
— Змагацца з зімовай слізкасцю можна трыма спосабамі: хімічным, фрыкцыйным і хіміка-фрыкцыйным, — намеснік генеральнага дырэктара па ўтрыманні аб'ектаў добраўпарадкавання «Гаррамаўтадар» Алег Лукашэнка тлумачыць тэхнічныя тэрміны, каб было зразумела кожнаму. — У першым выпадку соль выкарыстоўваецца ў чыстым выглядзе. Гэты спосаб часцей прымяняем на магістральных і цэнтральных вуліцах. Калі на дарожным палатне ўтварыўся снежна-ледзяны накат, які небяспечны тым, што пагаршае счэпныя ўласцівасці колаў з асфальтам, то справіцца з ім можна фрыкцыйным метадам. Аднак самы распаўсюджаны спосаб — хіміка-фрыкцыйны. Ён заснаваны на прымяненні пясчана-саляной сумесі.
Для апрацоўкі дарог нарыхтавана 38 тысяч тон пясчана-саляной сумесі і 7,4 тысячы тон галіту, што складае 100 працэнтаў ад ёмістасці складоў. Сёння гэта самыя эфектыўныя матэрыялы для барацьбы з зімовай слізкасцю. Па словах Алега Лукашэнкі, запасы процігалалёднага матэрыялу будуць папаўняцца па меры іх расходавання.

Вытворчасцю пясчана-саляных сумесей займаецца «Макрадор». Аператар прадпрыемства за пультам кіравання кантралюе работу спецустаноўкі, якая перамешвае галіт маркі А і пясок. У чыстым выглядзе соль эфектыўная пры тэмпературы да мінус 15 градусаў, затым яе плавільныя ўласцівасці пагаршаюцца. Таму для паляпшэння счаплення колаў з дарогай у яе дадаюць пясок. Інгрэдыенты змешваюцца ў прапорцыі адзін да аднаго. Для такіх процігалалёдных сумесей гэта аптымальныя суадносіны кошту і якасці.
Пагрузчык каўшом насыпае галіт і пясок у тры варонкі. Адтуль рэчывы пластамі высыпаюцца на канвеер: слой пяску, слой галіту і зноў слой пяску. Для ачысткі ад смецця і камянёў сумесь праганяюць праз сіта. Прадукцыйнасць устаноўкі — каля 80 тон у гадзіну. Прасеяныя і дасканала змешаныя рэагенты грузавікі развозяць па складах дарожных службаў Мінска. У склад сумесі таксама ўводзіцца спецыяльная дабаўка «Антызлежвальнік», яна перашкаджае перакрышталізацыі солі. У выніку соль можа захоўвацца некалькі сезонаў і пры гэтым заставацца сыпучай.
Пры падрыхтоўцы да барацьбы з галалёдзіцай спецыялісты ўлічвалі вопыт замежных калег. Аказалася, Германія і Польшча, напрыклад, выкарыстоўваюць той жа натрый хлорысты, як і мы. Англія і Францыя — хларыды. У адной са Скандынаўскіх краін пасыпалі гранітную крошку. Экалагічнасць такога метаду хоць і вышэйшая, аднак з надыходам вясны з талай вадой гранітная крошка трапляе ў ліўневую каналізацыю і можа засмеціць яе.
— Адначасова з традыцыйнымі рэагентамі на аснове натрыю хлорыстага некаторыя краіны выкарыстоўваюць вадкія сродкі... — заводжу гутарку пра яшчэ адзін від рэагентаў.
Алег Лукашэнка:
— Вадкі рэагент на аснове 28-працэнтнага раствору хлорыстага кальцыю выкарыстоўваўся для апрацоўкі маскоўскіх вуліц. Там умовы надвор'я шмат у чым падобныя да нашых. З плюсаў — у яго на 30—40 працэнтаў меншы расход, чым у натрыю хлорыстага, і ён эфектыўны пры вельмі нізкіх тэмпературах да мінус 35 градусаў. З мінусаў — тэрмін дзеяння такога рэагенту ўсяго тры гадзіны і ён раз'ядае кузавы аўтамабіляў, канструкцыі дарог, інжынерныя сеткі і, вядома, абутак пешаходаў. Прымяненне вадкіх рэагентаў не панацэя. З раставаннем лёду канцэнтрацыя раствору памяншаецца, уся гэтая маса замярзае, утвараючы «кашу».
Дарэчы, да працы ў зімовы перыяд на мінскіх вуліцах гатовыя 750 адзінак спецтэхнікі. Гэта камбінаваныя дарожныя машыны, трактар-шчоткі, самазвалы, снегапагрузчыкі, пескасолеразмеркавальнікі, шнэкаротарныя снегаачышчальнікі…
gorbatenko@sb.by
Фота Аляксандра СТАДУБА