Вялікі традыцыйны фэст годна завяршыў шэраг восеньскіх святаў Новасібірскага цэнтра беларускай культуры

Зноў запрашае Лявоніха

Вялікі традыцыйны фэст годна завяршыў шэраг восеньскіх святаў Новасібірскага цэнтра беларускай культуры

Фэст “У гасцях у Лявоніхі” вандруе па розных раёнах Новасібірскай вобласці, што пашырае і паднаўляе аўдыторыю гледачоў. Сёлета свята ўпершыню ладзілася ў сяле Крываданаўка Новасібірскага раёна, і вяскоўцы ўпершыню далучаліся да беларускай народнай творчасці.

Вось такія хвацкія хлопцы былі ў гасцях у Лявоніхі
Вось такія хвацкія хлопцы былі ў гасцях у Лявоніхі

Да пачатку канцэрту можна было палюбавацца на выставе вырабамі мясцовых майстроў. Былі там хатнічкі, званочкі ды іншыя абярэгі-засцярогі для жытла, прыгожыя вырабы з бяросты, размалёўкі па тканіне з рускім ды беларускім арнаментамі, матрошкі ды традыцыйныя лялькі з тканіны, а таксама шыццё з яе шматкоў, вязаныя вырабы. Як заўсёды, цікавыя работы прадставіла студыя “Плетение” Ардынскага раёна: экспазіцыю вырабаў з саломкі ўпрыгожваў самавар з наборам для гарбаты.

Адметныя нумары паказвалі на сцэне самадзейныя артысты. Выступалі як вядомыя ўжо гурты  “Сибирский узор” Мошкаўскага і “Чапурушка” Кочанеўскага раёнаў, так і дзіцячыя калектывы з Верх-Тулы: ансамблі танца “Сибирская мозаика” і “Верхтулинка”. Танцавальная група “Молодцы” паказала сапраўдныя гарэзлівыя забавы. Упершыню ўдзельнічалі ў свяце фальклорны гурт “Урманочка” з Убінскага раёна і Галіна Шкарына, салістка з Куйбышаўскага раёна. Своеасаблівы каларыт прыўнёс народны фальклорны ансамбль “Красота”, што таксама ўпершыню ўдзельнічаў у свяце. 

Запрошаны на свята саветнік, кіраўнік аддзялення Пасольства Беларусі ў Новасібірску Сяргей Пяткоў шчыра падзякаваў арганізатарам і ўдзельнікам за магчымасць далёка ад Радзімы пачуць родную беларускую мову, на якой гучала большасць песень, акунуцца ў добразычлівую атмасферу свята.

Назва свята беларускай культуры “У гасцях у Лявоніхі” інтрыгуе, а заадно і патрабуе, каб на сцэне былі Лявон з Лявоніхай, вясёлыя персанажы беларускага фальклору. Гэтым разам сцэнар быў зменены, і разам з вядучай, салісткай Новасібірскага цэнтра беларускай культуры Анастасіяй Трубянковай на сцэне гаспадарыла таксама малая Лявоніха — сямігадовая Сонечка. І са сваёй роляй дзяўчынка спраўлялася нядрэнна, задаўшы тон святу прывітаннем па-беларуску: “На зямлі нашай шчодрай, працавітай зямлі/ Мы вас шчыра вітаем, дарагія сябры!”. Засталося знайсці для Сонечкі такога ж малога гаспадарыка. Бо, як казала вядучая свята, толькі моладзь зможа несці далей “агонь беларускасці”. Ён жа нікога не сагрэе і нікому не пасвеціць, калі будзе страчана ўдалечыні ад Бацькаўшчыны мова беларуская — аснова культуры, душа нашага народа. Калі ж дзеці ведаюць мову, песні сваіх бацькоў і дзядоў, іх традыцыі, далучаюцца да народнай творчасці, удзельнічаюць у народных святах і абрадах — у такога народа і ў такіх беларускіх суполак у замежжы ёсць будучыня. А пачынаецца ўсё з цікавасці да гісторыі і культуры Бацькаўшчыны, з такіх простых, але непаўторных і адметных беларускіх словаў.

Людміла Бяляўская, Новасібірскі цэнтр беларускай культуры
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter