтар чароўнага паланеза “Развітанне з радзімай” Міхал Клеафас Агінскі. Таму прагучалі прапановы да дзесяці юбілейных год дадаць яшчэ дзвесце, а мінскай аранжарэі надаць імя кампазітара. Сур’ёзнае падвядзенне вынікаў работы спалучалася з гумарам.

Галіна Івуць, Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter