Вiтае свята Маладзечна!..

Сёння, 13 чэрвеня, у Маладзечне адбудзецца Х Нацыянальны фестываль беларускай песнi i паэзii

Х Нацыянальны фестываль беларускай песнi i паэзii збярэ ўдзельнiкаў з усёй краiны

Сёння, 13 чэрвеня, у Маладзечне адбудзецца Х Нацыянальны фестываль беларускай песнi i паэзii, якi збярэ больш за 600 удзельнiкаў з усiх абласцей краiны.

На працягу ўсяго дня i да самай ночы жыхароў горада i яго гасцей чакае маштабная святочная праграма. Фестываль “захопiць” многiя пляцоўкi Маладзечна, дзе разгорнуцца гаманкi кiрмаш майстроў народных рамёстваў i выстаўка дзiцячых малюнкаў, пройдуць выступленнi самадзейных творчых калектываў i сустрэчы з беларускiмi пiсьменнiкамi i кампазiтарамi, гульнёва-забаўляльныя праграмы. Цэнтральная плошча Маладзечна стане сцэнай для двух вялiкiх канцэртаў. Удзень тут выступiць ансамбль народнай музыкi “Свята” Белдзяржфiлармонii, а ўвечары пачнецца гала-канцэрт вядучых творчых калектываў краiны i зорак беларускай эстрады з праграмай «Твой зорны шлях, мая Айчына».

Але ж, напэўна, самая хвалюючая падзея маладзечанскага фестывалю адбудзецца ў гарадскiм Палацы культуры, дзе ў дзесяты раз пройдзе Рэспублiканскi конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песнi. У iм 21 удзельнiк – па тры спевакi ад кожнай з шасцi абласцей краiны i горада Мiнска.

Да творчага выпрабавання маладых выканаўцаў рыхтавалi ў заслужаным калектыве Нацыянальным канцэртным аркестры Беларусi пад кiраўнiцтвам народнага артыста краiны Мiхаiла Фiнберга.

Як адзначае маэстра, за сваю дзесяцiгадовую гiсторыю маладзечанскi фестываль адкрыў многа новых iмён эстрадных выканаўцаў, на яго канцэртах упершыню прагучала многа выдатных песень беларускiх паэтаў i кампазiтараў, але разам з тым заўважае, што ёсць i не надта прыемны вынiк, высвечаны гэтым дзесяцiгоддзем: не хапае папулярных беларускiх песень прафесiйных аўтараў, новыя канкурсанты прыязджаюць у Маладзечна з песнямi, напiсанымi для фестываляў мiнулых, цi з творамi, якiя сачынiлi самi.

Сапраўднае мастацтва патрабуе прафесiйнага падыходу, заўсёды падкрэслiвае маэстра.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter