В Житковичском районе знают, как обеспечить плодородие земли и благополучие

З караваем у поле

Вясновы абрад «Юраўскі карагод» — першы элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якому быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Адбылося гэта яшчэ ў 2004 годзе. А летась, праз пятнаццаць гадоў пасля знакавай падзеі, «Юраўскі карагод» быў уключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Відавочна, што абрад гэты ўнікальны. 

livingheritage.by 

Свята Юр’я, заступніка жывёлы і гаспадаркі, адзначаюць сёння ў многіх рэгіёнах Беларусі. Але «Юраўскі карагод» у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна мае свае асаблівасці і даўнія традыцыі. Да свята, паведамляе livingheritage.by, рыхтуюцца ўсёй вёскай. Прыбіраюць хаты і двары, выпякаюць і ўпрыгожваюць абрадавы каравай «карагод», рыхтуюць святочнае адзенне, а раніцай 6 мая ўсе разам выпраўляюцца ў поле, засеянае жытам. Наперадзе маладыя дзяўчаты нясуць вышыты ручнік, мужчыны — ікону, каравай, васьміканцовую зорку і зялёны фартух, прымацаваны на граблі, які пры выхадзе з поля будзе заменены на чырвоны. 

Пры падыходзе да поля большасць удзельнікаў спыняецца на ўскрайку. У цэнтр выходзяць мужчыны з караваем і іконай і жанчыны, якія спяваюць рытуальныя песні і водзяць карагоды. Дзеянні падчас абраду, вераць мясцовыя жыхары, дапамагаюць забяспечыць урадлівасць зямлі і дабрабыт. 

З поля ўдзельнікі «Юраўскага карагода» ідуць праз усю вёску, спяваючы песні і раздаючы кавалкі рытуальнага хлеба. За гэта аднавяскоўцы адорваюць іх яйкамі, печывам і іншымі пачастункамі. Гулянні, спевы і карагоды ў вёсцы працягваюцца да самага вечара. Сёння ў іх прымаюць удзел не толькі жыхары Пагоста, але і шматлікія госці. Улічваючы новы статус абраду, сёлета іх можа быць больш, чым звычайна. 

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter