У мінскім Тэатры фальклору “Матуліна хата” выступаюць артысты розных пакаленняў

І бабуля, і сяброўка

У мінскім Тэатры фальклору “Матуліна хата” выступаюць артысты розных пакаленняў. Ёсць у ім і сямейная дынастыя: спявачка Кацярына Пяршлевіч ды яе ўнучка-танцорка Таццяна.


Спявачка Кацярына Пяршлевіч і яе ўнучка Таццяна

Нездарма ў народзе кажуць: унукаў любяць больш чым дзяцей. А псіхолагі пацвярджаюць: малыя хутчэй дзеляцца сакрэтамі і планамі з бабулямі і дзядулямі, чым з бацькамі. І тое зразумела: шмат часу яны бавяць разам. Так было і ў мяне: бабуля вадзіла на гурткі — малявання ды танцаў, потым у басейн. На школьных канікулах  заўсёды гасцявала ў яе: памятаю, як разам вышывалі, яна вучыла мяне вязаць, пячы булачкі ды ватрушкі… Пэўна, кожны з нас, успамінаючы дзяцінства, згадае шмат гісторый, звязаных з самымі дарагімі сэрцу людзьмі.

Вось і Таццяна Гаўрыкава, навучэнка Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа, шмат добрых слоў гаворыць пра сваю бабулю, Кацярыну Іванаўну Пяршлевіч. І па тым, як яна глядзіць на яе, усміхаецца, бачна: не падманвае — сапраўды паміж дзяўчынай і жанчынай існуе не толькі крэўная, але і духоўная повязь. А лучыць іх, між тым, яшчэ і агульнае захапленне — беларускай песняй ды танцамі. Абедзьве яны ўдзельнічаць у пастаноўках мінскага Тэатра фальклору “Матуліна хата”. Кацярына Іванаўна спявае, Таццяна — падпявае ёй, а яшчэ выдатна танцуе. Дзяўчына казала, што менавіта бабуля ўпершыню адвяла яе на танцы, у дзіцячы ансамбль народных танцаў “Зорачка”. Пасля Таня паступіла ў харэаграфічны каледж, сёлета ж паспяхова здала іспыты і стала студэнткай Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. “З творчасцю я ўжо не расстануся, — прызнаецца Таня. — Яна для мяне — як хвароба. З задавальненнем удзельнічаю ў пастаноўках тэатра “Матуліна хата”, куды прыйшла ўслед за бабуляй. Падабаецца выступаць у розных рэгіёнах Беларусі”.

“Вось Таня з Кацярынай Іванаўнай у Тураве, Баранавічах, Буда-Кашалёве, гэта — у Жыткавічах, а тут — каля мінскай дзіцячай бібліятэкі імя Янкі Купалы”, — перагортвае фотаздымкі з выступленняў мастацкі кіраўнік тэатра “Матуліна хата”, вядомы знаўца народнай харэаграфіі Мікола Котаў. Ён разам са сваімі артысткамі завітаў у рэдакцыю “ГР”. “Мы дорым радасць, даем пазітыўны зарад энергіі людзям, і, канешне ж, нясем беларускасць”, —кажа Мікола Конанавіч. Часта выступае Тэатр фальклору ў школах, парках, бальніцах, дамах састарэлых… “У асноўным спяваем беларускія народныя песні. Калі праводзім вулічныя выступленні, усе яны тэатралізаваныя. Ёсць у нас конік, бычок, мядзведзік, роставыя лялькі. Ставім і абрадавыя дзеянні. У летнюю пару папулярныя праграмы “Беларускае вяселле”, “Запрашаем на кірмаш”. І разам з намі гуляе ўся зала. Бо гэта ж, услухайцеся, — “вяселле”: ад слова “весела”, “вясёлы”.

Некалькі песень праспявала Кацярына Іванаўна і ў рэдакцыі. І ўсе яны былі з родных для яе мясцін Гомельшчыны. А родам спявачка з вёскі Бераставец, што ў Кармянскім раёне. Кажа, што з песняй вырасла: спявалі і маці, і бацька, і бабуля. Памятае, як у вёсцы ладзілі святы, провады, вяселлі. Асабліва запала ў душу абрадавае хрышчэнне. “Клуба яшчэ не было, дык дзяўчаты на Каляды здымалі хатку і цэлы тыдзень кружылі-танцавалі. Нават танец так і называўся “Закружыны”, а яшчэ былі “Адкружыны”. Пасля Кацярына Іванаўна вучылася ў Мазырскім вучылішчы будаўнікоў, удзельнічала ў школьнай і студэнцкай самадзейнасці. Ад Мінскага Дома культуры прафтэхадукацыі ўдзельнічала ў конкурсе “Шукаем таленты” і заняла адно з прызавых месц сярод вакалістаў. Пасля вучылася ў Мінскім вучылішчы імя Глінкі на аддзяленні харавога дырыжыравання. Працавала выхавальніцай у дзіцячым садку і кіравала там вакальным гуртком, пасля — на вядомай кандытарскай фабрыцы “Камунарка”. Там яна была салісткай у вакальным ансамблі “Алькор”. Выйшаўшы на пенсію, “прыжылася” ў “Матулінай хаце”.


Выступленні Тэатру фальклору “Матуліна хата” заўсёды відовішчныя і запамінальныя

Калектыў Тэатра фальклору невялікі: чалавек 12. Аднак усе — улюбёныя ў творчасць, народную культуру. Як пра родных дзяцей расказваў пра сваіх артыстаў Мікола Котаў: “Ёсць у нас танцор і спявак Рыгор Кляйко, які жыцця не ўяўляе без мастацкай самадзейнасці, і таленавітая гарманістка Ніна Мароз, і выдатная чытальніца ды вышывальшчыца Зоя Швец, і Мікола Басаў, які батлейкай зачароўвае і дзяцей, і дарослых. А наш канцэртмайстар Аляксандр Драніч ездзіць да нас ажно з Капыля. Усе ўдзельнікі — неверагодна таленавітыя, адораныя ад прыроды людзі”.

Ёсць у “Матулінай хаты” і свой адрас: Мінск, вуліца Напалеона Орды, 47А. Там — невялікі пакой у Сацыяльным цэнтры Маскоўскага раёна. Гэты куточак сапраўды зрабілі падобным на матуліну хату. Ёсць у ім вышываныя ручнікі, тканыя посцілкі, абрусы, а таксама збанкі, гаршчкі, чыгункі… Цікава разглядваць і стэнд з фотаздымкамі бацькоў, дзяцей, унукаў выступоўцаў. І ўсё гэта для таго, каб артысты адчувалі сябе ўтульна: як у роднай хаце.

Кацярына Іванаўна расказвае: “Пасля рэпетыцый мы часта застаемся ў покойчыку: п’ем чай з варэннем, мёдам, печывам — тым, што прыносім з дому, каб пачаставаць адзін аднаго. Спяваем свае любімыя песні, звычайна — з тых рэгіёнаў, дзе нарадзіліся. Вельмі ў  нас душэўна, камфортна. Заходзьце: мы заўсёды рады гасцям!”

На гэтых словах субяседніцы нечакана расхваляваўся Мікола Конанавіч: “Разумееце, у тым сэнс “Матулінай хаты”: не даваць людзям забыць і згубіць родную песню. І тыя перажыванні, што яна ў сабе нясе. А час такі становіцца імклівы, хуткі. І пачуцці — нейкія павярхоўныя, ненатуральныя…” Успомніў Мікола Котаў і сваё дзяцінства, не было яно лёгкім: на фронце загінуў бацька… “Прыходзілі да нас у дом у Рэчыцы ўдовы, разам з маці спявалі беларускія народныя песні, а ў вачах, бачыў, слёзы. І я ўсё думаў: як так можна, каб спяваць і плакаць адначасова... А ў песнях тых былі і боль, і душа, і надзея на лепшае”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter