Запрашаем на вяселле

Ужо 35 гадоў «Неруш» даследуе вясельныя абрады беларусаў

Ужо 35 гадоў фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Неруш» Белдзяржунiверсiтэта працягвае цыкл даследаванняў вясельнай абраднасці беларусаў, якія адлюстроўваюць нястомнае жаданне старэйшага пакалення аб’яднаць маладых людзей у адну надзвычай цікавую грамадскую суполку — сям’ю.

Багацейшая вусная і песенная творчасць народа натхніла гэты заслужаны аматарскі калектыў на стварэнне шматлікіх цікавых культурных праектаў. І гэта святочная падзея не стала выключэннем. Удзельнікі калектыву «Неруш» стварылі абрадава-песеннае прадстаўленне на аснове вясельнай традыцыі беларусаў, куды ўвайшлі такія фальклорныя праграмы, як «Вяселле», «Неруш жыцця чалавечага», «Вяселле ў Стараселлі», «Каравай», «Беларускае вяселле». І вось зараз надышоў час новай праграмы — «Вяселле ў Стараселлі-2». Паглядзець яе артысты запрашаюць у Дом ветэранаў. У гэтым праекце раскрываюцца традыцыі беларускага вяселля цэнтральнай і паўднёвай Беларусі. Захаванне рэгіянальных адметнасцей спеваў надае каларыт і сваю непаўторнасць праграме. Адштурхоўваючыся ад народнага жыцця, удзельнікі ансамбля стварылі надзвычай каларытныя вобразы двух радаводаў. Нораў, паводзіны, характар сямейных традыцый яскрава прагледжваюцца ў спеўных сюжэтах песень, што ўвайшлі ў праграму. Не стала выключэннем і танцавальная традыцыя вяселля, дзе спалучыліся народна-бытавыя танцы, жарты, гульні, прыказкі.

Паводле слоў кіраўніка ансамбля «Неруш» заслужанага дзеяча культуры Валянціны Гладкай, у кожнай народнай песні падкрэсліваюцца і адлюстроўваюцца філасофія народнага жыцця, яго побыт і пачуцці, меркаванні і перажыванні. Народная песня — гэта і ёсць жыццё беларускага народа.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
3.13
Загрузка...
Новости