З Палеха — з хрысціянскай любоўю

Іканапісцы са знакамітага расійскага сяла працуюць у храме Усіх Святых у МінскуЗавяршаюцца работы ў адной з частак храма Усіх Святых, які будуецца непадалёк ад Маскоўскіх могілак у Мінску. Распісаць ды ўладкаваць яго даверылі майстрам-іканапісцам з вёскі Палех, што ў Іванаўскай вобласці Расіі. Незадоўга да Калядаў мне ўдалося пабываць у майстэрні “Палехскі іканастас” і пабачыць, як там працуюць над беларускім заказам расійскія майстры.
Майстры з Палеха манціруюць іканастас у мінскім храме Усіх святыхІканапісцы са знакамітага расійскага сяла працуюць у храме Усіх Святых у Мінску

Завяршаюцца работы ў адной з частак храма Усіх Святых, які будуецца непадалёк ад Маскоўскіх могілак у Мінску. Распісаць ды ўладкаваць яго даверылі майстрам-іканапісцам з вёскі Палех, што ў Іванаўскай вобласці Расіі. Незадоўга да Калядаў мне ўдалося пабываць у майстэрні “Палехскі іканастас” і пабачыць, як там працуюць над беларускім заказам расійскія майстры.
Прызнацца, для мяне было нечаканасцю, калі пачула, што ў знакамітай старажытнай вёсцы пішуць іконы. Для большасці ж аматараў мастацтва Палех асацыяваўся выключна з лакавай мініяцюрай: гэткія чароўныя па сваёй прыгажосці скрыначкі, распісныя брошкі, пано. Між тым такая традыцыя “вырасла” менавіта з іканапісу.
Паводле паданняў, пісаць іконы ў Палеху пачалі яшчэ ў XIII стагоддзі: кажуць, ратуючыся ад татара-мангольскага нашэсця, суздальскія і ўладзімірскія манахі-іканапісцы збягалі тады ў дрымучыя лясы. У той глушы, выпаліўшы кавалак лесу, і збудавалі сяло, якое назвалі Палех — ад слова “паліць”. Тое месца з часам стала цэнтрам праваслаўнага мастацтва. Лікі святых, напісаныя палехскімі іканапісцамі тэмпернымі фарбамі, былі такія выразныя і эмацыйныя, што слава пра майстроў пайшла па ўсім свеце. Арцелі іканапісцаў даручалі самыя адказныя заказы па Русі: роспіс храмаў старажытнага Пскова, сабораў Троіца-Сергіевай лаўры, Гранавітай палаты Маскоўскага Крамля, Навадзевічага манастыра. Экскурсантам расказваюць: нават вялікі нямецкі паэт Гётэ на схіле гадоў марыў паехаць у Палех ды на свае вочы пабачыць, як сярод рускіх прастораў мастакі пішуць па дрэве іконы, якім маглі пазайздросціць і візантыйскія майстры.
Тыя даўнія традыцыі зберагліся па наш час, і нядзіўна, што роспіс і ўладкаванне важнай часткі адзінага ў Беларусі Храма-помніка Усіх Святых давераны палехскім майстрам. Храм узведзены ў мікрараёне Уручча на скрыжаванні вуліц Каліноўскага і Усіхсвяцкай. У 1991 годзе там быў усталяваны і асвечаны тагачасным патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Алексіем II закладны камень, пазней закладзена капсула з памятнай граматай-зваротам да нашчадкаў. У 2005-м пачалося актыўнае будаўніцтва. У храме будуць тры часткі. Адна з іх завершана ў 2010-м, там ідуць набажэнствы. Роспісам сцен, вырабам кіёта, ікон і нават лавак для вернікаў займаліся расійскія майстры. “Запрасіўшы майстроў з Палеха, мы хацелі паказаць іншыя традыцыі іканапісу, разьбы, каб і айчыннае мастацтва ўпрыгожвання храмаў атрымала новы штуршок для развіцця, — патлумачыў протаіерэй Фёдар Поўны, які сам мае мастацкую адукацыю. — Каб нашы майстры, мастакі-іканапісцы, разьбяры не ездзілі кудысьці ў пошуках узораў, а ўбачылі усё гэта тут, на нашай зямлі”.
Летась палехскія майстры пачалі добраўпарадкаванне часткі храма, прысвечанай іконе Багародзіцы “Утоли мои печали». Калі я разам з іншымі калегамі-журналістамі наведвала майстэрні ў Палеху, усе элементы іканастаса былі амаль гатовыя. Нават разьбяныя дэталі выкананы з чырвонага дрэва. Іконы, якія будуць устаўленыя ў іканастас, пакрыты золатам. Глядзіш на лікі святых — яны як жывыя. Вельмі прыгожа. Зрэшты, хутка тыя творы высокага мастацтва пабачаць усе, хто наведае храм.

Іна Ганчаровіч

На здымку:
Майстры з Палеха манціруюць іканастас у мінскім храме Усіх святых
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter