Гульнёва-канцэртная праграма, якую падрыхтавалі беларусы Цюмені, уключала элементы розных славянскіх абрадаў

Зіму правялі, Вясну пагукалі

Гульнёва-канцэртная праграма, якую падрыхтавалі беларусы Цюмені, уключала элементы розных славянскіх абрадаў


У гульнёва-канцэртнай праграме ўдзельнічала шмат дзяцей

У Цюмені 13 сакавіка на дзіцячай пляцоўцы ля возера ў мікрараёне-вёсцы Пляханава ладзілася цікавая гульнёва-канцэртная праграма: святкавалі Масленіцу ды Вясну гукалі. Гэта быў праект розных грамадскіх сіл: Цюменскай абласной арганізацыі “Нацыянальна-культурнае таварыства “Аўтаномія Беларусь” (старшыня Марыя Піскун), актывістаў з сацыяльна-культурнага праекта “Моладзь у сям’і адзінай” (кіраўнік Вера Піскун) і Тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання мікрараёна Пляханава. Дарэчы, Альбіна Селязнёва, старшыня палаты Тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання горада Цюмені, аказала праекту і фінансавую падтрымку. Спачатку мы, беларусы, збіраліся Вясну гукаць. А паколькі ў Цюмені жывуць і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, то арганізатары вырашылі: аб’яднаем у адно свята беларускае Гуканне Вясны і славянскую Масленіцу.

Сцэнар быў такі, што госці свята нібыта пражылі ўвесь вясёлы Масленічны тыдзень разам — за адзін дзень. Вядучыя знаёмілі ўсіх з днямі Масленіцы, і кожнаму з іх былі прысвечаны свае тэматычныя гульні ды конкурсы. На імправізаванай сцэне радавалі ўсіх песнямі артысты народнага ансамбля беларускай песні “Лянок”, якім кіруе Клаўдзія Зуева. Уся вёска ім падпявала! Пад народныя песні, беларускія і рускія, ахвотна танцавалі дзеці, нават дарослыя ўдзельнічалі ў конкурсе на самы вясёлы танец.


Умеюць беларусы і весяліцца, і весяліць

Святочны шум час ад часу перакрывалі фанацкія крыкі: у спартыўным кутку пляцоўкі было горача. Там перацягвалі канат, скакалі ў мяшках, змагаліся сценка на сценку, кідалі дыскі на трапнасць. А як цікава прайшло шматнацыянальнае “Паляванне на дзіка”! Гэты маскарадны “звер” ставіў свята пад пагрозу, але дарослыя і дзеці прагналі яго снежкамі.

Мы ўрэшце спалілі галоўны сімвал Масленіцы — пудзіла-вобраз Зімы. І пасля ўжо знаёмілі гасцей з беларускім народным абрадам Гуканне Вясны. Усім дзеткам раздалі белых папяровых жаўранкаў ды расцягнулі белую прасціну. На хвіліну ў Пляханава стала ціха: усе загадвалі жаданні. Потым птушачак паклалі на прасціну, дружна падкінулі іх у неба з радаснымі крыкамі. Затым птушкамі ўпрыгожылі галінкі дрэў, а Юлія Чарапанава, начальніца аддзела беларускай культуры цюменьскага Палаца культуры “Будаўнік”, спявала абрадавую песню-вяснянку.

Пасля канцэртнай і абрадавай частак свята гасцей запрасілі да самавараў: мясцовая гаспадынька частавалі ўсіх блінамі, гарбатаю. Музыка, спевы, звонкі смех у вёсцы не змаўкалі амаль да вечара. А ў фінале быў шматнацыянальны карагод, у якім удзельнічалі рускія і беларусы, украінцы і татары, чувашы і казахі. Ну вось жа можам мы, прадстаўнікі розных народаў, жыць дружна!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter