Адукацыя вабіць гасцей

Выпускнікі беларускіх вышэйшых навучальных устаноў займаюць высокія пасады ў дзяржаўным апараце і грамадскіх арганізацыях В’етнама
Выпускнікі беларускіх вышэйшых навучальных устаноў займаюць высокія пасады ў дзяржаўным апараце і грамадскіх арганізацыях В’етнама.

Напрыклад, сярод іх ёсць міністр навукі і тэхналогій Хаанг Ван Фонг, міністр сельскай гаспадаркі і развіцця вёскі Као Дык Фат, старшыня Таварыства в’етнама-беларускага сяброўства, экс-глава міністэрства адукацыі і падрыхтоўкі кадраў Нгуен Мінь Хіен, былыя рэктары Хуэскага і Данангскага універсітэтаў Нгуен Выонг Тхо і Фан Куанг Сынг. Аб гэтым паведамілі ў пасольстве В’етнама ў Беларусі.

Першыя беларуска-в’етнамскія кантакты ў галіне адукацыі пачаліся з 1962 года. За гэты перыяд для народнай гаспадаркі В’етнама беларускія навучальныя ўстановы падрыхтавалі больш за тысячу спецыялістаў, 152 кандыдатаў навук, трох дактароў навук розных профіляў. Акрамя таго, 155 грамадзян В’етнама скончылі тэхнікумы, амаль дзве тысячы — прафесійна-тэхнічныя вучылішчы Беларусі.

В’етнам і сёння працягвае накіроўваць сваіх лепшых студэнтаў у Беларусь. Так, летась у краіне вучыліся больш за сто в’етнамскіх студэнтаў і аспірантаў. У 2006 — 2007 навучальным годзе група больш чым з дваццаці в’етнамскіх студэнтаў прыехала ў Беларусь атрымліваць вышэйшую адукацыю. Цікава, што сёлета ў В’етнам ўпершыню паехалі вучыцца тры беларускія студэнты і практыкант.

Вольга Карнеева
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter