Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Святочная вечарына “Беларускім героям космасу прысвячаецца” прайшла 13 красавіка ў Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Беларусі ў Расіі

Вялікая сіла космасу

На сайце Пасольства з’явіўся фотарэпартаж з падзеі. Як вядома, Беларусь толькі нядаўна ўвайшла ў клуб касмічных дзяржаў, аднак нашыя супляменнікі, можна сказаць, сотні гадоў “працуюць на космас”. Што, напрыклад, вам кажа імя Казіміра Семяновіча, які нарадзіўся каля 1600 і памёр каля 1651 года? Між тым у інтэрнэце ёсць весткі пра яго, ваеннага інжынера з арміі Вялікага Княства Літоўскага, тэарэтыка артылерыі. Некаторыя лічаць: гэта ён быў вынаходнікам прататыпа шматступеннай ракеты. Як доказ — шматлікія малюнкі вынаходства ў ягонай кнізе “Вялікае майстэрства артылерыі”.

На вечарыне ў Пасольстве сабраліся вядомыя людзі. “Дзень касманаўтыкі для беларусаў і расіян — гэта не толькі нагода ўспомніць вялікія вехі агульнай гісторыі, адчуць гонар за выдатныя дасягненні... Гэта і нагода зазірнуць у будучыню. Таму што будучыня чалавецтва звязана з касмічнымі тэхналогіямі”, — казаў, адкрываючы свята, Часовы Павераны ў справах Беларусі ў Расіі Павел Лёгкі. Дыпламат нагадаў, што Беларусь хоць і невялікая дзяржава, але ў яе ёсць свая касмічная гісторыя. Бо, як вядома, сцежку ў космас пратапталі тры ўраджэнцы Беларусі: Уладзімір Кавалёнак, Пётр Клімук і Алег Навіцкі.

Па словах Паўла Лёгкага, станаўленне касмічнай сферы ў Беларусі праходзіла няпроста. Калі ў свой час Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падаў ідэю стварыць уласную касмічную галіну, то было і нямала скептыкаў. Але ж, адзначыў Павел Лёгкі, такое смелае рашэнне было правільным, і сёння Беларусь актыўна працуе над стварэннем новых касмічных тэхналогій: “Гэта не проста імідж краіны — гэта і наша эканоміка”.

Між тым асваенне космасу мае і магутны, ужыў прыгожае слова дыпламат, духапад’ёмны эфект. “Космас — гэта таксама наша духоўная скрэпа,” — падкрэсліў ён. Пры тым заўважыў: космас нясе і вялікі патэнцыял, які аб’ядноўвае народы. Так, у плыні Саюзнай дзяржавы рэалізаваны тры беларуска-расійскія касмічныя праграмы, яшчэ дзве — у стадыі распрацоўкі. І гэта, лічыць Павел Лёгкі, яскравае сведчанне таго, як можна і трэба працаваць сумесна.

На вечарыне выступалі Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота, кіраўнік апарата НАН Беларусі Пётр Віцязь. Да прысутных з борта Міжнароднай касмічнай станцыі звярнуўся касманаўт, Герой Расіі, ураджэнец Беларусі Алег Навіцкі. Ён выказаў словы падзякі старэйшым таварышам, што былі на вечарыне і сталі касмічнымі першапраходцамі: “З велізарным задавальненнем хачу перадаць прывітанне роднай Беларусі, землякам, чыя нябачная падтрымка надае мне вялікую сілу”. Ураджэнец Беларусі, генерал-палкоўнік, двойчы Герой Савецкага Саюза, лаўрэат Дзяржпрэміі СССР Пётр Клімук падзяліўся яркімі ўспамінамі аб трох палётах у космас, распавёў пра атмасферу ўзаемадапамогі, падтрымкі, якая заўсёды пануе на борце станцыі.

Голас Радзімы № 16 (3520), чацвер, 20 красавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter