З Калядамі! Пастырскi лiст на Адвэнт 2006 г.

1. Адвэнт — час радаснага чакання Божага Нараджэння
Святкаванню таямнiцаў Божага Нараджэння папярэднiчае перыяд падрыхтоўкi, якi мы называем “Адвэнт”. Гэтае слова ў старажытным Рыме азначала афiцыйны вiзiт, адведзiны дзяржаўнага саноўнiка пасля прыняцця пасады. У язычнiцтве гэтым жа словам называлi штогадовае прыбыццё боства ў святыню. У хрысцiянстве гэтым словам мы акрэслiваем прыйсце Хрыста да чалавецтва.
Адвэнт мае падвойны характар. Гэта час падрыхтоўкi да ўрачыстасцi Нараджэння Пана, калi ўспамiнаецца першае прыйсце Хрыста, а таксама час, калi мы скiроўваем нашыя думкi да прыйсця Хрыста на сканчэннi вякоў. Гэтыя дзве прычыны ўказваюць на Адвэнт як на час радаснага чакання. Таму перыяд Адвэнту падзяляецца на дзве часткi. Дзень 17 снежня з’яўляецца мяжой гэтага падзелу.
Пра важнасць Адвэнту сведчаць розныя набажэнствы i аздабленне святынi ў гэты перыяд. У нас традыцыйнаю адметнасцю Адвэнта з’яўляюцца святыя Iмшы, якiя называюцца “рараты”. Iх назва паходзiць ад першых словаў спеву на ўваход — “Rorate coeli” (“Крапiце, нябёсы, з вышыняў...”) (пар. Iс 45, 8). Рараты — гэта святая Iмша, якая традыцыйна цэлебруецца на свiтаннi ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыi. У шматлiкiх парафiях вялiкая колькасць дзяцей збiраецца на гэтай Эўхарыстыi — з лiхтарыкамi, зробленымi дома цi ў нядзельнай школцы. Неабходна падкрэслiць, што намаганнi душпастыраў падтрымлiваць гэтую традыцыю вельмi патрэбныя для рэлiгiйнага выхавання дзяцей i моладзi.

З цэлебрацыяй раратняй святой Iмшы звязана запальванне свечак. Раратняя свечка сiмвалiзуе Найсвяцейшую Панну Марыю — Дзяннiцу (Зорку Ранiшнюю), якая з’яўляецца “перад узыходам” Сонца — Езуса Хрыста. Ад раратняй свечкi мы адрознiваем дзве iншыя свечкi, такiя, як пасхал i грамнiчная.
У перыяд Адвэнту ў нашых касцёлах можам заўважыць змешчаныя на вянку 4 свечкi, якiя сiмвалiзуюць 4 нядзелi Адвэнту. Свечка, зялёны колер i форма (кола) вянка маюць сваё значэнне: святло праўды, надзея, жыццё i Бог. У цэласнасцi адвэнтавы вянок з’яўляецца вобразам супольнасцi, якая ў любовi i радасцi чакае свайго Пана.
Усе гэтыя адвэнтавыя сiмвалы павiнны нагадваць нам, што неабходна паклапацiцца пра тое, каб унутрана, духоўна падрыхтавацца да Божага Нараджэння. Адвэнт — гэта час незвычайнага дзеяння шчодрай ласкi. Гэта спазнала святая Тэрэза ад Дзiцятка Езуса. У сваiм дзённiку пад назвай “Гiсторыя адной душы” яна апiсвае вельмi цяжкое выпрабаванне, якое называе ласкай Божага Нараджэння. Яна пiша, як аднойчы пасля яе вяртання з пастэркi Езус дапусцiў, што з вуснаў свайго любiмага таты, якi называў яе сваёю прынцэсаю, яна пачула поўную раздражнення заўвагу. Словы бацькi лiтаральна наскрозь прабiлi яе сэрца. Але менавiта ў гэты момант яна атрымла ад Бога гэтую незвычайную ласку, дзякуючы якой змагла павесцi сябе так, нiбы нiчога не чула i замест таго, каб займацца сабою, пачаць прыносiць радасць iншым. Ласка перавярнула сiлу яе духа i праз дзесяць гадоў безвынiковай барацьбы з уласнай празмернай эмацыянальнай уражлiвасцю, ва ўзросце чатырнаццацi гадоў яна была ў адну хвiлiну ад яе вызвалена. Святая так пiша ў сваiм дзённiчку: “Мяне сапраўды ўсё засмучала, цяпер жа наадварот: добры Бог аказвае мне такую ласку, што нiводная часовая справа не саб’е мяне з ног. Калi падумаю пра тое, як было раней, то мяне ахоплiвае ўдзячнасць за тыя дабрадзействы, якiмi адарылi мяне Нябёсы; я настолькi змянiлася, што цяпер мяне проста не пазнаць”.
Варта падрыхтаваць сваю душу, каб мы таксама спазналi аздараўляльную моц ласкi ў перыяд Божага Нараджэння.
2. Новы касцёльны год прысвечаны iмкненню да святасцi
Касцёльны год, якi распачынаецца, прысвечаны iмкненню да святасцi. Мы павiнны нанава нагадаць сабе, што святасць, з’яднанне нашай волi з Божай Воляй, з’яўляецца мэтай нашага жыцця i крынiцай шчасця ўжо тут, на зямлi. Адвэнт, радасны час чакання нараджэння Езуса, указвае нам на адзiн са слупоў, на якiх трымаецца будынак нашай святасцi. Трапна сказала пра гэта святая Тэрэза з Лiзьё: “Езус не патрабуе вялiкiх учынкаў, але адзiна таго, каб мы даверылiся Яму i былi ўдзячнымi”. Сапраўдная радасць выяўляецца ва ўдзячнасцi. Хто ўдзячны, той бачыць дзеянне Бога ў сваiм жыццi, бачыць прысутнасць Бога ў сваёй штодзённасцi. Святасць развiваецца дзякуючы ўдзячнасцi. Нiхто з нас не можа палюбiць Бога, падпарадкаваць сваю волю Божай Волi, калi не ўбачыць Божай любовi да сябе. Удзячнасць — гэта стан душы, якая бачыць любоў Бога i дзякуючы гэтаму здольная адказаць любоўю на любоў. Святая Тэрэза адзначае, што “ўдзячнасць больш за ўсё прыцягвае ласкi Божыя; калi мы дзякуем за дабрадзействы, Бог узрушаны i спяшаецца даць нам дзесяць новых ласкаў, а калi мы працягваем дзякаваць з такой жа шчырасцю, то як жа нязмерна памнажаюцца ласкi!”.
У час Адвэнту мы можам адказаць на заклiк да святасцi, якi скiроўвае да нас Святы Айцец Бэнэдыкт XVI, iмкнучыся як найчасцей узбуджаць у душы акты ўдзячнасцi Богу. Быць можа, варта ў вячэрнiм рахунку сумлення задаць сабе пытанне: за што я сёння павiнен падзякаваць Богу, чым Бог асаблiва мяне адарыў? Дзякуючы гэтым намаганням Адвэнт можа стаць радасным часам не толькi тэарэтычна, але таксама ў штодзённым жыццi.
Святы Бонавэнтура перасцерагае нас, што калi мы не дзякуем Богу, то ў нашай душы з’яўляецца супрацьлегласць ўдзячнасцi, а менавiта — няўдзячнасць. А яна, паводле святога, з’яўляецца коранем усялякага зла, таму што нараджае ў душы пыху i самаўпэўненасць, перакананне (магчыма, падсвядомае) у тым, што мы ўсё заслужылi самi. Вельмi часта ў жыццi мы адчуваем вынiкi няўдзячнасцi. Гэта смутак, скаргi i прэтэнзii. Гэтыя пачуццi вельмi моцна ўскладняюць iмкненне да святасцi. Яны могуць паралiзаваць нашую волю i давесцi нас да незадаволенасцi i нават да азлобленасцi.
Удзячнасць жа чынiць так, што ўвесь навакольны свет мы можам пачаць успрымаць як атуляючыя нас абдымкi Любячай Прысутнасцi Бога. У святле веры мы можам убачыць на рэчах, якiя нас акружаюць, сцiплыя надпiсы: “Дар ад Пана Бога”, “Дар Любячай Прысутнасцi”. I не толькi на прадметах, якiя нам служаць, але таксама на падзеях, сiтуацыях, людзях. Па меры таго, як нашая ўдзячнасць будзе паглыбляцца, мы пачнём чуць, што ўвесь свет кажа пра Любоў. Бо ўсе Божыя дары, якiя нас акружаюць, шэпчуць, паўтараюць, усклiкаюць: “Я люблю цябе такiм, якi ты ёсць. Таму Я побач з табою, клапачуся пра цябе, даю табе ўсё, што табе неабходна кожны дзень”. Такое перажыванне свету дае нашай волi незвычайны дынамiзм да навяртання, iмкнення да святасцi. Святы Ян Багаслоў нагадвае нам пра тое, што мы любiм Бога, бо Ён першы нас палюбiў.
3. Эўхарыстыя — школа ўдзячнасцi
На сiмпозiуме, якi адбыўся ў Мiнску 25 лiстапада гэтага года i якi быў прысвечаны Слузе Божаму Яну Паўлу II, прэфект Кангрэгацыi каталiцкай адукацыi кардынал Грахалеўскi ў гамiлii ўказваў на розныя аспекты святой Iмшы ў вучэннi Вялiкага Папы. Мiж iншым кардынал нагадаў, што святая Iмша — гэта Эўхарыстыя, а значыць — падзяка. Можна сказаць, што яна з’яўляецца месцам узрастання ва ўдзячнасцi. Слуга Божы Ян Павел II называў удзячнасць менавiта “эўхарыстычным станам” (Mane nobiscum Domine, 26).
Ад усяго сэрца заахвочваю ўсiх, каб у гэты перыяд Адвэнту мы паклапацiлiся пра ўдзячнасць Богу i людзям, бо гэты стан духу будуе святасць у нашых душах. Будзем жа выкарыстоўваць тое, што дае нам традыцыя — раратнiя святыя Iмшы. Будзем старацца як мага часцей карыстацца гэтай Школай Удзячнасцi. Я вельмi спадзяюся, што калi мы будзем адказваць на гэты заклiк, нас асаблiвым чынам будзе весцi Мацi Божая. Яна спазнала, як прысутнасць зачатага Езуса пад Яе сэрцам дапамагла Ёй праспяваць “Magnificat”, гiмн удзячнасцi Богу. Дзiвосны гiмн удзячнасцi, у якiм Мацi Божая, напоўненая прысутнасцю Езуса, была здольная ўбачыць Божыя дары не толькi ў сваiм жыццi, але таксама ў гiсторыi свайго народа, а таксама ў гiсторыi збаўлення ўсяго чалавечага роду.

Апостальскi адмiнiстратар Мiнска-Магiлёўскай  архiдыяцэзii бiскуп Антонi ДЗЯМ’ЯНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter