Многоконфессиональной браславский агрогородок Видзы отсчитывает вторую половину тысячелетия

Відзы: віруе жыццё на памежжы

Багатай спадчынай прыцягальны гарадскі пасёлак Відзы, размешчаны паміж трыма браслаўскімі азёрамі. Слова «відзы» у балцкай мове азначае «сярэдзіна», а ў фіна-ўгорскай — «сенажаць».

Упершыню паселішча ўзгадваецца ў дакументах сярэдзіны ХV стагоддзя. Вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч перадаў міжрэчча Дзісны і Дрысвяты братам Доўгірду, Даўкшу і Нарушу. Яны заснавалі тут мястэчка, у якім новыя ўладары Даўгірдовічы ўзвялі драўляны касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі і пры ім шпіталь.

Захаваўся запіс пра ўтварэнне на гэтых землях адной з першых на беларускай зямлі панскіх гаспадарак — Відзскага фальварка. Пазней ён пашырыўся ў латыфундыю — буйное ўладанне Віленскага біскупства.

У розныя часы Відзамі валодалі віленскія ваяводы Альбрэхт Гаштольд і Міхаіл Пац, біскуп Зяновіч, род Ваўжэцкіх. У канцы ХVІІІ стагоддзя паселішча стала цэнтрам Браслаўскага павета.

У вайну 1812 года тут спыняўся расійскі імператар Аляксандр І. Размяшчалася тут і стаўка камандуючага рускай арміяй Барклая дэ Толі.

На пачатку мінулага стагоддзя мястэчка ўпрыгожыў гатычны мураваны Троіцкі касцёл.

Згодна з Рыжскім дагаворам 1923 года мясцовасць адышла да буржуазнай Польшчы. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР Відзы атрымалі статус гарадскога пасёлка — цэнтра раёна Вілейскай вобласці.

Нямецка-фашысцкія акупанты стварылі тут гета і знішчылі больш за 4000 мірных жыхароў. Мемарыяльнымі помнікамі ўшанавана памяць ахвяр вайны.

У пасляваенны час Відзы — раённы цэнтр Полацкага, затым Маладзечанскага раёнаў, а з 1960 года — гарадскі пасёлак Браслаўскага раёна.


Азёрная Браслаўшчына, прывабная сваімі краявідамі,  — Мекка для турыстаў. У паўночны куток Віцебшчыны, дзе таксама адчуваецца подых вясны, паклікала мяне чарговая вандроўка. За няпоўныя чатыры гадзіны маршрутны аўтобус прымчаў са сталіцы на браслаўскі аўтавакзал, які, нібыта карабель, прышвартаваны да прычала возера Дрывяты. Вузкая стужка асфальтаванай дарогі агінае ўзбярэжжа і праз вялікія і малыя вёскі, хутары сцелецца ў Відзы. З райцэнтра ў гарпасёлак, да якога амаль сорак кіламетраў, нячаста курсіруюць аўтобусы.

Першы намеснік старшыні Браслаўскага райвыканкама Мікалай Бараноўскі, з якім сустрэліся перад вандроўкай, будучае Відзаў звязвае з дзейнасцю інтэграцыйнай структуры ААТ «Глыбоцкі камбікормавы завод». У склад новага фарміравання ўвайшлі некаторыя гаспадаркі Глыбоцкага і суседніх раёнаў Віцебшчыны. Спецыялізуюцца яны на вытворчасці малака, мяса, збожжа і рапсу. Кіраўніцтва вобласці прыняло рашэнне ўключыць у новую структуру ААТ «Агравідзы». Амаль трыста чалавек працуе на палях і фермах гаспадаркі. Відзаўскі малочна-таварны комплекс — адзін з буйных у рэгіёне. Летась ад кожнай з 1389 дойных кароў атрымана больш за 4000 кілаграмаў малака. Сямнаццаты год кіруе калектывам выпускнік Беларускай дзяржсельгасакадэміі Уладзімір Залатуха.

У былыя гады даводзілася бываць у гэтай гаспадарцы. З недалёкай ад Відзаў вёскі Жарнелішкі карані народнага скульптара Беларусі Льва Гумілеўскага. Маці яго ў маладосці спявала ў хоры відзаўскага касцёла. Запомнілася, як па вузкай лесвіцы ўздымаліся на званіцу, што ўсталявана на адной з гатычных вежаў храма. Адсюль, з вышыні птушынага палёту, як на далоні відаць беларускія і літоўскія вёскі, хутары. Касцёл, бадай што, самы высокі сярод храмаў Беларусі.

Па дарозе ў Відзы за акном легкавіка мільгалі лапікі палёў, пералескі, люстэркі азёр, сялянскія падворкі. Праехалі праз больш падобныя на хутары вёскі Каленкішкі і Злота. Дарожны ўказальнік пазначыў мяжу СВК «Маяк Браслаўскі». Гаспадарка вядомая на Віцебшчыне па вытворчых паказчыках.

Перасякае аўтатраса аграгарадок Опса. У цэнтры яго незвычайны помнік — на пастаменце ўзвышаецца паравоз. Вадзіцель патлумачыў, што стагоддзе таму тут праходзіла чыгунка з Друі ў Літву. Дзейнічала яна і ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Потым рэйкі разабралі, а магутную машыну ўвекавечылі. Цяпер адсюль да бліжэйшай чыгуначнай станцыі амаль паўсотні кіламетраў.

За пакацістым полем пра­мільгнула чародка разгалістых дубоў і з-за пагорка выплылі крыжы відзаўскага касцёла. Пасля распаду вялікай краіны гарпасёлак стаў пагранічным. Дзяржаўная мяжа ў некалькіх кіламетрах ад яго.

З кіраўніком мясцовай улады Наталляй Залатухай сустрэліся ў яе кабінеце. Яна падкрэсліла: сельсавету па плошчы няма роўных у Беларусі. Аб’ядноўвае ён 111 вёсак. На яго тэрыторыі тры пагранічныя пасты і адзін пункт пропуску. З 1 ліпеня ён атрымае статус міжнароднага. А гэта да многага абавязвае. Трымаць парадак у населеных пунктах дапамагаюць старэйшыны вёсак.

Старшыня сельвыканкама Наталля ЗАЛАТУХА і старэйшына Відзаў Таісія КАЗАРАВЕЦ.

Сустрэўся са старэйшынай Відзаў Таісіяй Казаравец. Да выхаду на пенсію яна настаўнічала. З мужам выхавалі дзвюх дачок. Аўдавелая Таісія Аркадзьеўна засталася ў кватэры адна. Часта перабірае ў памяці перажытае, узгадвае школьных выхаванцаў. Таісію Аркадзьеўну як старэйшыну хвалюе, што амаль кожны другі падворак пустуе. Так склалася, што юрыдычнымі ўладальнікамі занядбаных сядзіб сталі нашчадкі адышоўшых у нябыт гаспадароў. Большасць жывуць у суседніх Літве і Латвіі. Без іх дазволу сельвыканкам не мае юрыдычнага права зносіць пабудовы. Стагоддзе таму ў Відзах пражывала звыш 6000 чалавек, а зараз у чатыры разы менш.

Акрамя гарпасёлка, найбольш буйныя ў сельсавеце аграгарадкі Дрысвяты і Казяны, вёскі Гірэйшы, Відзішкі, Падворынка, Відзы Лаўчынскія, Пастарнакі, Трыбуцішкі. У цэнтры гарпасёлка стаіць мураваны з валуноў млын.

У суседняй вёсцы Відзы Лаўчынскія захаваліся рэшткі памешчыцкай сядзібы і класічнага парку з экзатычнымі дрэвамі. У канцы пазамінулага стагоддзя тут дзейнічаў водалячэбны курорт. І сёння невычэрпныя гаючыя крыніцы.

Брэнд Відзаў — стагадовы чырвонакаменны касцёл. Перад святыняй цудоўна дагледжана прасторная плошча. Крочыў па ёй і ўяўляў, як тут ладзіліся кірмашы. У адным з даведнікаў прачытаў, што за год прадавалася да ста тысяч гусей. Быў і конскі базар. Вуліца, што вяла ад плошчы, называлася Рынкавай.

Пробашч касцёла Зянон ШЧАНХОР.

З ксяндзом Зянонам Шчанхорам крочылі ад плошчы да касцельнага дворыка. Перад вандроўкай прачытаў у Дзяржаўным спісе каштоўнасцей, што храм мае назву Траецкі. Пробашч далікатна дадаў, што ў ім праводзіць службы парафія Нараджэння Найсвяцейшай Ба­гародзіцы. Таму касцёл як Траецкі, так і Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Пасля асвячэння яго ў 1914 годзе пачалася вайна. Непадалёку праходзіла лінія фронту. Будынак моцна пацярпеў ад прыцэльнага агню расійскай артылерыі. З высокіх вежаў вялі агонь варожыя снайперы. Пасля вайны пашкоджанні паправілі. У памяць аб баявых падзеях дзе-нідзе ў сцены ўмуравалі снарадныя галоўкі. Пакінулі тут след і баявыя дзеянні падчас Вялікай Айчыннай вайны. Асабліва пасечана кулямі паўднёвая сцяна.

У Відзах, акрамя каталіцкай, дзейнічаюць праваслаўная, стараверская і мусульманская канфесіі. Прадстаўнікі іх мірна жывуць і працуюць. Як сямейная пара Інты і Валянціна Мамзелевых, з якімі мяне пазнаёміла старшыня сельвыканкама.

Механізатар Валянцін МАМЗЕЛЕЎ. 

Гаспадар вырас у відзаўскай сям’і старавераў. З дочкамі Янай і Дар’яй наведвае малельню, дзе правіць бацюшка Іван Пушкароў. Гаспадыня з латвійскага каталіцкага роду. Шматдзетная сям’я, у якой шасцёра дзяцей, двойчы адзначае хрысціянскія святы. З дапамогай дзяржавы пабудавалі прасторны ўласны дом на пяць пакояў. На падворку карова, свінні, куры. Валянцін Барысавіч — адзін з лепшых механізатараў сельгаспрадпрыемства. Прафесію трактарыста атрымаў у Відзаўскім прафтэхвучылішчы механізацыі сельскай гаспадаркі, якое рэфармавалі ў дзяржпрафтэхкаледж. На кулінара вучыцца там дачка Яна. У вучэбнай групе 26 дзяўчат. Практыкуюцца будучыя кулінары ў кафэ «Традыцыя». Зай­маецца з імі майстар вытворчага навучання Алена Валкавяк. Дырэктар Міхаіл Смірноў адзначыў, што каледж рыхтуе спецыялістаў па 14 рабочых кваліфікацыях. Будучыя механізатары, слесары па рамонце сельгасмашын заключаюць дамовы з гаспадаркамі Браслаўскага і суседніх раёнаў на праходжанне вытворчай практыкі. А потым практыканты застаюцца працаваць у гэтых калектывах.

Навучэнка Відзаўскага дзяржпрафтэхкаледжа Яна МАМЗЕЛЕВА і майстар Алена ВАЛКАВЯК. 

Непадалёку ад каледжа двухпавярховы мураваны будынак сярэдняй школы. Ля параднага ўвахода чакаў дырэктар Віктар Сарбай. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры ён вярнуўся настаўнічаць на Браслаўшчыну. З сям’ёй жыве ў суседняй вёсцы Медзюкі.

Хвалюе Віктара Іосіфавіча, што няма спартыўнай залы. Заняткі па фізкультуры вымушаны праводзіць на стадыёне. З трохсот вучняў палова з навакольных вёсак і хутароў. Штораніцы па шасці маршрутах выязджаюць аўтобусы. Для старшакласнікаў створаны аграклас. Выкладае ў ім Алена Мелянчук. З прафесіяй агародніка на ўроку працоўнага навучання знаёміць школьнікаў Наталля Краснякова. З дырэктарам завіталі на ўрок астраноміі, які вёў Віктар Савіцкі ў выпускным класе. Вучацца ў ім 14 дзяўчынак. Расказалі яны і пра факультатыўныя заняткі ў бізнес-кампаніі, якую стварыў настаўнік Павел Казінец.

Урок астраноміі ў 11-м класе вядзе Віктар САВІЦКІ.

Частыя госці ў вучняў пагранічнікі. На летніх канікулах у будынку былой базавай школы ў вёсцы Купішкі ладзіцца лагер юных сяброў пагранічнікаў. Дырэктар з гонарам адзначыў, што летась у вёсцы Дрысвяты знойдзены слупок дугі Струвэ. На гэтым месцы плануецца ўсталяваць памятны знак.

Многія выпускнікі пасля вучобы ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах вяртаюцца дамоў. Кіруюць браслаўскімі гаспадаркамі Аляксандр Дзегцяроў і Аляксандр Бялюн. Эдманд Войчыц працуе трактарыстам у ААТ «Агравідзы». Ад гаспадаркі атрымаў дом у вёсцы Ждзегелі.

Сяргей Зелянкевіч на міну­лагоднім жніве першым на Віцебшчыне намалаціў 2000 тон зерня. Пяты сезон ён працаваў без памочніка. Яму даверылі прадстаўляць раён на абласных «Дажынках».

Не здрадзіла Відзам Беата Мезбухоўская. Сустрэліся мы ў прадуктовым магазіне сельгаспрадпрыемства, дзе яна працуе прадаўцом. Муж ездзіць на заробкі ў сталіцу. Маладыя займелі ўласны дом. Адрамантавалі яго. Падрастаюць дзве дачкі і сын. На тэрыторыі сельсавета амаль паўсотні шматдзетных сем’яў. Ад гаспадаркі атрымала дом у вёсцы Ждзегелі шматдзетная сям’я механізатара Аляксандра Сакалова. Шматдзетныя сем’і, як і адзінокія састарэлыя, адчуваюць клопат дзяржавы.

Прадавец Беата МЕЗБУХОЎСКАЯ. 

Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Алег Лапкоўскі многія гады кіраваў прафтэхвучылішчам у Відзах. Жонка Лілія Пятроўна працавала медыкам. Нейкі перыяд жылі ў Мінску, а потым вярнуліся ў гарпасёлак. Дапамагае ім сацыяльны работнік Уладзімір Мацеша. З цеплынёю выказвалі падзяку састарэлыя вяскоўцы сацыяльным работнікам Але Багушэвіч, Ніне Буткевіч.

З апекуном Аляксандрам Рад­кевічам сустрэліся каля аддзялення паштовай сувязі. Удала завіхаўся ён з сякерай на дрывотні. У вольны час дапамагаў сябру Івану Адамовічу калоць дровы. Газаправод да Відзаў яшчэ не дайшоў, і кацельні працуюць на цвёрдым паліве. Многія ўстанаўліваюць электрычныя катлы для абагрэву.

Коле дровы для атаплення будынка аддзялення паштовай сувязі Аляксандр РАДКЕВІЧ.

Пацікавіўся ў старшыні сельвыканкама пра аўкцыёны па продажы зямельных участкаў. За два мінулыя гады мінчане выкупілі тры сядзібы на беразе возера. Надзел зямлі для будаўніцтва аграсядзібы набыў тутэйшы Ягор Басакоў.

Сустрэчай з народным ансамблем народнай песні «Відзаўчанка» завяршылася вандроўка. Самадзейныя артысты наперабой распавядалі пра выступленні на міжнародных фестывалях, іншых святах і ўрачыстасцях. Іх спевы неаднойчы гучалі ў розных кутках Беларусі, Літве і Латвіі. Аб’ядноўвае калектыў паўтара дзясятка няўрымслівых спевакоў. У Відзаўскім доме культуры, акрамя ансамбля, ганаровае званне пры­своена тэатральнай групе «Маскі» і ўзорнай студыі эстраднай песні. Пэўна кажуць, што песня жыць дапамагае і кліча ўперад.

Удзельнікі народнага ансамбля народнай песні «Відзаўчанка» Аляксандр ПАВІНІЧ, Ірэна РУБЛЕЎСКАЯ, Вольга ШНІП, Ірына ГАСПЯРОВІЧ, Ганна ПАВІНІЧ і Мікалай КРЫВЕЛЬ.

Браслаўскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter