Знакамітая расійская Гжэль стала бліжэй да Беларусі дзякуючы сяброўскім сувязям паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі

Агульная мова майстроў

Знакамітая расійская Гжэль стала бліжэй да Беларусі дзякуючы сяброўскім сувязям паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі


Беларускія і расійскія студэнткі на мастацкай выставе ў Мінску

Там зямля становіцца небам…


Хто не чуў пра гжэль! Па ўсім свеце ведаюць і цэняць асаблівым чынам распісаныя парцалянавыя вырабы расійскіх майстроў. Але, аказваецца, Гжэль, што за 60 кіламетраў ад Масквы — невялікі пасёлак. Яшчэ ў нэце: “Гжэль (гжэльская кераміка) — гэта вырабы керамічных промыслаў Маскоўскай вобласці, цэнтрам якіх была ранішняя Гжэльская воласць”, і што “гжэль вырабляюць у трыццаці сёлах і вёсках”. Ёсць нават меркаванне: маўляў, гжэль і ёсць “сутнасць рускага менталітэту”... Пачаў промысел бурна развівацца “з сярэдзіны XVII стагоддзя з-за наяўнасці там унікальных глін”. Дарэчы, можна вобразна сказаць, што менавіта ў Гжэлі зямля-гліна дзякуючы майстрам пераўтвараецца ў неба — светла-сіне-блакітныя колеры ў яе высокамастацкай парцаляны, распісанай кобальтам.

Што ж: для гарадоў — прамысловасць, для сёлаў — промыслы... Так было і ў нас. Неяк у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі аглядаў я экспазіцыю, прысвечаную развіццю беларускай археалагічнай навукі. І ўбачыў знойдзеную археолагамі талерку ў стылістыцы гжэль, але з Навасвержанскай фаянсавай мануфактуры, ці фарфорні. Тое прадпрыемства заснаваў Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька ў мястэчку Свержань у 1742 годзе. Прычым магнат адпраўляў двух мясцовы хлопцаў у Бяла-Падляску (там працавала фарфорня, належная Ганне Радзівіл, яго маці) для атрымання ведаў і навыкаў. Вытворчасць фаянсу грунтавалася на тэхналогіі галандскіх майстроў. Наўрад ці вучыліся тады беларусы непасрэдна ў майстроў гжэльскіх, але маглі ж і гжэль трымаць у руках: хаця б як узоры для пераймання...

Падзеяй для Беларусі на пачатку гэтага года стаў выставачны праект “Гжэль — Мінск: вытокі творчасці і майстэрства”. Яго падрыхтавалі сумесна Гжэльскі дзяржуніверсітэт і Беларускі дзяржуніверсітэт культуры і мастацтваў. Выстава адкрылася 18 студзеня ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” (Палац Рэспублікі). Творы педагогаў і студэнтаў факультэта дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і дызайну ГДУ ўпершыню экспанаваліся ў Беларусі на працягу трох тыдняў. Удакладнім: універсітэт пазіцыянуе сябе як адна з вядучых ВНУ гуманітарнага профілю Расіі. Яго гісторыя пачалася ў 1899-м, з мастацкага класа Строганаўскага Імператарскага вучылішча. А няўжо ж у сяле Гжэль нават свой ёсць універсітэт? На сайце знаходзім ягоны адрас: пас. Электраізалятар, Раменскі раён...




Кампазіцыі на выставе “Гжэль — Мінск: вытокі творчасці і майстэрства”

Беларускія карані? Варта пашукаць!


Рэктар Гжэльскага ўніверсітэта — Барыс Уладзіміравіч Ількевіч, ён і ўзначальваў салідную расійскую дэлегацыю на адкрыцці выставы. Дарэчы, Ількевічаў па Беларусі жыве шмат. Ды ў біяграфіі, змешчанай на сайце, звестак пра родавыя карані рэктара няма. А нарадзіўся ён 15 верасня 1955 года, у 1977-м з адзнакай закончыў Серпухаўскае вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча. ➔ Стар. 4

Барыс Ількевіч чатыры гады служыў у вайсковай часці, далей служыў-працаваў у Пермскім ваенным інстытуце ракетных войскаў: выкладчыкам, паступова стаў і загадчыкам кафедры аўтаматыкі фізічных установак. Там жа набыў досвед выкладання гуманітарных дысцыплін, прайшоў перападрыхтоўку ў Пермскім дзяржуніверсітэце па спецыяльнасцях “Сацыяльная псіхалогія” і “Філасофія”. З 2003-га Барыс Уладзіміравіч працуе ў Гжэльскім універсітэце. “Займаў пасады прафесара, дэкана, прарэктара па вучэбнай і навуковай рабоце, — чытаем на сайце. — З красавіка 2008-га — рэктар універсітэта”. Як зразумелі чытачы, Барыс Ількевіч такі наш супляменнік! “Яго дзед быў родам з Беларусі, потым пераехаў на Украіну, жыў у Харкаве, — напісала нам у адказ на “радаводнае” пытанне рэктара загадчыца аддзела міжнародных сувязяў ГДУ Наталля Баркалава. — Дзед, аднак, рана памёр: у 1932 годзе, калі бацька Барыса Уладзіміравіча быў малым. Таму падрабязнасці біяграфіі дзеда рэктар не ведае”.

Спадзяемся, кантакты з Беларуссю падштурхнуць паважанага рэктара да пошукаў у архівах Харкава і Мінска. Пэўна, тут “сваё да свайго цягнецца” — вось і развіваюцца сувязі між універсітэтам, якім ён кіруе, і ВНУ Мінска. А пакуль крыху раскажам, як прапанавала Наталля Баркалава, аб тых сувязях. “Акрамя праекта ў Мінску, які меў розгалас на дзве краіны, мы падрыхтавалі яшчэ выставу для Гомеля, — напісала яна. — Мы сябруем з ВНУ Беларусі. Летам мінулага года быў абмен студэнтамі па вытворчай практыцы, а цяпер ужо ёсць і студэнцкі семестравы абмен”.

Што да Гомеля, то там з 11 сакавіка праходзіць выстава “Керамічны цуд з Гжэлі”, яна разгорнута ў палацы Румянцавых і Паскевічаў, працягнецца яшчэ да канца красавіка.


Рэктар Барыс Ількевіч (справа) і рэжысёр Барыс Луцэнка

Тэорыя і практыка студэнцкага сяброўства


Па тых спасылках на публікацыі ўніверсітэцкага сайта, якія даслала ў рэдакцыю Наталля Баркалава, добра відаць: Гжэль ідзе ў Беларусь прыгожа і надоўга. “Гжэльскі ўніверсітэт паспяхова развівае сувязі з беларускімі вну, — чытаем у адной з публікацый. — У 2014-м заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве з Беларускім дзяржуніверсітэтам культуры і мастацтваў (БДУКіМ) і Беларускай дзяржакадэміяй мастацтваў (БДАМ). Цяпер у нас будуць сумесныя міжнародныя праекты, а таксама летняя вытворчая і пленэрная практыка студэнтаў”.

На пачатку ліпеня 2015-га студэн­ткі ГДУ Марыя Белавус, Яўгенія Жучкова і Анастасія Кулакова разам з выкладчыцай Вольгай Первазванскай прайшлі музейную практыку ў БДАМ. Распавядаюць пра тое ў тэксце “Беларуская акадэмія мастацтваў прыняла студэнтаў Гжэльскага ўніверсітэта на практыку”. Мастачкі акунуліся ў творчую атмасферу майстэрняў па жывапісе, рэстаўрацыі, мазаіцы, кераміцы, вырабаў з дрэва, металу. Параўноўваюць: у Акадэміі ёсць фонд студэнцкіх работ, які фармаваўся амаль 50 гадоў, а ў іхнім універсітэце — музей дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з найбольш цікавымі працамі выпускнікоў. Практыканткі пабывалі ў Нацыянальным мастацкім музеі, у Музеі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах (малявалі кераміку і нацыянальныя касцюмы пачатку XX стагоддзя). Былі экскурсіі па Мінску (“замалявалі шырокія сучасныя вуліцы і вельмі добрую архітэктуру ў старой частцы горада”), у Нясвіжскім палацава-паркавым комплексе... І быў Музей старажытнабеларускай культуры, дзе іх цікавілі касцюмы, кераміка (бытавая і кафлі), іканапіс, вырабы з металу і дрэва: “Вось дзе намаляваліся ўволю! Нават не хацелася адтуль сыходзіць”. Практыканткі падсумоўваюць: паездка была ўдалаю, яны зрабілі творчыя работы, узбагаціліся ўражаннямі і ведамі.

Летам жа ў ГДУ практыкаваліся студэнткі з Беларускага дзяржунівер­сітэта культуры і мастацтва Наталля Сухубаеўская, Аліна Аўрамава, Ганна Герасімёнак, кіраваў практыкай прафесар Рыгор Шаура. А студэнткі з ГДУ Таццяна Дарашэнка, Ірына Кулікова і Вікторыя Нядзеліна з прафесарам Вольгай Мышляевай прыязджалі ў Беларусь. У Мінску, у БДУКіМе пабылі дзень, і ўвечары разам з групай беларускіх студэнтаў з’ехалі ў Нясвіж: там разам жылі ды працавалі. Пазней пабывалі яшчэ ў Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі сучаснага мастацтва і выставачных залах, агледзелі архітэктурныя помнікі. “Кожны дзень быў напоўнены ўражаннямі, падзеямі. Гэта была такая незвычайная практыка!” — пішуць практыканткі.

Фота: Юры Іваноў

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter