Аўтаадказчык на перакур не пойдзе

Разлікова-касавыя цэнтры Магілёва перайшлі на аўтаадказчыкі

Не так даўно магіляўчане перадавалі паказанні хатніх прыбораў уліку вады спецыялістам сеткі гарадскіх разлікова-касавых цэнтраў. Шквал званкоў ад гараджан, які абрушваўся на іх работнікаў, быў часам нібы стыхійнае бедства, цэлымі днямі паралізаваў тэлефонную лінію. Былі і такія прэцэдэнты, калі інфармацыя аб разліках за камунальныя паслугі даходзіла да бухгалтэрыі з пэўным спазненнем.

Аднак сітуацыя змянілася карэнным чынам, калі было знойдзена простае рашэнне: спецыялістаў, схільных да звычайных чалавечых эмоцый, замяніў на тым канцы проваду нешматслоўны аўтаадказчык.

Як расказала карэспандэнту «Р» дырэктар Магілёўскага цэнтра гарадскіх інфармацыйных сістэм Алена Бальшакова, з гэтага часу ў разлікова-касавых цэнтрах нясуць кругласутачную вахту аўтаадказчыкі.

Жыхары таксама могуць перадаваць паказанні лічыльнікаў спажывання вады праз Інтэрнэт, для гэтага на сайце прадпрыемства сgis.by неабходна толькі запоўніць спецыяльны электронны фармуляр, паказанні водакарыстання можна таксама перадаваць праз СМС-паведамленні. Калі напачатку колькасць электронных зваротаў можна было пералічыць на пальцах, то цяпер іх штомесяц паступае ў РКЦ Магілёва больш за 2 тысячы. Так, у студзені 2013 года была зафіксавана сімвалічная лічба — 2222 электронныя паведамленні ад карыстальнікаў.

Прычым, як паказвае аналіз, з дапамогай Інтэрнэту даныя аб спажыванні вады перадаюць пераважна маладыя сем’і і людзі сярэдняга ўзросту, а вось пенсіянеры ўсё часцей аддаюць перавагу аўтаадказчыкам ці па-ранейшаму крочаць у дыспетчарскую службу разлікова-касавых цэнтраў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter