“Кузня ведаў” з народным каларытам. У Варанцэвіцкай агульнаадукацыйнай сярэдняй школе дзяцей выхоўваюць з дапамогай розгаў і дошкі на бярозавых ножках

Такой школы, як у Варанцэвічах Талачынскага раёна Віцебскай вобласці, пэўна, няма нідзе. Юнакі і дзяўчаты вучацца ў класах-музеях. Акрамя табліц Мендзялеева і множання варанцэвіцкія вучні ведаюць, як правільна мясіць цеста, уваходзіць у новы дом і іншыя народныя звычаі. Цікава, што выпускнікамі гэтай школы былі беларускія вучоныя браты Рыгор і Эдуард Карніловічы, а таксама трэнер маладзёжнай зборнай Беларусі па футболу Георгій Кандрацьеў.

Спадчына ад кулакоў

Варанцэвіцкая школа — адна з найстарэйшых у раёне: гэтай восенню ёй спаўняецца 125 гадоў. Адкрылася яна ў 1884 годзе пры Петрапаўлаўскай царкве. У той час настаўнікі вучылі дзяцей грамаце — хадзілі па хатах. 
У Варанцэвічах зараз па хатах ходзяць самі вучні (іх тут 61 чалавек). Справа ў тым, што кабінеты знаходзяцца ажно ў васьмі драўляных будынках, з якіх і складаецца мясцовая школа.
— Гэтым бярвенням ужо сто гадоў. Хаты, дзе размяшчаюцца класы, дасталіся нам ад заможных сялян-перасяленцаў, — так карэктна дырэктар школы Ніна Хмялёва назвала “кулакоў”, якіх савецкая ўлада адправіла ў Сібір у пачатку мінулага стагоддзя, адабраўшы ў іх маёмасць.
“Кулацкае” мінулае школьных кабінетаў з’яўляецца трагічнай старонкай нашай гісторыі. Аднак менавіта гэта дэталь і робіць установу не падобнай да іншых. Калі знаходзішся ў гэтых класах, цябе ахопліваюць незвычайныя пачуцці. Здаецца, ты трапляеш у месца, дзе злучаецца мінулае і сучаснасць. У старыя сцены прыходзяць новыя вучні і адбываюцца адукацыйныя рэформы, а яны ўсё стаяць і найдзейна служаць сваім новым гаспадарам. Цікава, што школа не заўжды знаходзілася ў цэнтры Варанцэвічаў: сюды кулацкія дамы перавезлі ў 1956 годзе, а раней яны стаялі на ўскраіне.

Жорны ў кабінеце біялогіі

Дырэктар запрашае нас на экскурсію па школьных кабінетах, абяцае здзівіць нестандартным падыходам да іх афармлення. зазірнуўшы ў клас матэматыкі, мы адначасова трапілі ў музей беларускіх валёнкаў. Тут можна даведацца, як робяць гэты старадаўні абутак. А натхніў школьнікаў стварыць у адным з класаў такую экспазіцыю мясцовы майстар Міхаіл Міцькін.
Наўрад ці яшчэ ў якой школе атрымаецца пабачыць у класе саху, серп, цэп, сушку, жорны ў... кабінеце біялогіі. А ў Варанцэвічах гэта рэальна, бо менавіта тут знаходзіцца музей хлеба. У ім можна прасачыць увесь працэс атрымання хлеба — ад зерня да бохана. Варанцэвіцкія вучні самі праводзяць экскурсіі ў гэтым музеі, таму могуць расказаць гасцям сакрэты прыгатавання добрага цеста. Напрыклад, у жаночыя дні (сераду, суботу і пятніцу) яго трэба мясіць у дзяжы мужчынскага роду, а ў мужчынскія — жаночага. Род жа школьнікі навучаць гасцей вызначаць па цотнай ці няцотнай колькасці клёпак у дзежцы.
Ёсць у школе і іншыя экспазіцыі — лёну, пчалярства, Вялікай Айчыннай вайны і г.д. Аднак самым незвычайным нам паказаўся клас беларускай мовы і літаратуры. Ён створаны ў адпаведнасці з той абстаноўкай, у якой калісьці вучыліся нашы прабабулі і прадзядулі. Замест звычайных парт тут стаяць доўгія сталы і лавы. На вокнах вісяць не модныя сёння шторы і жалюзі, а ручнікі і выцінанкі. Дошка стаіць на бярозавых ножках. Самае  ж нетыповае для сучаснай школы знаходзіцца ў вуглу класа-музея — ступа з розгамі.
— Вы можаце пакараць вучняў розгамі і зараз? — пацікавіліся мы ў настаўніцы Ірыны Дземяшкевіч.
— А чаму б і не, калі вучні не будуць старацца? — усміхнулася яна.
Зразумела, настаўніца проста пажартавала, бо ведае, наколькі яе выхаванцы старанныя і актыўныя. Ды і іншага выбару ў іх, шчыра кажучы, няма: у класах тут вучыцца да васьмі чалавек. Вось і даводзіцца школьнікам заўжды старанна рыхтавацца да заняткаў і адказваць на ўроках па некалькі разоў.
— Акрамя правілаў нашы дзеці з ахвотай знаёмяцца і з народнымі звычаямі беларусаў. Напрыклад, як ладзіць попрадкі (вячоркі за прадзівам), уваходзіны ў новую хату, як святкаваць Каляды і Масленку, — распавядае Ірына Дземяшкевіч. — Народныя абрады вельмі цікавыя для вучняў, і гэтаму спрыяе школа, дзе мы захоўваем нашу спадчыну.
Згодна з калегай і самая вопытная сярод педагогаў Маіна Міцкевіч, якая працуе ў Варанцэвічах ужо больш за 50 гадоў:
— Мне здаецца, што наша ідэя прыносіць карысць. Дзецям цікава вучыцца ў незвычайных класах-музеях. Школьнікі з павагай ставяцца да экспанатаў, не шкодзяць, бо самі прыносяць іх у музей, адказваюць за экспазіцыю, праводзяць экскурсіі для гасцей.

На зайздрасць сталічным вучням

Навучэнцы Варанцэвіцкай школы ганарацца тым, што яны ходзяць менавіта ў гэту школу.
— Раней я вучыўся ў Ваўкавыску, дзе былі звычайныя класы. А ў нас тут кабінеты непадобныя на іншыя. І гэта мне вельмі падабаецца, — прызнаўся дзевяцікласнік Мікалай Пабудзей.
— Да  мяне  ў  госці прыяз-джаў стрыечны брат Вадзім з Мінска і пазайздросціў, што ў мяне такая школа. Сказаў, што ў яго 127-й звычайныя кабінеты, і кветак столькі няма, як у нас, — расказаў вучань 11-га класа Міхаіл Галькевіч.
Яго аднакласніцы Марыі Банцарэвіч падабаецца тое, што ў яе школе выхоўваюць пашану да народных традыцый. Гэта выклікала ў дзяўчыны жаданне самой займацца вышыўкай і вывучаць беларускія звычаі.
— Асабліва мне было цікава даведацца пра тое, што раней усе нашы жанчыны абавязкова насілі фартушок, хадзіць без якога лічылася вялікім сорамам, — кажа Марыя. — А яшчэ мне было цікава паспрабаваць сябе ў ткацкай справе.
...Сёлета Варанцэвічы сталі аграгарадком, і тут маглі б пабудаваць новую школу, абсталяваць яе па-сучаснаму. Магчыма, некалі так і будзе. Аднак у такім выпадку гэта месца пазбавіцца народнага каларыту, які тут ёсць зараз. Да таго ж драўляная школа-музей даўно стала сапраўднай візітоўкай раёна.

“НГ” віншуе настаўнікаў Варанцэвіцкай агульнаадукацыйнай сярэдняй школы, вучняў і іх бацькоў з юбілеем і зычыць плёну ў працы і вучобе, дабрабыту, а таксама і надалей вывучаць і захоўваць народныя традыцыі і звычаі, тым самым выхоўваць павагу і любоў да роднай Бацькаўшчыны, да нашай Беларусі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter