«Я не баюся абвiнавачванняў, быццам мы малюем пацемкiнскiя вескi»

Журналiсты  радыёстанцыi  «Беларусь»  вядуць  перапiску  са  сваiмi  слухачамi  з-за  мяжы  i  нават  запрашаюць  iх  у  госцi

Журналiсты  радыёстанцыi  «Беларусь»  вядуць  перапiску  са  сваiмi  слухачамi  з-за  мяжы  i  нават  запрашаюць    у  госцi

Першая беларуская радыёпраграма, адрасаваная  суайчыннiкам за мяжой, выйшла ў мiжнародны эфiр у 1962 годзе. Перадачы былi аднамоўнымi — вялiся па-беларуску i заставалiся такiмi  даволi працяглы час. Толькi з 1985 года з’явiлiся трансляцыi на нямецкай, а з 1998-га – на  рускай i англiйскай мовах. Але аб’ём замежнага вяшчання заставаўся нязменным — чатыры гадзiны. Сёння радыёстанцыю «Беларусь» Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампанii Рэспублiкi Беларусь можна слухаць 15 гадзiн штодня. З iх пяць гадзiн — у эфiры на кароткiх i сярэднiх хвалях i дзесяць – у Iнтэрнэце ў рэжыме онлайн. А ў новым сезоне эфiрнае вяшчанне павялiчыцца яшчэ на дзве гадзiны. 

Аб днi сённяшнiм радыёстанцыi «Беларусь» мы гутарым з яе галоўным дырэктарам Навумам Гальпяровiчам. 

— Навум Якаўлевiч, цi далёка сёння чуваць Беларусь?

— Наш эфiрны сiгнал упэўнена могуць прымаць слухачы пры­блiзна 20 краiн Заходняй, Цэнтральнай i Усходняй Еўропы.  У той жа час, як сведчаць лiсты нашых слухачоў, праграмы радыёстанцыi «Беларусь» ведаюць у ЗША, Японii, Кiтаi i iншых краiнах. Пашырэнню аўдыторыi добра паспрыяла леташняе размяшчэнне англамоўнага вяшчання ў Iнтэрнэце. Прамы iнтэрнэт-эфiр выклiкае вялiкую цiкавасць слухачоў. У мiнулым годзе праграмы слухалi больш 17 тысяч карыстальнiкаў з 76 краiн свету. Прыблiзна па 70 разоў у суткi наведваецца веб-старонка нашай радыёстанцыi. Акрамя таго, у канцы мiнулага года Белтэлерадыёкампанiя падпiсала дамову з  радыёкампанiяй «Голос России», якая мае даўнi вопыт замежнага вяшчання i вялiкую колькасць слухачоў ва ўсiм свеце – працуе на 32 мовах! Згодна з гэтай дамоўленасцю праграмы радыёстанцыi «Беларусь» рэгулярна тры разы на тыдзень гучаць на хвалях сусветнай рускай службы «Голос России» з нашымi навiнамi.  Такiм чынам мы атрымлiваем па ўсiм свеце дадатковага рускамоўнага слухача, павялiчваючы сваю патэнцыяльную аўдыторыю на 100 мiльёнаў чалавек. У далейшым думаем працягваць гэта супрацоўнiцтва, рыхтаваць праграмы на польскай мове. Пашырэнне аўдыторыi – вельмi важны напрамак нашай работы. 

— Што прапануе радыёстанцыя «Беларусь» замежным слухачам?

— У нашых праграмах — навiны i iнфармацыйна-аналiтычныя выпускi, радыёсустрэчы з дзяржаўнымi, палiтычнымi, грамадскiмi i рэлiгiйнымi дзеячамi, вучонымi, пiсьменнiкамi i музыкантамi, майстрамi мастацтва i народнай творчасцi, спартсменамi. Шмат увагi надаём знаёмству слухачоў з нашай гiсторыяй, культурай. Напрыклад, на чатырох мовах шырока расказваем пра беларускую лiтаратуру, яе шэдэўры, чытаем творы беларускiх аўтараў. Ёсць музычныя праграмы, дзе гучаць i  беларускi фальклор, i класiка, i сучасныя мелодыi. 

— Што сёння найбольш цiкавiць замежнага слухача?

— Калi гаварыць, напрыклад, пра музыку, то гэта перш за усё фальклор, этна. Цёпла ўспрымаюць «Песняроў», ансамблi «Троiца», «Стары Ольса», «Бяседа», дуэт «Аляксандра i Канстанцiн». Нават заяўкi дасылаюць з просьбай паўтарыць. З задавальненнем слухаюць акадэмiчную беларускую музыку, якая мае нацыянальную афарбоўку. А вось да эстрады цiкавасцi менш, вiдаць, сваёй дастаткова, хаця ведаюць многiх нашых папулярных выканаўцаў. 

Шмат пытанняў пра сярэдневяковую гiсторыю нашай краiны. Што да сучаснасцi, то найбольшая цiкавасць да эканомiкi, унутранай i знешняй палiтыкi дзяржавы, сацыяльна-бытавога жыцця краiны, культуры i турызму. У сваiх перадачах мы актыўна адгукаемся на гэтыя тэмы, бо гэта запатрабаванне нашых слухачоў. 

— Дарэчы, як падтрымлiваецца зваротная сувязь?

— Атрымлiваем лiсты па пошце i на электронны адрас. Пiшуць даволi актыўна i з самых розных кропак свету — ЗША, Канады, Японii, Новай Зеландыi, Багамскiх астравоў. Але самымi галоўнымi нашымi слухачамi пакуль застаюцца жыхары Еўропы. Напрыклад, ёсць такi цiкавы спадар Ульмар Квiк са Швецыi. Ён  больш за сорак гадоў працаваў настаў­нiкам, чалавек з вельмi актыўнай жыццёвай пазiцыяй, мае шырокае кола сяброў ва ўсiм свеце. Па электроннай пошце пiша нам практычна кожны дзень, дае падрабязны аналiз пачутых перадач. Бывае, што i  крытыкуе. Але ў першую чаргу адзначае дына­мiчнасць нашых праграм, iнфар­мацыйную насычанасць i выдатную англiйскую мову. Дарэчы, гэтай восенню збiраемся за­прасiць спадара Квiка ў госцi, каб пазнаёмiцца асабiста. А вось яшчэ адна наша слухачка кавалер ордэна Брытанскай iмперыi Маргарэт Бэмфорд у нашай рэдакцыi ўжо гасцявала. Ёй вельмi спадабалася, i яна абяцала стаць нашым прамоўтарам у Англii, за­прашаць усiх слухаць радыё­станцыю «Беларусь». 

— Мiж тым нярэдка ў замежжы Беларусь спрабуюць прадставiць у негатыўным святле. Вашы перадачы не папракаюць у лакiроўцы рэальнасцi?

— Я не баюся абвiнавачванняў у зададзенасцi, быццам мы нейкiя пацёмкiнскiя вёскi малюем. На мой погляд, гэта нармальнае чалавечае iмкненне – прадстаўляючы свой дом, сваю зямлю, сваю радзiму, расказваць пра iх усё самае лепшае, тое, чым ганарышся i што любiш сам, каб перадаць гэтую любоў другiм лю­дзям. Мiж тым у кожнай нашай праграме неназойлiва гучыць: прыязджайце i параўнайце, паглядзiце на свае вочы, праўду мы гаворым цi не. Дарэчы, мы часта даём у эфiр уражаннi замежных грамадзян ад наведвання Беларусi. Як правiла, гэта станоўчыя водгукi. Канечне, погляд турыстаў можа быць у пэўнай меры абмежаваны. Але тое, што яны бачаць прыгожую, чыстую, светлую краiну, добразычлiвых людзей, – гэта адназначна. I гэта  зусiм не тое, у чым iх часам спрабуюць пераканаць, паказваючы Беларусь шэрай, беднай, змрочнай краiнай, дзе жывуць людзi, якiя ўсяго баяцца. Шчыра кажучы, мы чакалi, што з намi будуць палемiзаваць, выказваць нязгоду, асаблiва наконт праграм па мiжнароднай палiтыцы. Але пакуль такiх зваротаў практычна няма. Наадварот, многiя нашы замежныя слухачы адзначаюць, што ў асвятленнi гэтых пытанняў тон каментарыяў  радыёстанцыi «Беларусь» вытрыманы, добра­зычлiвы i скiраваны ў першую чаргу на сяброўства з iншымi наро­дамi, а не канфрантацыю. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter