Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У сталіцы Літвы адкрылася выстава “Родны кут Песняра”

Вільня з коласаўскім акцэнтам

Урачыстае адкрыццё выставы, прысвечанай 135-м угодкам Якуба Коласа, прайшло ў Вільнюсе: у Літаратурным музеі А. С. Пушкіна (вул. Акадэмічная, 5). Міжнародны праект “Родны кут Песняра” рыхтавалі супрацоўнікі  мінскага Музея Якуба Коласа, у выставе выкарыстаны матэрыялы з яго фондаў. Прысвечана выстава 135-м угодкам Песняра.

Як вядома, Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч) – адзін з заснавальнікаў нацыянальнай прозы. А ягоная творчасць – гэта, па сутнасці, эпоха ў гісторыі беларускай літаратуры. Аўтар паэтычных шэдэўраў “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, славутых палескіх аповесцяў і “Казак жыцця”... Магутны талент разам з паплечнікамі, сярод якіх былі Янка Купалам, Максім Гарэцкі, Змітрок Бядуля ды іншыя творцы, узняў беларускае прыгожае пісьменства на ўзровень высокага мастацтва. У многім дзякуючы Якубу Коласу ды тым, хто вучыўся ў яго, шэраг твораў беларускай літаратуры мае цяпер сусветнае прызнанне.

У Вільнюсе прадстаўлены фотаздымкі велічных і прыгожых мясцін радзімы Якуба Коласа: цяпер Стаўбцоўскі раён Мінскай вобласці. Тыя “родныя берагі” з вялікай любоўю апеты Песняром у ягоных творах. І Бацькаўшчына шануе вялікага сына. Захаваны і ўзноўлены чатыры мемарыяльныя сядзібы, дзе жыла сям’я бацькоў паэта. Гэта ягоны “родны кут” – Акінчыцы, дзе 3 лістапада 1882 года нарадзіўся будучы класік беларускай літаратуры, месцы дзяцінства і юнацтва – Ласток і Альбуць. А яшчэ й Смольня, у якой Якуб Колас летам 1912 года ўпершыню сустрэўся з Янкам Купалам. У 1972 годзе створаны Коласаўскі мемарыяльны заказнік, які аб’яднаў усе тыя мясціны.

На адкрыцці выставы згадвалі, што пачынаючы з 1906 года жыццё і творчасць Якуба Коласа былі цесна спалучаны з тагачаснай Вільняй. 1 верасня 1906 года ў газеце “Наша доля” быў змешчаны першыя ягоны верш “Наш родны край” пад псеўданімам Якуб Колас. У Вільні ж выйшлі яго зборнікі вершаў “Песні жальбы” (1910), “Расказы” (1912), “Родныя з’явы” (1914). І нават жонка пісьменніка Марыя Каменская была родам з прыгарада Вільні – Павільнюса.

На выстаўцы прадстаўлены працы фотамастакоў Яўгена Казюлі, Уладзіміра Сіза, Васіля Зянько.

Голас Радзімы № 41 (3545), чацвер, 26 кастрычніка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter