Зроблена ў Моталі

Калі народныя рамёствы запатрабаваныя, то яны квітнеюць Мотальскі музей народнай творчасці адным з першых у 2001 годзе атрымаў спецпрэмію Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва – за шматгранную працу па прапагандзе і папулярызацыі народнага мастацтва і традыцыйных промыслаў. А ў 2008-м па выніках конкурсу “Пазнай Беларусь!” музей ушанаваны Дыпломам І ступені ў намінацыі “Лепшы турыстычны аб’ект”.
Калі народныя рамёствы запатрабаваныя, то яны квітнеюць

Новы імпульс для развіцця народных рамёстваў дае фэст “Мотальскія прысмакі”Мотальскі музей народнай творчасці адным з першых у 2001 годзе атрымаў спецпрэмію Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва – за шматгранную працу па прапагандзе і папулярызацыі народнага мастацтва і традыцыйных промыслаў. А ў 2008-м па выніках конкурсу “Пазнай Беларусь!” музей ушанаваны Дыпломам І ступені ў намінацыі “Лепшы турыстычны аб’ект”.
Яшчэ ў мінулым стагоддзі ў Моталі ды навакольных вёсках квітнелі рамёствы: ткацтва, гарбарства, разьба па дрэве, ганчарства, кавальства. Адны промыслы развіваюцца далей, іншыя “прыціхлі”, але не забытыя. Майстэрства тутэйшых людзей прадстаўлена ў музеі, адкрытым у 1995 годзе, а збіраць экспанаты пачалі значна раней. Уявіце сабе: тры паверхі, і не ўмяшчаецца усё сабранае! “Наш рэгіён вельмі цікавы: яшчэ ў 1551 годзе, калі Моталь належаў каралеве Боне Сфорцы, мястэчка атрымала Магдэбургскае права”, – распавяла былы дырэктар Мотальскага музея Вольга Мацукевіч. Гэта яна была ля вытокаў справы, а потым 17 гадоў паспяхова кіравала музеем. І хоць сёння ўжо на пенсіі, але музей не мінае, там цэняць яе парады.
Мястэчка Моталь цяпер аграгарадок. Уклад жыцця палешукоў – цікавы, адметны. Праяўляецца ў ім як спрадвечная мудрасць, так і дбанне пра заўтрашні дзень. Тут не лянуюцца, “вяслуюць па плыні жыцця” і ўвесь час стараюцца грошай зарабіць, каб жыць дастойна. Многія штукарствы мясцовых жыхароў у цане гэтак жа, як і некалькі стагоддзяў таму. “Як разваліўся Савецкі Саюз, маталяне хуценька ўнеслі ў хаты варштаты і пачалі ткаць прыгожанькія хустачкі, – успамінае спадарыня Вольга. – Бывала, маці выйдзе з хаты па гаспадарцы ўправіцца, а за кросны ўжо сын-падлетак садзіцца. Вырабы тыя карысталіся вялікім попытам. І цяпер некаторыя знаёмыя з Расіі просяць выслаць тыя хустачкі – маўляў, цёплыя, лёгкія – але іх ужо не ткуць”. Раней у модзе вялікай былі мотальскія кажухі. Сёння дублёнкі вязуць з Турцыі, а раней у Моталі развіваўся гарбарны промысел, спакон вякоў выраблялі скуры на абутак і адзенне. Кажухі шылі амаль у кожнай хаце. Здаралася, ездзілі па скуры ажно ў Сібір: маталяне – людзі прадпрымальныя. А да іх ехалі па абноўкі і з Польшчы, і нават з Аргенціны. Цяпер ужо рэдка кажухі шыюць, хіба для сябе. І тых слынных майстроў, якія шылі “брэндавыя” кажухі, што насіліся ці не па сто гадоў, ужо няма. Але мне казалі: калі б зноў узнік “кажушны бум”, то палова Моталя ўзялася б за справу. “Я і сама ўмею кажухі вырабляць!” – прызналася субяседніца.
Што да ганчарства, то яно цяпер у “жывым” выглядзе ў Моталі ўжо не існуе. Некаму шкада, але гэта і ёсць дыялектыка жыцця. Як вядома, народныя рамёствы тады жывуць і квітнеюць, калі прадукцыя майстроў запатрабаваная. Больш пашанцавала ткацтву, якое і цяпер сілкуецца народнымі традыцыямі. Напрыклад, вяселлі і ў наш час на Палессі – заўсёды з тканымі ручнікамі ды абрусамі. “Аднойчы я запытала ў паважанай ткачыхі бабы Полюшкі: “Навошта ткаць аднолькавыя канцы ў ручніках?” – згадала Вольга Рыгораўна. – Жанчына адказала: “Ручнік – гэта сімвал нашага жыцця: першы канец – нараджэнне, а яго даўжыня – жыццё… Мы павінны дайсці да другога канца такімі ж чыстымі, як нарадзіліся. Таму і канцы аднолькавыя”.
У часы каралевы Боны з’язджаліся ў Моталь розныя майстры з Італіі. Былі сярод іх і адмысловыя ткачы. Нашчадкаў тых майстроў так і клічуць: Ткачы. “Прапраўнучка аднаго з іх, можа, у дзясятым калене, неяк прынесла мне фрагмент абруса, які ткаў на шырокім варштаце яе далёкі прадзед у паноў, – успамінае Вольга Мацукевіч. – Уявіце сабе: абрус шырынёй амаль у два метры, даўжыня яшчэ большая. Майстра працаваў, седзячы на лаве… з калясачкай: укіне чаўнок, адпіхнецца і хуценька пераедзе на другі бок, каб схапіць там чаўнок. Сучасныя ткачыхі круцілі-круцілі лапік, ды так і не даўмеліся: як можна было выткаць такія адмысловыя ўзоры!”
Мабыць, у часы каралевы Боны італьянскія майстры паспрыялі нараджэнню ў Моталі яшчэ аднаго рамяства: разьбы па дрэве. Сведчаннем таму і крыху змененыя італьянскія прозвішчы. У адной царкве захаваўся разны драўляны іканастас з подпісам: “Рабілі майстры з Моталя – Кузюры”. Прозвішча яўна нетутэйшае. Майстэрства італьянцаў “упала” ў добрую глебу, удала злілося з уменнямі палешукоў ды паспрыяла росквіту мясцовых рамёстваў.
Калі музей ствараўся, былі меркаванні: маўляў, каму ён будзе тут патрэбны? Хто паедзе ў глыбінку? Цяпер у мястэчка кіруюцца турысты з усіх куткоў Беларусі, з замежжа, і вочы ў іх блішчаць ад задавальнення і атрыманых уражанняў! Асабліва шмат гасцей у мястэчку пад час міжнародных фэстаў “Мотальскія прысмакі”. Так што зробленае ў Моталі – застанецца на стагоддзі.

Раіса Марчук

На здымку:
Новы імпульс для развіцця народных рамёстваў дае фэст “Мотальскія прысмакі”
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter