Як уратавацца ад навальніцы

У народнай культуры ўсходніх славян навальніца ці маланка ўспрымаліся як пакаранне за грахі. Сіла Бога ці Іллі Грамавержца, які едзе па небасхіле на сваёй вогненнай калясніцы, пасылае на зямлю палымяныя стрэлы. Згодна з дахрысціянскімі уяўленнямі нашых продкаў, громам кіраваў Пярун. Славяне заўсёды шанавалі гром, бо лічылі, што кожны яго ўдар знішчае чорта ці д’ябла, што менавіта громам Бог ці прарок Ілля праследуюць нячыстую сілу на зямлі. У народзе лічылі: нячыстая сіла, каб схавацца ад грому, хаваецца ў чалавека, камень, ваду і г.д.

• Так з’явілася правіла: у час навальніцы абавязкова закрываць ёмістасці з вадой, а пусты посуд пераварочваць. Акрамя гэтага, і ў паўсядзённым жыцці цэбры, вёдры з вадой і іншыя ёмістасці імкнуліся трымаць закрытымі.
• З-за здольнасці нячыстай сілы хавацца ў рэчы, якія акружаюць чалавека, лічылася, што ў час навальніцы нельга стаяць пад дрэвам, на скрыжаванні дарог, сядзець ці ляжаць на мяжы. 
• Лічылася, што нячыстая сіла можа схавацца ў сабаку ці ката, таму ў час навальніцы гэтых жывёл не пускалі ў хату.
• Ахоўным сродкам ад грому лічылі крапіву ці алешыну, таму вандроўнікі ў час навальніцы абкручвалі сябе поясам з гэтых раслін.
• На Беларусі паўсюдна меркавалі, што самым надзейным сродкам ад удараў маланкі з’яўляецца хлебная лапата, якую на час навальніцы выкідалі праз акно ў двор. Лічылася, што ў такім выпадку зямное полымя супрацьстаіць нябеснаму, і яно не кране хату.
• Акрамя гэтага, у час навальніцы на гарачае вуголле ў печы клалі свянцоную соль, траецкія і купальскія травы. 
• Паўсюдна лічылі, што ў хату, на якой бусел пабудаваў гняздо, ніколі не трапіць маланка.
• У славян чалавек, якога забіла маланка, лічыўся ці найвялікшым праведнікам, ці найвялікшым грэшнікам. Таму яго хавалі ці на могілках з вялікім гонарам, ці за агароджай могілак, як вісельніка ці самазабойцу.
• У шматлікіх народаў лічылася, што царкоўныя званы разганяюць нячыстую сілу, асабліва актыўную ў час навальніцы.
• Дрэва, у якое трапіла маланка, не выкарыстоўвалі для будаўніцтва. Разам з тым трэску ад “навальнічнага” дрэва прыносілі ў хату, у хлеў, на пчальнік як надзейны абярэг.
• У народзе лічылі, што хату, якая загарэлася ад маланкі, можна патушыць толькі малаком ад чорнай каровы ці кіслым малаком.
• Зімовая навальніца, навальніца на “голы” лес прадказвала галодны год, няўрод.
• Гром, навальніца на Велікодным тыдні -- да ўраджайнага, спрыяльнага года.
• На працягу года неабходна было выконваць шэраг абрадаў, каб абараніць сябе і сваю хату ад навальніцы. Адным з дзён года, калі выконваліся гэтыя абрады, з’яўляецца 15 лютага -- Грамніцы. У гэты дзень неабходна было ў храме асвяціць грамнічную свечку, затым пакласці за абразамі ў чырвоным куце і запальваць у час навальніцы.
• Раніцай таго ж дня трэба было асвечанымі свечкамі на падстрэшку хаты намаляваць крыжы, каб захаваць хату ад навальнічных удараў на ўвесь год.
• Абярэгамі ад навальніцы таксама лічыліся Чацвярговая свечка (узятая ў храме ў Чысты чацвер), галінка вярбы з Вербнай нядзелі, галінка алешыны за вокнамі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter