З надзеяй, верай і любоўю

Цудатворны абраз Маці Божай Тракельскай будзе каранаваны — з гэтай нагоды ў касцёле вёскі Тракелі чакаюць тысячы паломнікаў Штогод у касцёл Наведвання Маці Божай, што ў вёсцы Тракелі Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці, пакланіцца цудатворнаму абразу Маці Божай Тракельскай прыходзяць 10—15 тысяч паломнікаў з усіх куткоў Беларусі і суседніх дзяржаў. Мяркуецца, што сёлета іх колькасць падвоіцца — 5 ліпеня адбудзецца каранацыя абраза: пазалочаныя кароны, асвячоныя і благаслаўлёныя ў Ватыкане, прымацуюць да іконы ў знак падзякі за цуды, якія яна яўляе.

— Здаўна абраз Маці Божай Тракельскай з дзіцяткам Езусам на руках славіўся цудамі, — распавядае вікарый храма ксёндз Аляксандр Рудзевіч. — Пра гэта сведчаць шматлікія легенды і гісторыі, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Менавіта ў знак падзякі за цуды — шматлікія выратаванні, дапамогу і іншыя благадаці, што зыходзяць ад іконы, — над галовамі святых з’явіліся кароны. З цягам часу яны страцілі свой першапачатковы выгляд, таму былі зняты і адпраўлены на рэстаўрацыю. Праз месяц падчас каранацыі яны будуць прымацаваны да абраза (цяпер на іконе знаходзяцца часовыя кароны. — А.Г.).
Цудам можна лічыць ужо тое, што ікона ўцалела падчас пажараў, якія двойчы знішчалі касцёл амаль дашчэнту. У Тракелях вам раскажуць гісторыю пра выратаванне сляпой дзяўчынкі, якая стала бачыць пасля малітвы ля іконы, і пра тое, як з касцёла пайшла сваімі нагамі паралізаваная дзяўчына. І пра жанчыну, якая трынаццаць год не мела дзяцей, а пасля паломніцтва да цудатворнага абраза нарадзіла сына. Нядаўна яна прыязджала ў храм з гадавалым хлопчыкам і ў знак падзякі прычапіла ля іконы самаробнае сярэбранае сэрцайка.
Дароў за ўчыненыя цуды паломнікі пакідаюць шмат. За кожным — асобная, цудоўная гісторыя.
— Чакаем вялізную колькасць паломнікаў, — сказаў ксёндз Аляксандр. — Таму наводзім парадак на вуліцы і ўсёй прылягаючай да касцёла тэрыторыі, робім пляц для аўтатранспарту, палатачнага гарадка пілігрымаў, пункта меддапамогі, добраўпарадкоўваем тэрыторыю ля могілак. Вельмі разлічваем на дапамогу мясцовай і раённай улады, а таксама ўсіх добрых людзей.

З гісторыі


Час з’яўлення іконы невядомы. Ёсць некалькі гіпотэз. Першая — што яна існуе ў касцёле ад яго пачатку, з 1500 года. Другая — што намалявана і прывезена з Вільні напрыканцы XVI стагоддзя (1595).  Падчас першай рэстаўрацыі на абраз была дабаўлена выява Святога Казіміра, які моліцца Маці Божай. Звязана гэта з тым, што Папа Рымскі Клеменс VIII у 1602 годзе аб’явіў Казіміра святым. Другая рэстаўрацыя спатрэбілася пасля пажару падчас вайны са Швецыяй. І апошняя рэстаўрацыя адбылася ў 1991 годзе, працу выканалі спецыялісты з Варшавы.
Ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч у 1994 годзе аб’явіў касцёл у Тракелях санктуарыем Гродзенскай дыяцэзіі. Такім чынам, свята Маці Божай Тракельскай стала святам для ўсёй дыяцэзіі. Зроблены шаснаццаць копій цудатворнага абраза, якія адправіліся ў каталіцкія храмы вобласці.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter