Жанчыны Багдановiча, альбо Што мы не прачытаем на старонках яго iнтымнага дзённiка

Днi, што перажываем мы зараз, так i хочацца назваць багдановiцкiмi. Калi вiдаць, як цiха “плача восень, зямлю пакiдаючы”, у небе месяца праглядвае бледны рог, увесь змрок, здаецца, напоўнены жыццём... Гэта Максiму Багдановiчу, 115-годдзе з дня нараджэння якога мы святкуем у гэтыя днi, патрэбна было з’явiцца на свет у такi рамантычны час, каб потым навучыць усiх нас бачыць незвычайнае ў звыклых, простых рэчах, чытаць красу роднай прыроды, захапляцца кожным iмгненнем жыцця.

 Калi бярэш у рукi томiк вершаў паэта, прырастаеш да беларускага слова назаўсёды. У яго творах i шчырыя прызнаннi ў любовi да роднай зямлi, i мары, i спадзяваннi... Многiя з нас ведаюць Багдановiча больш як вялiкага грамадзянiна, патрыёта сваёй Радзiмы. I мала хто гаворыць пра яго як пра чалавека, якому не былi чужымi простыя жаданнi — кахаць i быць каханым, мець дружную сям’ю. На жаль, Максiму лёсам было адмерана толькi 25 гадоў. Паэт ведаў пра сваю невылечную хваробу i, напэўна, таму так тонка адчуваў усе праявы жыцця, з удзячнасцю, “з прыродай злiўшыся душой”, успрымаў кожнае iмгненне.

“Счастье, ты вчера блеснуло мне несмело...”
З асаблiвай цеплынёй, шчырасцю, глыбокай задушэўнасцю гучыць яго iнтымная лiрыка.
Падчас вучобы ў Яраслаўскай мужчынскай гiмназii Максiм пасябраваў з братамi Мiхаiлам i Мiкалаем Какуевымi. I калi аднойчы завiтаў да iх у госцi, убачыў iх родную сястру Ганну i закахаўся ў яе. Гэта было ў 1910 годзе. Ганна стала для яго ідэалам высокай красы, жаноцкасцi, хараства. Лiчыцца, што пачуццi Максiма да Ганны былi самымi рамантычнымi i ўзнёслымi ў яго жыццi. Гэта ёй, як умоўна мяркуецца, прысвечаны раманс “Зорка Венера”, што стаў сапраўдным паэтычным шэдэўрам iнтымнай лiрыкi. Гэта ёй Багдановiч прысвячаў:

“Я вспоминаю Вас такой прекрасной,
стройной,
И тайно мне милы и голос Ваш, и смех,
И теплота руки, и взор очей спокойный,
И легкой шапочки морозный,
темный мех...”

Асабiста для яе Максiм планаваў напiсаць асобны зборнiк вершаў на рускай мове “Палын-трава”, але, на жаль, не давёў гэту справу да канца. Прыгожая, але горкая кветка палыну стала сiмвалам неўзаемнага пачуцця. Зразумець, чаму прыгожы дваццацiгадовы юнак не мог “растапiць” сэрца дзяўчыны, складана. “Мабыць, думкi аб невылечнай хваробе стрымлiвалi Максiма ў адносiнах з жанчынамi, рабiлi яго няўпэўненым у сабе, — гаворыць вядучы навуковы супрацоўнiк экскурсiйна-масавага аддзела Лiтаратурнага музея Максiма Багдановiча Марына Шыкавец. — Даведацца пра гэта цяпер вельмi складана. Максiм нiдзе падрабязна не апiсваў свае адносiны з прадстаўнiцамi супрацьлеглага полу. Ведаў, што яму наканавана кароткае жыццё, таму больш займаўся творчасцю. I да гэтай пары iснуюць легенды аб тым, што мы захоўваем iнтымны дзённiк паэта, але нiкому яго не паказваем. На самай справе пад цяжарам часоў дзённiк стаў не чытаемы. А калi i можна разабраць хаця б некалькi слоў, то ўсё роўна застаецца загадкай, каму яны былi прысвечаны”.
Ганне Какуевай паэт прысвяцiў цыкл вершаў “Мадонны”, якi з’явiўся пасля паездкi на радзiму ў вёску Ракуцёўшчына. Багдановiч знайшоў рысы “якойсь шырокай, радзiмай красы” ў воблiку вясковай васьмiгадовай дзяўчынкi (“У вёсцы). А гераiня яго вершаванага апавядання “Веранiка”, асаблiва пасля ўвасаблення верша ў музыцы Iгарам Лучанком i ў вакале — “Песнярамi”, стала сiмвалам чысцiнi i высокага кахання.

“Хвалююць сэрца нам дзявочыя пастацi...”
Крыкам душы даносяцца радкi з верша “Цемень”, прысвечанага М.А.Кiцiцынай, з якой Максiм пазнаёмiўся ў Ялце ў 1909 годзе:

“Я сяджу без агню. Я стамiўся, прамок.
Над зямлёю — iмгла, у душы маёй
змрок.
О, як пуста ў ёй! О, як холадна жыць!
Але вось цераз цемень маланка
блiшчыць,
Асвячае мне вобраз Хрыста... яго
крыж...
Ажываеш, здаецца, душою гарыш”.

Дагэтуль застаецца невядомым, наколькi блiзкiя былi адносiны памiж паэтам i спадарыняй М.А. Не захавалася i яе фотаздымкаў.
Сярод сябровак Максiма вядома i такое iмя — Клаўдзiя Салтыкова. Яны пазнаёмiлiся ў 1915 годзе, калi прыехалi падлячыцца ў Крым. Яна таксама была невылечна хворая. Раз’ехаўшыся, доўгi час перапiсвалiся. Гэта ёй паэт напiша:

“Забудется многое, Клава,
Но буду я помнить всегда,
Как в сердце шипела отрава
Любви, и тоски, и стыда, —
Тебя в темно-синем платочке
И песню, что пела мне ты:
Прошли золотые денечки,
Осталися только мечты”.

А.Д.Цiтоў у сваiх успамiнах пiсаў: “Iншы раз, у хвiлiны шчырасцi, Максiм Адамавiч дзялiўся са мной сваiмi сардэчнымi тайнамi. Ён расказаў мне аб сваiм захапленнi жанчынай. Знаходзячыся на поўднi, ён сустрэў даму i пакахаў яе, але, на жаль, расказваў ён, гэта каханне прынесла яму вялiкi смутак, i, магчыма, што адбiлася на здароўi, яна была замужняя, i яны не маглi з ёй жыць разам”.
Вельмi добра Максiм Багдановiч ставiўся да сваёй стрыечнай сястры Ганны Гапановiч. У знак сваёй павагi ён падараваў ёй зборнiк “Вянок”. Але яна не змагла яго ацанiць, бо не ведала беларускай мовы. Тады ён дзеля яе пераклаў дваццаць сваiх вершаў на рускую мову i аб’яднаў iх назвай “Зеленя”, а эпiграф даў такi: “Переводы стихов — словно женщины: если красивы, то неверны; а если верны, то некрасивы”.
“Цiха iдзеш ты, у нетрах дзiцёнка хадою калышаш,
Цёмнай i цёплай яму служыш калыскай цяпер”.
Яшчэ адным жаночым вобразам у творчасцi Максiма Багдановiча стала другая жонка яго бацькi — Аляксандра Паўлаўна Волжына. Яна паходзiла з сям’i дваран, выйшла замуж за Адама Багдановiча, калi ёй было дзевятнаццаць. Ёй, хоць i слабай здароўем, як i любой жанчыне, хацелася стаць мацi, але для яе гэта абярнулася трагедыяй. Нарадзiўшы сына, яна памерла. Даследчыкi сцвярджаюць, што яе смерць вельмi ўразiла васьмiгадовага Максiма. Тое, што жанчына, рызыкуючы сваiм здароўем, давала жыццё новаму чалавеку, Максiм потым расцэнiць не iнакш як подзвiг. А пасля прысвецiць цяжарным жанчынам цэлую нiзку вершаў “Каханне i смерць”. Ёсць там i трагiчныя, сумныя ноты:

“Белы крыж, плiта, пад ёй — магiла;
Мiлым кветам ружа зацвiла.
Тут калiсьцi ты, мой друг, спачыла, —
Спарадзiла ў муках i лягла”.

Але можна сярод iх знайсцi i пранiкнёныя, поўныя радасцi вершы, у якiх вельмi тонка перадаецца настрой жанчыны, што рыхтуецца стаць мацi. Штуршком да iх напiсання паслужыла таксама знаёмства — з Марыяй Iванаўнай Сапожнiкавай, жонкай аднаго з яраслаўскiх сяброў паэта. Максiм пытаўся ў яе, што яна адчувае, а яна расказвала яму. Пасля iх размовы ў яраслаўскай газеце “Голос” з’явiўся верш Кацярыны Февралёвай “Осенью”:

“Ветер гонит желтых листьев стаю,
Коля смотрит и сосет свой пальчик.
Я сижу над теплой чашкой чаю,
По чаинкам тоненьким гадаю —
Девочка родится или мальчик.
Не узнать — и бог с ним, не досада,
Все равно, как ни гадай, — ребенок.
И в душе я милой мысли рада,
Что, пожалуй, нынче будет надо
Загодя порыться меж пеленок”.

Калi б былы супрацоўнiк “Голоса”, якому вельмi спадабаўся гэты верш, не спытаўся незнарок у Максiма Багдановiча, хто яго аўтар, мы б і да гэтай пары не ведалi, што напiсаў яго Максiм Адамавiч.
У каментарыi да гэтага верша прыводзяцца ўспамiны А.Д.Цiтова: “— Гэта напiсаў я, — адказаў Максiм Адамавiч i дадаў: — Я вельмi люблю бачыць цяжарную жанчыну i заўсёды з глыбокай пашанай гляджу на тую жанчыну, якая рыхтуецца прынесцi на свет будучага члена грамадства — чалавека. Сапраўды, яна ажыццяўляе найвялiкшае прызначэнне жанчыны”.
на хвiлiну можа падацца, што вершы з цыкла “Каханне i смерць” напiсала жанчына.

“Як хораша, калi дзiцё
Пад сэрцам цiха зварухнецца,
I ўраз па целу разлiецца
Яшчэ нязвычнае чуццё.
Душа — у салодкiм палусне,
I кажуць знакi чалавечка:
“Я пценчык, ты — маё гняздзечка,
Не руш, не руш, не руш мяне!”

Максiм Багдановiч, усiмi струнамi сваёй душы пранiкшыся Цудам з’яўлення новага чалавека на свет, сам вельмi хацеў мець сваiх дзяцей. На жаль, Максiму Адамавiчу не пашчасцiла сустрэць у сваiм жыццi тую адзiную, якая падаравала б яму “маленькую дачушку — немаўляшку, Аню Максiмаўну”. А затое вершы яго i сёння гучаць як Гiмны Жанчыне-Мацi i заўсёды будуць паказваць нам, “як цiха ў небе зоркi расцвiлi”.


 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter