Восень — вясельная пара

У Музеі народнай архітэктуры і побыту зладзілі Восеньскі фэст, прысвечаны каханню і шлюбуМузей ў пасёлку Азярцо пад Мінскам на дзень пераўтварыўся ў своеасаблівы палац, ці, дакладней, вёску шлюбу. Вядома, беларускі скансэн любяць наведваць маладыя ў дзень вяселля ды ладзіць фотасесіі сярод маляўнічых краявідаў і старажытных пабудоў. А тут усё было грунтоўна, не “праездам”…
У Музеі народнай архітэктуры і побыту зладзілі Восеньскі фэст, прысвечаны каханню і шлюбу

Вясёлая гэта справа: гуляць у традыцыйнае беларускае вяселлеМузей ў пасёлку Азярцо пад Мінскам на дзень пераўтварыўся ў своеасаблівы палац, ці, дакладней, вёску шлюбу. Вядома, беларускі скансэн любяць наведваць маладыя ў дзень вяселля ды ладзіць фотасесіі сярод маляўнічых краявідаў і старажытных пабудоў. А тут усё было грунтоўна, не “праездам”…
Узгадаем: чаму гэта восень была раней найбольш прыдатным часам для вяселляў? Калі працу ў полі завяршалі, а ў свірнах, засеках і сутарэннях усяго было багата, надыходзіў час адпачынку, весялосці. Сяляне выязджалі ў гарады й мястэчкі на кірмашы. З запрашэння на кірмаш і пачаў выступленне фальклорны гурт “Шчодрыца”. Музыкі спявалі і танчылі, а каб стварыць атмасферу кірмашу, прадавалі гледачам яблыкі, сувеніры з саломкі і… шкарпэткі. А што, з халоднай восенню, як сёлета, і валёнкі, пэўна, пайшлі б са свістам. На свяце можна было і ручнікі набыць, і традыцыйныя лялькі, і керамічныя вырабы — шмат чаго прадавалі народныя майстры.
Ды апроч кірмашоў восенню была яшчэ адна нагода для святкаванняў. Такой парой — ад пачатку восені і да Пакроваў — у вёсках гралі вяселлі. Здаўна казалі: “Прыйшлі Пакровы — раве дзеўка, нібы карова”. А чаму раве? Бо замуж хоча... Калі не сасватаюць яе да Пакравоў, то цэлы год яшчэ ў дзеўках хадзіць. Як тут не заравеш… “На Беларусі пачыналі аддаваць дзяўчат замуж у 17 гадоў, — нагадала бабка Параска, вядучая свята, у ролі якой была супрацоўніца музея Лідзія Малькевіч. — І калі да 25 гадоў дзяўчына замуж не выйшла, на яе бацькоў накладалі штраф: з багатага двара — 50 рублёў, з сярэдняга — 25, з беднага — як палічыць вясковае начальства. А дзеўка тая звалася: паспялухай”.
Да замужжа дзяўчаты пачыналі рыхтавацца з дзяцінства. Кожная павінна была сабраць куфар пасагу — ручнікоў наткаць, кашуляў, абрусоў ды посцілак навышываць… Падчас вяселля куфар той адчынялі ды неслі праз усю вёску, паказваючы ўсім, наколькі працавітая дзяўчына. Добрым знакам было, калі хлопцы, якія неслі яго, аж прагіналіся ад цяжару: ой, шмат дабра нарыхтавала дзяўчына! Але ж не ўсе паспявалі сабраць добры пасаг, таму йшлі на розныя хітрыкі. “Паглядзелі на дно куфра, а там — каменне!” — абураўся муж Параскі дзед Панцялей (ролю яго віртуозна выканала архітэктар музея Жанна Каўшарова), распавядаючы розныя вясельныя байкі.
Паслухаўшы байкі, нясцерпна захацелася пабачыць той цуд — беларускае вяселле — на свае вочы. І гэта ўдалося: элементы сялянскага вяселля з Цэнтральнай Беларусі рэканструявалі супрацоўнікі музея. Наведвальнікаў запрасілі да адной з хат. Сама, як цяпер кажуць, шлюбная цырымонія ў нашых продкаў яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя мела шмат рытуалаў і сімвалаў. Бо прашчуры ўмелі весяліцца, ды яшчэ і ўкладваць у дзеі глыбокі сэнс! Абрад пачынаўся так: брычка з маладымі пад’язджала да брамы двара. Там іх з пляшкамі вады і караваем сустракалі свацця і маці нявесты. Маладыя сыходзілі з брычкі, акуналі ў ваду рукі — каб сямейнае жыццё пачалося з чысціні — і станавіліся разам на ручнік. У народзе казалі: “На ручнік стаць — век адзін аднаго кахаць”. Пасля сужэнцаў вялі ў двор, пасыпаючы зернем: на багатае жыццё.
Там жаніха з нявестай чакала некалькі выпрабаванняў. Адно з іх — “паясок” — дапамагала вызначыць, хто ў доме гаспадаром будзе. На падлогу клалі кароткі й вузкі паясок, і маладыя станавіліся спінамі адно да другога так, каб ён апынуўся паміж нагамі. Пад музыку ж пачыналі церціся спінамі, а як толькі гучанне змаўкала, трэба было выцягнуць пояс: хто першы, той і стане галоўным у сям’і. У Азярцы спрытнейшай аказалася нявеста. Ды й жаніх у наступным іспыце паказаў сябе годна. Яго адвялі ад дзяўчыны і загадалі на кожны крок прыдумаць ласкавае найменне для яе. Праз “пекную”, “прывабную”, “пяшчотную” ды “самую лепшую” хлопец дайшоў да каханай. Быў і першы танец маладой пары, а пасля маці нявесты павяла сужэнцаў у асобны пакой, каб распавесці пра шлюбную ноч…
Тым часам за сталом з’явіліся падсадныя маладыя. І калі сапраўдныя жаніх з нявестай вярнуліся, то, каб адваяваць месца, ім загадалі станчыць, з чым яны выдатна справіліся.
А пасля ўсе госці атрымалі ўлёткі з віншаваннямі, якія павінны былі потым прачытаць ды падараваць пары. Пры тым нават кітаянка, якая аказалася ў Азярцы, пад гучныя воплескі павіншавала жаніха з нявестай… па-беларуску! А адзін мужчына так пранікся абрадам, што падараваў ім сапраўдныя грошы. Ну і якая ж вечарына без танцаў! Пад гармонік усе кінуліся ў скокі.

Дзіяна Аляксандрава

На здымку:
Вясёлая гэта справа: гуляць у традыцыйнае беларускае вяселле
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter