В Витебском УВД создают уникальную коллекцию милицейского ретротранспорта

Ягуар ішоў па слядах

Не ведаю, як хто, а я люблю глядзець старыя савецкія фільмы, дзе бравыя міліцыянеры на якім-небудзь «Масквічы» ганяюцца за злачынцамі-рэцыдывістамі па вясковых вулачках. Класічныя сюжэты і настальгічныя карціны — ёсць у іх сваё, асаблівае хараство. І сёння, калі іду па тэрыторыі аўтагаспадаркі Віцебскага УУС, здаецца: я трапіла на здымачную пляцоўку аднаго з тых самых добрых старых дэтэктываў.

Да выезду гатовы.

...Вось сталі ў лінейку адпаліраваныя да бляску «аксакалы» — ГАЗ-24, «Масквіч-408», ВАЗ-2101. Яны неслі службу ў падраздзяленнях міліцыі ў 1980–1990-х гадах. Ярка-жоўтыя кузавы з сінімі палосамі і белымі надпісамі «Міліцыя». На дзверцах — герб Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Уверсе на даху — гучнагаварыцелі ў выглядзе рупараў і дзеючая светлавая сігналізацыя. Гэта пастараліся спецыялісты з аддзела сувязі і аўтаматызацыі. Адным словам, тэхніка ў поўнай баявой гатоўнасці — хоць сёння ў строй! Начальнік аўтагаспадаркі Сяргей Гаравой усміхаецца:

Начальнік аўтагаспадаркі Сяргей ГАРАвОЙ: рарытэтаў многа не бывае.
— Не, задзейнічаць у паўсядзённай службовай працы нашы рарытэты няма неабходнасці — транспарту хапае. А вось упрыгожыць парады, святы і проста пазнаёміць нашу моладзь з гісторыяй мы заўсёды гатовы. На выставах, якія традыцыйна прахо­дзяць на плошчы Перамогі ў Віцебску, і дарослыя, і дзеці з задавальненнем вывучаюць тэхнічныя характарыстыкі нашых экспанатаў, фатаграфуюцца з імі на памяць. Дарэчы, першы аўтамабіль, які нашы супрацоўнікі аднаўлялі да 100-годдзя беларускай міліцыі, — гэта «Победа» родам з 1950-х. Цяпер яна ўпрыгожвае ў Мінску музей МУС. Над рэстаўрацыяй машыны працавалі каля двух гадоў. Перабралі ўсё да драбнюткага вінціка, запчасткі шукалі ўсёй грамадой. Сёе-тое нават па інтэрнэце ў Санкт-Пецярбургу заказвалі. Так ужо атрымалася, што аўтамабіль дастаўся нам не з родным рухавіком і каробкай — іх ранейшы ўладальнік узяў ад «Волгі». Але ж аўтэнтычнасць у гэтай справе — немалаважны фактар. Кінулі кліч сярод калег, сяброў, знаёмых, падключылі калекцыянераў. І знайшлі! Праўда, аказалася, што рамонт старога рухавіка — меншая з бед. «Победу» ж выпускалі ў большасці сваёй для ваенпрама, з прыцэлам на тое, што рамонт матора можна будзе праводзіць і ў палявых умовах. Так што тут мінімум праблем. Складаней за ўсё прыйшлося з кузавам і салонам — вывучалі архівы і інтэрнэт-матэрыялы, аднаўлялі ўсё так, як было задумана вытворцам амаль 70 гадоў таму.

Цікава, што пачынаў працу над рэстаўрацыяй гістарычных аўто вядомы ў Віцебскім УУС і горадзе чалавек — майстар на ўсе рукі Віктар Малатабойцаў. Калісьці ён працаваў кіроўцам у адным з райаддзелаў, а потым перайшоў у аўтагаспадарку, дзе і адслужыў яшчэ гадоў 40. Калі Віктара Якаўлевіча праводзілі на пенсію, яму было без нечага 90 гадоў — вось такое сведчанне ўнікальнай працаздольнасці і зайздроснага майстэрства. 


І сёння гэты «дзядуля» — мара многіх матацыклістаў.

Як кажуць, цяжкі толькі пачатак. Пасля «Победы» віцебскія міліцыянеры загарэліся энтузіязмам. Тым больш што з майстэрняў ужо выйшлі як новенькія прадстаўнікі «малога» транспарту — матацыклы БМВ-75К, «Урал», «Іж». Сёння яны ўпрыгожваюць будынак аўтагаспадаркі і музей УУС. Цікава, што «Урал» прыбыў у гараж практычна ў недзеяздольным стане наўпрост… з дачы былога міліцыянера Рыгора Булатава. Пенсіянер падарыў упраўленню ўнутраных спраў свайго састарэлага любімца і некаторыя запчасткі. А потым быў вельмі здзіўлены, калі ўбачыў яго ў рабочым стане.

Рыхтуецца новы рарытэт.

Такіх «Ягуараў» у краіне было ўсяго пару штук.

Хто працуе сёння над рарытэтнымі аўтамабілямі і матацыкламі? Механік аўтагаспадаркі Генадзь Пацееў, маляр Сяргей Мандрык, слесар Андрэй Пірагоў, зваршчык Аляксандр Дземідовіч, матарыст Анатоль Несан і іншыя спецыялісты. Дзесьці фантазіруюць, дзесьці ўжываюць рацыяналізатарскія падыходы. Галоўнае, што вынік варты таго. Вось цяпер у майстэрнях чакае свайго часу сапраўдны шэдэўр сусветнага аўтапрама — міліцэйскі «Ягуар», які знаходзіўся на службе ў пачатку 1990-х, а да таго — у адным з замежных пасольстваў у Маскве. Хутка дойдуць рукі майстроў і да яго. Вось толькі адновяць чарговы экспанат — «Масквіч-403», работы над гэтай машынай ужо завяршаюцца, і неўзабаве навічок папоў­ніць лінейку міліцэйскіх рарытэтаў. Дарэчы, у батальёне ДАІ да гэтага часу лавіць парушальнікаў дапамагае сапраўдны старажыл, што пакуль не спяшаецца ў музей, — матацыкл БМВ. Яго паслужны стаж — больш за чвэрць стагоддзя.

Гэты матацыкл упрыгожвае музей  УУС.

begunova@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter