Паходжанне прозвiшчаў Ранчынскi, Танчынскi, Корпан, Дудзiч, Екiмцаў, Велько, Хамiцэвiч, Будкевiч, Катвiцкi

Все оттенки Дудки

Працягваем адказваць на пытанне вучняў Бранiслаўскага дзiцячага сада — базавай школы (Жыткавiцкi раён), якiх цiкавiць паходжанне прозвiшчаў Ранчынскi, Танчынскi, Корпан, Дудзiч, Екiмцаў, Велько, Хамiцэвiч, Будкевiч, Катвiцкi.

Адказвае вядучая рубрыкi, доктар фiлалагiчных навук, прафесар Валянцiна ЛЕМЦЮГОВА:

— У аснове прозвiшча Ранчынскi даўняе асабовае iмя Ранка. У такой форме былi ў размоўным ужытку царкоўныя iмёны Аўраам (у перакладзе са старажытнаяўрэйскай «бацька народаў»), Ягор, царкоўнае Георгiй (у перакладзе з грэчаскай «земляроб»).

Асновай для прозвiшча Танчынскi паслужыла даўняе асабовае iмя Танка — размоўны варыянт царкоўных iмёнаў Астэрый (у перакладзе з грэчаскай «зорны»), Афанасiй (у перакладзе з грэчаскай «несмяротны»), Яўстафiй (у перакладзе з грэчаскай «добра пабудаваны, моцны, здаровы, ураўнаважаны»), Татыен (магчыма, ад лацiнскага Tatius — iмя легендарнага сабiнскага цара).

Прозвiшча Корпан паходзiць ад асабовага iмя Карпан (нацiск на апошнiм складзе). Такую форму набыло царкоўнае iмя Карп (у перакладзе з грэчаскай «плод»).

У аснове прозвiшча Дудзiч асабовае iмя Дуд. У «Словаре народных форм русских имен» А.В.Суперанскай гэта скарочаны размоўны варыянт царкоўнага iмя Давiд (у перакладзе са старажытнаяўрэйскай «той, каго кахаюць, улюбёны»). Суфiкс —iч азначае роднасныя сувязi: Дудзiч — нашчадак Дуда. Меркаванай асновай для прозвiшча магло быць i празванне Дудка, як у народзе называюць таго, хто вырабляе дудкi (духавы музычны iнструмент у выглядзе прадаўгаватай трубачкi), або дудара. Паводле яшчэ адной версii прозвiшча магло ўзнiкнуць з празванняў Дуда, Дудка, якiя адносяцца да жанчын i мужчын высокага росту, хударлявых (В.I.Рагаўцоў, С.Я.Кечык «Анамастычны слоўнiк Магiлёўшчыны») або звязаныя са значэннем дзеяслова «дудзець» — «гаварыць нязмоўчна нешта незразумелае» («Тлумачальны слоўнiк беларускай мовы»).

У аснове прозвiшча Екiмцаў (правiльная беларуская форма Якiмцаў) асабовае iмя Якiм (Еким), якое з’яўляецца размоўным варыянтам царкоўнага iмя Iоакiм (у перакладзе са старажытнаяўрэйскай «бог паставiў, бог зацвердзiў»). Суфiкс —аў абазначае роднасныя сувязi: Якiмцаў — нашчадак Якiма.

Прозвiшча Велько (правiльная беларуская форма Вялько) паходзiць ад асабовага iмя Велька (з пераносам нацiску з першага складу на апошнi). У «Словаре народных форм русских имен» А.В.Суперанскай Велько (а) — размоўны варыянт царкоўнага iмя Венiямiн (у перакладзе са старажытнаяўрэйскай «cын правай рукi», вiдаць, гэта значыць любiмай жонкi) або старажытных славянскiх састаўных iмёнаў Велiмiр «якi ўладарыць над светам», Велiслаў «вялiкi славай, шматслаўны» (В.С.Казаков. «Именослов. Словарь славянских имен и прозвищ»).

У аснове прозвiшча Хамiцэвiч асабовае iмя Хамец. У «Словаре народных форм русских имен» А.В.Суперанскай яно значыцца як размоўны варыянт царкоўнага iмя Фама (у перакладзе з арамейскай «блiзнюк»). Суфiкс —евiч азначае роднасныя сувязi: Хамiцэвiч — нашчадак Хамеца.

У аснове прозвiшча Будкевiч асабовае iмя Будка або Будко, якiя з’яўляюцца скарочанымi варыянтамi старажытнарускiх састаўных iмёнаў Будимир, Будислав. Згодна з В.С.Казаковым («Именослов. Словарь славянских имен и прозвищ»), першае з iх абазначае «той, хто будзiць свет» (рус. «будящий мир)»; маецца на ўвазе свяшчэнная птушка певень. Другое iмя тлумачыцца як «той, хто будзiць славу». У беларусаў ад скарочанага варыянта гэтых iмёнаў утворана прозвiшча Будзько. Суфiкс —евiч абазначае роднасныя сувязi: Будкевiч — нашчадак Будзькi цi Будзька. Такiм жа спосабам скарачалiся i iншыя старажытныя славянскiя састаўныя iмёны. Да прыкладу: Славамiр (Славомир) — Слаўка, Слаўко, Хацiмiр (Хотимир) — Хот — Хоцька, Хацько. Адсюль прозвiшчы Слаўко — Слаўковiч, Хоцька — Хацкевiч.

Прозвiшча Катвiцкi польскага паходжання. У польскай мове ёсць слова kotwica — «якар». Пад назвай Котвiца вядомы радавы герб польскай шляхты з выявай якара. У палякаў даволi распаўсюджана прозвiшча Котвiца. Катвiцкi — той, хто належыць да польскай шляхты з гербам Котвiца.

Заканчэнне глядзiце ў наступным выпуску рубрыкi.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter