Стрельба, бросок гранаты, полевая кухня: у призванных из запаса военнообязанных началась боевая подготовка

Ёсць яшчэ порах!

У канцы студзеня ў краіне пачалася комплексная праверка баявой і мабілізацыйнай гатоў­насці злучэнняў і воінскіх часцей Узброеных Сіл. З запасу ў органы ваеннага кіравання аператыўнага і тактычнага ўзроўню, меха­нізаваныя і танкавыя часці, падраздзяленні сіл спецыяльных аперацый, родаў войскаў, тэхнічнага і тылавога забеспячэння будуць прызваны каля 1400 чалавек. Карэспандэнт «Р» пабы­ваў на вайсковым палігоне, каб убачыць, як праходзіць баявая зладжанасць прызваных з запасу артыле­рыстаў.

Заспеў байцоў у першы дзень агнявой падрыхтоўкі. Усе апранутыя ў маскхалаты па надвор’і, у разгрузачных камізэльках, з аўтаматамі на плячах і падсумкамі, у якіх чатыры магазіны, процівагаз.

Больш за дзвесце артылерыстаў запасу прыбылі 2 лютага з Гомельскай і Магілёўскай абласцей у 51-ю гвардзейскую артылерыйскую брыгаду. Адразу ж атрымалі зброю і знялі тэхніку з захоўвання. І праз пару дзён адправіліся на палігон, што за некалькі кіламетраў ад Асіповічаў.

Камандзір брыгады гвардыі палкоўнік Аляксей Ратушны
растлумачыў:

— Па плане комплекснай праверкі Узброеных Сіл брыгада атрымала задачу на прывядзенне ў вышэйшую ступень баявой гатоўнасці з даўкамплектаваннем цяжка­гаўбічнага артылерыйскага дывізіёна.

Заспеў байцоў у першы дзень агнявой падрыхтоўкі: стральба з аўтаматаў, пісталетаў, кулямётаў, кіданне ручной гранаты. Тыя, хто пару гадоў таму служыў і хто праходзіў службу дзясяткі гадоў таму, у адным страі. Усе апранутыя ў маскхалаты па надвор’і, у разгрузачных камізэльках, з аўтаматамі на плячах і падсумкамі, у якіх чатыры магазіны, процівагаз.

Сёння байцам трэба будзе ўспомніць забытыя навыкі валодання зброяй. Перад самай стральбой на вучэбнай кропцы яны трэніруюцца рыхтаваць магазін — за 40 секунд на здавальняюча. Далей карэкціруюць мушку не стральбой, а пры дапамозе насадкі на ствол — каліматара халоднай прыстрэлкі, ён эканоміць патроны і час. Усё ж зброя доўгі час ляжала на складах, яе трэба «прыручыць». І нарэшце сама стральба — са становішча лежачы. На апошняй вучэбнай кропцы трэба шпурнуць ва ўмоўнага праціўніка вучэбную гранату.

Камандзіры, акрамя таго, страляюць з кулямётаў, што ўстаноўлены на брані машын кіравання. На адной — кулямёт Калашнікава, на бронемашыне побач — буйнакаліберны НСВТ. Баец запасу доўга зараджае яго, спрабуе прылаўчыцца. Агонь! Разляцеліся масіўныя гільзы 12-га калібра. Далей — больш. Наперадзе, але ўжо ў іншыя дні — блізкая сустрэча з гаўбіцай «Мста-Б», стральба з закрытай пазіцыі і прамой наводкай.

Раён размяшчэння дывізіёна — сапраўдны партызанскі палатачны лагер. Дыміцца палявая кухня, побач — гара нарыхтаваных дроў. Ёсць і палявая лазня. Жывуць вайскоўцы да 30 чалавек у палатцы. На ложках акуратна складзеныя спальныя мяшкі, пад матрацам — ізатэрмічныя дыванкі. Апальшчыкі падкідваюць у печ дровы літаральна кожныя дваццаць хвілін, круглыя суткі, каб падтрымліваць цяпло.

Карэкціруюць мушку не стральбой, а пры дапамозе «насадкі на ствол» — каліматара халоднай прыстрэлкі, ён эканоміць патроны і час.

Да выхаду ў поле першыя два дні прызваныя з запасу жылі ў казармах. Іх прыемна ўразілі цяперашнія бытавыя ўмовы салдат: еўрарамонт, душавыя кабіны, пральныя машыны. І ўсе як адзін хваляць харчаванне. Пераканаўся, што кормяць тут сапраўды добра. На палігоне арганізавана прамежкавае харчаванне — гарачы салодкі чай, печыва, лусты хлеба, шчодра намазаныя салам і цыбуляй. Можна ўзяць сок, аднак амаль усе байцы аддалі перавагу гарачай гарбаце. Такі каларыйны перакус дае байцам вельмі патрэбную на холадзе ў полі энергію. У меню палявой кухні  — гарніры і кашы з тушонкай. Кухары імкнуцца максімальна разнастаіць меню гарнірамі: рыс, грэчка, бульба, макарона — і варыяцыямі гарачых супоў з гэтымі ж інгрэдыентамі.

Старшына Зміцер Цішаеў, камандзір аддзялення, толькі закончыў стральбу з кулямёта, на адрэналіне. Ён працуе інжынерам-тэхнолагам у Інстытуце механікі палімерных сістэм у Гомелі. Мой суразмоўца чалавек кансерватыўны — на адным працоўным месцы два дзясяткі гадоў, куды ўладкаваўся адразу пасля арміі. Пакінуў сваіх дзяўчатак амаль на месяц: дома чакаюць жонка і дзве дачкі — трэці і выпускны класы.

На зборах, як і ва ўсёй арміі, камандзіры дазваляюць карыстацца толькі простымі «тэлефанавалкамі», з дзевяці да дзесяці вечара. Аднак сумаваць тут не прыходзіцца.

— У канцы дня адзінае, чаго хочацца, упасці на ложак, — прызнаецца Зміцер Цішаеў.

Інфармацыйнага голаду байцы не адчуваюць. Штодзённыя баявыя інфармаванні, у палатках устаноўлены тэлевізары, у кожнай ляжыць падшыўка свежых газет, я адшукаў там і нашу. Прыемна.

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter