100 гадоў. І нават больш

На Гродзеншчыне болей за ўсё вяскоўцаў, якія перасягнулі стогадовы рубеж.
На Гродзеншчыне болей за ўсё вяскоўцаў, якія перасягнулі стогадовы рубеж.

Па словах першага намесніка начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення статыстыкі Алены Кухарэвіч, старэйшая жыхарка вобласці — Алена Машко. Нара-дзілася яна 10 лістапада 1892 года ў шматдзетнай сям’і ў вёсцы Вялікія Азяранкі Ваўкавыскага раёна. З дзяцінства была прывучана да цяжкай сельскай працы, якой і не цуралася ўсё жыццё.

Аптымістка па натуры, яна ніколі не сумавала і не пасавала перад цяжкасцямі. Алена Машко была замужам, яна маці траіх дзяцей. Цяпер з блізкіх сваякоў у яе засталіся шасцёра ўнукаў. Сем месяцаў назад жанчына пераехала да аднаго з іх у Ваўкавыск. Мае добрую памяць.

Успамінаючы маладосць, за навагоднім сталом выпіла нават чарку віна.
Усяго ў Беларусі па дадзеных на 1 кастрычніка мінулага года 100-гадовы рубеж пераадолелі 693 чалавекі — 598 жанчын і 95 мужчын. Свой 110-гадовы юбілей адзначылі 15 беларускіх доўгажыхароў, за плячамі траіх з іх — ужо 115 і больш гадоў жыцця.

Сярод рэгіёнаў Беларусі найбольш доўгажыхароў налічваецца ў Гродзенскай вобласці (185 чалавек ва ўзросце старэй за 100 гадоў). На другім месцы — Мінская вобласць (143), на трэцім — Брэсцкая (101). На Віцебшчыне пражываюць 85 чалавек, якія ўжо адзначылі стогадовы юбілей, у Гомельскай вобласці — 68, у Магілёўскай — 62, у Мінску — 49.

Вікторыя Самойлава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter