Як Даміцэля пана розуму вучыла

Запісана ў карчме “Астатні грош”, што па старому шляху з Дзьмухаўцаў-Першых у Вялебнае, на ўзгорку, паміж двух дубоў.— Ну і што ты там стаіш на парозе, як пудзіла ў каноплях? А?.. Не крыўдуй — гэта ў мяне замест прывітання. Здымай капялюх, праходзь ды садзіся... Гэта табе не Вальны Сойм, тут месца на ўсіх хопіць. Эй, Іцка! Бяжы сюды, ушануй госця!

Па вопратцы бачу — не з нашых краёў. Іншаземец? Не? Адкуль жа? Ага... Вось яно як... Бач, што на свеце робіцца... А і ў нас тут таксама быў адзін такі. Усё распытваў, запісваў... Чаму — “быў”? А?.. Ды што ты, што ты! Як жа гэта так можна? Жывога чалавека — ды на касцёр... Тут табе не Францыя, мы ж не дзікуны, у нас на гэта свой капыл ёсць. Які? А — бізуноў!..
Ну добра, што там у цябе за справа? То давай, паказвай свой малюнак... Што? Я??? Ды я!.. Ды канечне, пазнаю!.. Хто-хто, а я больш за ўсіх разам узятых пра гэта ведаю. Зараз вось пачастуемся... трошкі... і распавяду...
Але адразу дазволь сказаць табе праўду. У наш час мастакі лепшыя. Узяць, да прыкладу, Аўтуха з Дзьмухаўцаў-Трэціх... Ён якраз на мінулым тыдні карціну скончыў. “Спакушэнне Эвы Паганым Змеем у Эдэмскім садзе”. У нас жа пад кожным кустом талент. Адно што — надта Эва ў яго атрымалася падобная на малодшую Іцкаву дачку... А калі разабрацца — яно ж так і павінна быць, бо абедзьве яны — ізраілева племя!.. Толькі Іцка гэтага не разумее. Глядзі вунь, як касавурыцца... Надта падазронае яму гэтае падабенства.
...А пра твой малюнак скажу так — гэта пан Твардоўскі ганяецца за Даміцэляй. Адразу я іх і пазнаў, абодвух, як толькі глянуў, каб мне з гэтай лавы не сысці.
А было яно так... Пан Твардоўскі — гэта мой сусед. А з другога боку, што ад лесу, у яго суседкаю Даміцэля. Пра пана Твардоўскага адразу скажу — характар у яго такі, што горш, мусіць, і не бывае. Мы з ім колькі жывём, столькі і сварымся. Потым, што праўда то праўда, адразу ж і мірымся, але — канца краю гэтаму пакуль што не відаць і, пэўна ж, так ніколі і не будзе. Я так думаю, што мы з ім нават у пекле ў суседніх чыгунках у смале будзем кіпець — але ўсё адно ці то сварыцца, ці то мірыцца. Такі ўжо ён чалавек, пан Твардоўскі. Я то ўжо з гэтым неяк звыкся, а Даміцэля — о-го-го... Тут зусім іншая справа... Нездарма ж яна каля лесу жыве — значыцца, па ўсяму відаць, з рознай лясной нечысцю знаёмствы водзіць, вядзьмарка, адным словам.
...І ў вас ёсць? Ну-у? Экс-тра-сэн-сы?.. Вось бачыш, без гэтай поскудзі ва ўсе часы — ну аніяк.
Ну, пакуль усё добра — яно нічога, і побач з ведзьмамі жыць можна. Але неяк аднойчы надта ж упадабалі валы пана Твардоўскага, а іх у яго ажно два — велічэзныя, спраўныя, адзін у адзін, кожны што той індыйскі звер... Элевіяфан — пасвіцца на лужку, што за нашай сажалкай, а лужок той, як на грэх, спакон веку належаў пані Даміцэлі... І як толькі яна з імі не ваявала — і загарадкі розныя ставіла, і канавы па межах выкопвала, і сама пільнавала — усё дарэмна. Ды і куды ёй, кабеціне, шчыра кажучы, хай сабе яна і вядзьмарка, з гэтымі ёлупамі справіцца?..
Доўга яна так гаравала з гэтымі валамі, але неяк аднойчы ўсё ж не вытрымала. Прыйшоў, відаць, канец і яе вядзьмарскаму цярпенню і наслала яна на пана Твардоўскага праклён, ды такі што... Эй, Іцка! Ці ты там спіш? Не магу глядзець на пусты посуд.
Сядзім, значыцца, мы неяк у карчме... не, не ў гэтай. У Абрама, што за Вялебным. Бяседуем-размаўляем, частуемся сабе паціху... Вось як мы зараз, толькі што народу паболей. Усё годна, прыстойна, як то і належыць высокаму сабранню. Першую чарку, зразумела, — за каралеву, потым адпаведна за караля, потым за дзетак іхніх, за кожнага паасобку, дай Бог ім здароўіца, ну а ўжо апасля — розныя “Сто лят!”, за новы кунтуш, за збавенне агародаў ад вусеняў і гэтак далей. Старадаўнія звычаі, традыцыі, тонкі густ.
Ну і колькі мы там разам пасядзелі — так, дробязь, з ранку і недзе да поўдня, пад вечар справа ішла, толькі-толькі зорачкі на небе павытыркваліся — ажно тут урачыста агалошваецца: “Любімося!” Гэта, калі ты не ведаеш, тут трэба да дна выпіць і з братам-суседам па-хрысціянску расцалавацца. На знак поўнай узаемапавагі, згоды і вечнага сяброўства. Вельмі стары звычай. І вось я, як ні ў чым не бывала, куляю сваю чарку, паварочваюся да суседа, пана Твардоўскага — аж там замест ягонай... конская пыса! Жах які..! Ажно я працверазеў. Ну амаль што...
...А ты як думаў? Калі б табе ды вось так... Замест суседа абдымаеш-цалуеш нейкую незнаёмую скаціну... Тут, браце мой, ужо не жартачкі.
Далей? Ну што далей... Вядома ж, пана Твардоўскага ўсе паважалі, адразу адвялі яго... Не ў стойла, не, як жа так можна... Адвялі ў кут, паставілі перад ім вядзерца з гарэлкай... І закусіць, само сабою... Аўса, ды і сенца свежанькага падкінулі. Частуйся, сябра, калі такая справа, нічога для цябе не шкада...
Так ён і стаяў потым адзін, у куце. Бедны наш таварыш... Што дзіўна — спакойна сябе паводзіў, не тое што ў чалавечым абліччы. Толькі калі трэба было шаблю выхапіць і крычаць ва ўсё горла: “Сто лят!”, то іржаў вельмі жаласна... Ды і то сказаць — як жа гэта яму было можна шаблю капытом выхапіць? А?
І яшчэ... Вось якраз такі момант на тваім малюнку. Калі пан Твардоўскі на двор асвяжыцца выйшаў — ну не бяздонная ж ён бочка, хоць і конскае бруха, — гэтая самая Даміцэля наўмысна пераўтварылася ў якуюсьці птушку (ці то чайку, ці то сітаўку, мы тады добра так і не разгле-дзелі) і давай над ім лётаць, кпіць-насміхаецца. І так да яго падляціць, і гэтак, і на галаву ўскочыць, і на спіне прабяжыцца, і ў вока наважыцца дзеўбануць... Вядома ж, чалавек у такім стане безабаронны — што ён можа? Рабі з ім, што хочаш. Адно і застаецца — узбрыкваць ды хвастом адмахвацца... А характар у пана Твардоўскага, я ўжо казаў — агонь! Ён і не вытрымаў гэткіх здзекаў, згубіў розум, пагнаўся за ёю... Немаведама куды.
Не, паганая ўсё-такі гэта баба, Даміцэля... Гэта колькі часу мы па ўсяму наваколлю за чырвоным канём бегалі!.. Лавілі. Ледзь злавілі... Чуць супакоілі ды зацуглялі. І самі змарыліся, ледзь на нагах трымаліся, і пан Твардоўскі ўвесь у мыле быў... Потым з крыкам ды гвалтам нейкім цудам зноў у Абрамаву карчму загналі.
Ну а на раніцу што ж... Прачнуліся, агледзеліся — і што ты думаеш? Ляжыць на сене ў куце пан Твардоўскі, зноў у чалавечым выглядзе, жывенькі, здаравенькі, падбрыквае ў сне (відаць, трохі гэтае чараўніцтва яшчэ дзейнічала) і храпе на ўсю карчму! Аж павуцінне на столі трасецца. Тут усе абрадаваліся, падбеглі да яго, пабудзілі, пачалі цікавіцца — што, ды як? Нічагусенькі не памятае! Толькі скардзіцца, што галава ў яго дужа баліць.
Вядома ж... Адно што — пасля пераўтварэнняў гэтых, а па-другое — вя-дзерца на раніцу было зусім пустое, а авёс амаль некрануты. Ну, тут усё зразумела — мы людзі прыстойныя, не тое што англічане на сваёй гіблай выспе, аўсом харчавацца не можам.
...Эй, Іцка! Ці не захварэў ты часам? Зусім сонны... Абнаві посуд. Вось так яно ўсё і было, каб мне сёння ў свае вароты не ўпісацца...
А? А з Даміцэляю ён адразу ж неяк хутка замірыўся. Яна потым сама да яго прыбягаць стала: “Антосік... (Антоніем ён ахрышчаны.) Антосік, каханенькі, родненькі, а што ж гэта твае даражэнькія волікі на мой лужок сёння не завітвалі? Ці грэбуюць? Ты ўжо падкажы ім, калі што, ды і сам напраў...”
Вось так...
Зрабі такую ласку, пасядзі са мною... Слухай, запісвай, частуйся... Што?.. Што значыць — “газетныя магчымасці абмежаваныя”? Ды як жа так можна! Усё ж — будзь што будзе — не ўцярплю...
Людцы вы мае даражэнькія! Браточкі! Ніколі не пускайце сваіх валоў на чужы лужок пасвіцца! Асабліва да ведзьмаў... Ці як там у вас? Экс-тра-сэн-саў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter