На пруду-регуляторе по улице Инженерной в Минске завершено строительство очистительной системы

Вывелі на чыстую ваду

Звершана работа па ўзвядзенні ачышчальных збудаванняў на сажалцы-рэгулятары, што на вуліцы Інжынернай, праз якую ліўневыя сцёкі амаль з паловы Мінска накіроўваюцца ў Свіслач. Зараз там завяршаюць апошнія штрыхі: праводзяць добраўпарадкаванне і азеляненне. Засталося толькі дачакацца заключэнняў аб адпаведнасці аб’екта патрабаванням экалагічнай, а таксама пажарнай бяспекі. Карэспандэнт «Р» праверыла, наколькі пачысцелі сцёкавыя воды пасля праходжання праз збудаванні.

Загараджальны бон сарбіруе нафтапрадукты.

Бадай, самымі небяспечнымі для прыроды ўвогуле і экасістэмы Свіслачы ў прыватнасці з’яўляюцца нафтапрадукты. Плямы бензіну, мазуту, машыннага масла змываюцца дажджамі з вуліц Першамайскага, Ленінскага, Савецкага, Заводскага, Партызанскага раёнаў, у тым ліку прамзон, і трапляюць у сажалку. Вада, якая выцякае з чатырох буйных калектараў, прыгожа пераліваецца ўсімі колерамі вясёлкі. 

Сажалка плошчай каля 20 гектараў сама па сабе з’яўляецца ачышчальнай канструкцыяй: вада рухаецца пад ухілам, а створаная пасярэдзіне дамба падаўжае яе шлях, каб паспелі асесці на дно завісі. Шлях вады ад калектараў перагароджвае масток, да якога прымацаваны спецыяльныя рашоткі для затрымання буйнога смецця. Зараз у іх засела апалае лісце, якое адначасова служыць натуральным фільтрам для нафтапрадуктаў — ва ўсякім разе, на вадзе, якая плыве далей, ужо няма такой яркай вясёлкавай плёнкі. 

— Перыядычна гэтыя рашоткі будуць ачышчаць. Для зручнасці яны ўмацаваны ў пазах спецыяльных бэлек, па якіх рашоткі па чарзе падымуць уверх, — тлумачыць Ягор Касцюк, майстар БУ-173 ААТ «Трэст № 15 «Спецбуд». — Для абслугоўвання падобных канструкцый, а таксама забору проб вады на сажалцы ёсць лодка. 

З дапамогай кран-балкі ўсталёўваюцца апошнія касеты.

Пакуль плынь павольна абыдзе дамбу, асядуць на дно пясок, смецце, што прарвалася праз рашоткі. Першая ж сур’ёзная заслона нафтапрадуктам стаіць крыху далей — гэта загараджальны бон, які мае здольнасць іх сарбіраваць.

— Такія боны выкарыстоўваюць для ачысткі ад нафтапрадуктаў адкрытых вадаёмаў і вадацёкаў, — запэўнівае Ягор Касцюк. — Гэта рукаў са спецыяльнай воданепранікальнай тканіны, унутры яго зашыты паралон, які забяспечвае плывучасць бона. Ён затрымлівае мазут, машыннае масла, бензін, што змяшчаюцца на паверхні.

Далейшы шлях вады вядзе да асноўнага ачышчальнага збудавання — канструкцыі калідорнага тыпу, якая нагадвае скрыню з мноствам аддзяленняў, выкананую з бетону. У кожнае з 240 такіх «вочак» закладзена спецыяльная касета з сарбцыйным матэрыялам. На сажалцы-рэгулятары ў якасці фільтра выкарыстана сумесь на аснове здробненай дубовай кары, падобнай да грануляванай гарбаты, раскладзенай па спецыяльных сумках. Кожная касета ўтрымлівае 24 сумкі. 

— Гэта старажытны працэс — ачышчэнне любых вадкасцей карой дуба! — аўтарытэтна заяўляе рабочы, што кіруе кран-балкай, якая развозіць па «вочках» апошнія касеты.

Дарэчы, кран-балка застанецца тут, гэта адзін з элементаў ачышчальных збудаванняў. З яго дапамогай будзе нескладана замяніць касеты, калі яны забрудзяцца. Аб гэтым спецыялісты даведаюцца пасля даследавання проб вады. Калі яе якасць пагоршылася — самы час мяняць касеты. Зараз рабочыя ўстанаўліваюць спецыяльныя казыркі, якія абароняць ад дажджу рухавік і іншыя электрапрыборы крана. 

На выпуску вады ў Свіслач.

Адфільтраваная вада цячэ да шлюза, які рэгулюе яе ўзровень у сажалцы.

— Калі ідуць інтэнсіўныя дажджы, вада можа падняцца на 4 метры, — сцвярджае Ягор Касцюк. — За яе ўзроўнем сочыць спецыяльны паплавок, які ў выпадку перавышэння падасць сігнал на пульт. Тады дыспетчар-аперацыёншчык прывядзе ў дзеянне спецыяльную сістэму, якая адчыніць заслонкі шлюза і скіне ваду ў раку. На самы крайні выпадак прадугледжаны і аварыйны выпуск. 

Пры рэканструкцыі сажалкі значныя цяжкасці ўзнікалі з выдаленнем з яе дна глею, які назапашваўся з 1979 года. Каб сітуацыя з заглейваннем не паўтарылася, пад вадой пройдуць пульпаправоды — трубы, да якіх падключаць земснарад. Гэты плавальны насос будзе перамяшчацца па сажалцы і збіраць з дна бруд, які паступіць па трубах у два спецыяльныя сажалкі-адстойнікі. Вада сцячэ назад праз фільтравальныя банкеткі, а падсушаны глей выберуць і адвязуць у спецыяльны кар’ер.

На выпуску вады ў Свіслач таксама ўстаноўлены два боны. Ёсць тут і мосцік, прадугледжаны для адбору проб, так што якасць вады, якая паступае ў раку, будзе пастаянна кантралявацца. 

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter