27 лет Валентина Жидкевич разносит почту в родной Николаевщине Стобцовского района

З Мікалаеўшчынай назаўжды

27 гадоў Валянціна ЖЫДКЕВІЧ разносіць пошту ў роднай Мікалаеўшчыне Стаўбцоўскага раёна. Без сваёй вёскі не ўяўляе жыцця. Мне расказвае, што пасля школы паехала ў Мінск вучыцца, дык хапіла сялянскай дзяўчыны толькі на два тыдні. Клалася спаць і ўставала з аднымі думкамі — пра дом! «Мама, забяры мяне адсюль», — прасілася дачка. Напружваў моцна сталічны тэмп, дабіралася з інтэрната ў вучылішча праз увесь горад. Валянціна Сямёнаўна яшчэ тады, неапераным падлеткам, вырашыла — назаўсёды застанецца ў родных пенатах.

Фота аўтара

— Само па сабе, колькасць жыхароў і моладзі ў ранейшай і цяперашняй Мікалаеўшчыне не параўнаеш, сумка пухла ад пісем, газет: малеча чытала «Піянерскую праўду», «Зорку», падлеткі — «Чырвоную змену», а інтэлігенцыя нават чэргі заводзіла, каб выпісаць той жа часопіс «Полымя». У дастатку падобных альманахаў не было — выдзеляць адно-два на аддзяленне, і бывай!

Хоць аднасяльчан у разы паменшылася і надышоў час бесправадных тэхналогій, Валянціна Сямёнаўна не можа пахваліцца лёгкай сумкай. Як і раней, нясе актыўным падпісчыкам выданні, у тым ліку і з нашага выдавецкага дома «Беларусь сегодня».

— Спакон веку на вашы газеты падпісваюцца Васіль Шчурок, Вера Гумен, Віктар Шукала і многія іншыя. Мы прывыклі да сваіх вяскоўцаў, а яны — да нас, часта парады папросяць, каб падказалі ім, што лепш пачытаць. Мне па душы мая прафесія, восьмы год працую на пенсіі — гэта паказчык.

Пасля школы Валянціна Сямёнаўна загадвала фермай (яна завочна скончыла сельскагаспадарчы тэхнікум), а потым устроілася на пошту. У гаспадарцы шкадавалі добрую працаўніцу і заваблівалі назад, але з аддзяленнем сувязі яна не разлучылася і стала старанным аператарам.

— Помню, прыйшла на пошту мая першая настаўніца і нахвальвае мяне, пакуль яе разлічваю. Маўляў, у школе я не надта спрытна з матэматыкай спраўлялася, а тут так хораша атрымліваецца. Па жыцці не стамлюся паўтараць: усё прыходзіць з гадамі — вопыт, веды і, нарэшце, мудрасць.
А спрыту ў нагах і фізічнай загартоўкі Валянціне Жыдкевіч не зай­маць. У мінулым яна спартсменка, аб’ездзіла многія спаборніцтвы па лыжах і бегу. Спартсменаў, кажуць, былых не бывае. Напэўна, як і паштальёнаў...


basikirskaya@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter