Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Адметны поспех на творчым шляху народнага ансамбля беларускай песні з Тальяці

Зорная вышыня “Купалінкі”

Перад самым Новым годам у рэдакцыю напісала кіраўніца суполкі “Нёман” з Тальяці Людміла Дзёміна: “Вось і дачакаліся вынікаў конкурсу. Мы першыя! Ура!!! Выйшлі на вельмі высокі ўзровень, і спаборнічалі на роўных з прафесіяналамі. У конкурсе “Арфей” было 500 удзельнікаў-салістаў і 314 калектываў з усёй Самарскай вобласці. Вядома ж, канкурэнцыя — вельмі вялікая. А наш гурт “Купалінка”, хоць і народны, ды ўсё ж аматарскі. Побач артысты з кансерваторыі, музвучылішча, Інстытута культуры Самары... Для “Купалінкі” перамога — проста зорная вышыня!”

Артысткі гурта “Купалінка”, якія выступалі на конкурсе “Арфей”

Віншуем, сябры! Прыгожым атрымаўся ў вас гэткі “Пераможны карагод-2017”. На пругкай хвалі папярэдніх поспехаў (вясновае прысваенне ансамблю беларускай песні “Купалiнка” звання народны, удзел яго ўлетку ў Міжнародным фэсце “Вянок дружбы” ў Бабруйску, восеньскі дыплом І ступені салісткі Алены Марозавай на першым Міжнародным конкурсе-фестывалі “Великая Душа России”...) выхаванцам Людмілы Дзёмінай проста сам лёс наканаваў у зімовую пару ўзысці на вяршыню “Арфея”. А гэта, пісала нам зямлячка, быў Першы рэгіянальны конкурс музыкантаў-выканаўцаў, які праходзіў 16-17 снежня ў Тальяці, у Паволжскім праваслаўным інстытуце імя Свяціцеля Алексія, мітрапаліта Маскоўскага. Юныя музыканты выконвалі пад час конкурсу творы на розных інструментах: скрыпцы, домры, фартэпіяна. Выступалі таксама салісты, ансамблі, цэлыя хоры. Гэта былі пераважна выхаванцы дзіцячых школ мастацтваў, музычных школ, мясцовай кансерваторыі, паўдзельнічалі юныя таленты з Стаўрапольскага раёна Самарскай вобласці, артысты з Высялкоўскай дзіцячай школы мастацтваў. “Проста россыпы таленавітых дзяцей і падлеткаў! — піша Людміла Дзёміна. — А з 314 творчых калектываў і выканаўцаў быў толькі адзін такі наш: народны ансамбль беларускай песні “Купалiнка”. Самадзейны, да таго ж беларускі. Усе іншыя — гэта, можна сказаць, прафесійныя калектывы. Наш ансамбль выканаў дзве песні: “Журавы” і “Лявонiха”. Выступілі — здорава! І яшчэ раз даказалі сабе ды іншым: “Купалінка” вартая таго, каб выступаць на вялікіх сцэнах, быць у цэнтры грамадскай увагі!”.

Людміла Дзёміна і яе выхаванцы

Чым важныя такія перамогі ў фестывалях, конкурсах? Не сакрэт: усім нам даводзіцца сцвярджаць сябе ў гэтым свеце. І часам меркаванні наконт нашых вартасцяў, талентаў бываюць... не прафесійныя, суб’ектыўныя, скажам так. У плоскасці: падабаецца — не падабаецца. На гэты ж раз высокі мастацкі ўзровень “Купалінкі” прызналі прафесіяналы. І ўнізе на двух дыпломах, сканы якіх даслала Людміла Дзёміна (адзін атрымала “Купалінка”, другі — сама яна: мастацкая кіраўніца гурта ўшанавана “За высокае педагагічнае майстэрства”) стаіць па сем салідных подпісаў членаў журы, у тым ліку заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі, прафесара Яўгена Прасолава, чатырох лаўрэатаў міжнародных конкурсаў... Вось годны адказ тым, хто пакуль не зразумеў, якога высокага ўзроўню самадзейнасць мае беларуская суполка Тальяці. Па сутнасці, гэта ж і важная перамога самой беларускай культуры, суполкі “Нёман” на берагах вялікай рускай Волгі-ракі.

Заключны канцэрт конкурсу “Арфей” прайшоў 28 снежня ў вялікай актавай аўдыторыі Паволжскага праваслаўнага інстытута. Там жа пераможцы атрымалі ўзнагароды, а лаўрэаты прадставілі свае канцэртныя нумары. І мы разам з актывістамі суполкі “Нёман”, удзельнікамі вядомых творчых гуртоў “Купалінка” і “Зорачкі” падзяляем вялікую радасць ад значных творчых перамог.

Лета-2017. Госці з Тальяці гуляюць па Мінску

А цяпер давайце паглядзім на мінулагодні Міжнародны фэст “Вянок дружбы” ў Бабруйску вачыма яго ўдзельнікаў з Тальяці. Па нашай просьбе невялічкае апытанне правяла Людміла Дзёміна.

Інэса Лапарова, хормайстар гурта “Купалінка”:

— У Беларусі я была ўпершыню. Вельмі ўражана: столькі адкрытасці, дабрыні пабачыла ў братняй краіне! Нам пашчасціла паўдзельнічаць у фэсце, які яднае людзей з розных кантынентаў. Дзякуй арганізатарам за выдатнае, яркае свята, за гасціннасць. Вельмі цёпла і гасцінна сустракалі нашу “Купалiнку” жыхары аграгарадка Кавалі, хлебам-соллю віталі гасцей на мясцовай ЦЭЦ: нам яшчэ там падарылі сімвал горада — цудоўнага саламянага Бабра.

Найбольш запомнілася, уразіла нас адкрыццё фэсту. Мы змаглі сустрэцца з артыстамі з розных краін, паглядзець іх на сцэне, пазнаёміцца з каларытам, асаблівасцямі этнакультур. Панавала ўсюды атмасфера добразычлівасці, адкрытасці. Нашы артысты знайшлі сяброў з розных краін, і я ўпэўнена: сяброўства тое — не мімалётнае, і мы яшчэ сустрэнемся на незабыўным, грандыёзным свяце творчасці, радасці.

Дар’я Папова, удзельніца гурта:

— На фэсце “Вянок дружбы” сустрэла шмат выдатных людзей з розных краін, усе — адкрытыя і вясёлыя. Мы з імі фатаграфаваліся. Помняцца выступленні, калектывы. Калі стаялі за кулісамі, было лёгкае і прыемнае хваляванне. Як выйшлі на сцэну, адчулі: якая ж адказнасць — выступаць у іншай краіне, перад вельмі вялікай залай. Нам гучна апладзіравалі, гэта было прыемна. Тыя эмоцыі не перадаць словамі! Калі будзе магчымасць, то абавязкова паеду яшчэ на “Вянок дружбы”. Нас у Беларусі й на іншых пляцоўках вельмі цёпла сустракалі. Мы паказвалі вынік (мяркую, ён выдатны!) паўгадавой працы. Імкнуліся данесці хараство беларускіх песень, якія спявалі. Вялікі дзякуй нашым старэйшым сябрам, Інэсе Аляксандраўне і Людміле Іванаўне: яны заўсёды нас падтрымліваюць, ва ўсім дапамагаюць.

Мы потым шмат гулялі па Мінску, ездзілі ў Мірскі замак, Хатынь, Нясвіж. Запомніўся Мірскі замак: там усё зроблена пад старыну, і гэта захапляе! Нават не думала, што ў старажытнасці ёсць такая прыгажосць. Накуплялі сувеніраў для родных, блізкіх. Пабывалі на агляднай пляцоўцы Нацыянальнай бібліятэкі, у Музеі Вялікай Айчыннай вайны... Паездка вельмі ўразіла, была цудоўнай, запамінальнай!

Ірына Сычова, удзельніца гурта:

— Перад тым, як паехаць у Беларусь, у нас было з паўгода нялёгкай, сістэмнай працы. Радуе, што працавалі нездарма, чаканні нашы ад паездкі апраўдаліся, і нават больш! Нам, вядома ж, Людміла Іванаўна расказвала пра свой родны Бабруйск, пра фэст, але ж, як кажуць, лепш адзін раз убачыць. Фэст “Вянок дружбы” — гэта нешта грандыёзнае, неверагоднае! З першых рэпетыцый пачала я знаёміцца з замежнікамі, размаўляць — цікава! У першы дзень “Купалiнка” выступіла ў аграгарадку Кавалі разам з вельмі экзатычнымі ўдзельнікамі: ажно з Мексікі. А пад час адкрыцця фестывалю я змагла, выйшаўшы на сцэну, адчуць дружалюбную энергію людзей, іх захапленне ад нашага выступу. Здавалася, у мяне крылы за спіной! І ў вачах сяброў па гурце я бачыла натхненне, жаданне данесці прыгажосць і сэнс песні.

Мне помніцца ўтульнае кафэ, дзе нас кармілі тры разы на дзень, і вельмі смачна. І хоць трацілі мы шмат энергіі, але стомы не адчувалі. Згадваю плошчу Леніна, дзе прайшло шэсце калектываў з 26 краін. Вакол нас — дэлегацыі з Нарвегіі, Сербіі, Украіны... Былі прыемныя хвіліны зносін з рознымі людзьмі. У той жа дзень мы выступілі першымі, прычым — зноў шмат было новых уражанняў.

А якое незабыўнае атрымалася закрыццё фестывалю! Пасля бліскучых выступаў мы ўсе танцавалі вальс, ён паяднаў народы і краіны. Пры расставанні я падарыла некаторым артыстам з Італіі, Польшчы, Калумбіі памятныя сувеніры. Як яны радаваліся, як дзякавалі! Усе былі на пазітыве, адусюль чулася: “Я люблю Беларусь!”. Усе тыя цудоўныя людзі, мелодыі, рытмы, фарбы жывуць у маім сэрцы. Мару яшчэ прыехаць у Бабруйск: на “Вянок дружбы”-2019.

Максім Ямшчыкоў, удзельнік гурта:

— Я ўпершыню быў у Беларусі, упершыню выступаў на міжнародным фестывалі. Там было здорава, панавала вельмі станоўчая, невымоўна прыемная энергетыка. І колькасць краін-удзельніц уразіла. Усюды — добрыя ўсмешкі, адкрытасць, гасціннасць: і ў гатэлі па вуліцы Куйбышава, 51, і ў кафэ “Глорыя”, а таксама на рэпетыцыях, выязных канцэртах, на святочным шэсці.

Нават дожджык, які здараўся, не мог сапсаваць святочную атмасферу. І Бабруйск помніцца: чысты, прыгожы і ўтульны. Мінск таксама спадабаўся — хоць і сталіца, але было нам там спакойна і мірна. З экскурсій найбольш запомніліся Хатынь і Курган славы, Нацыянальная бібліятэка, Музеі Вялікай Айчыннай вайны.

Як добра, што ёсць такі горад Бабруйск, а ў ім — выдатны фестываль “Вянок дружбы”!

Голас Радзімы № 2 (3554), чацвер, 11 студзеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter