Ваяж, ваяж...

Спектаклі Купалаўскага тэатра адправяцца ў Парыж і Пекін

З Мінска ў Парыж і Пекін адправяцца ў новым годзе спектаклі Купалаўскага тэатра

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы ў чаканні прэм’еры. На галоўнай драматычнай сцэне краіны 15, 16 і 17 студзеня адбудуцца першыя паказы спектакля «Пан Тадэвуш» па знакамітай паэме Адама Міцкевіча ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка тэатра Мікалая Пінігіна. Гэта будзе першая сцэнічная версія паэмы ў беларускім тэатры.

Дзеянне ў творы развіваецца на працягу пяці дзён 1811-га і аднаго дня 1812 года. Падзеі адбываюцца на берагах Нёмана напярэдадні прыходу Напалеона на нашы землі.

Рэпеціраваць спектакль пачалі яшчэ восенню. У пастаноўцы занята большая частка трупы — толькі мужчынскаму складу адведзена каля 30 роляў. Пана Тадэвуша іграе Павел Харланчук, Графа — Раман Падаляка, Талімэну — Юлія Шпілеўская і Святлана Анікей, Зосю — Марта Голубева і Крысціна Казак.

Пасля мінскай прэм’еры «Пан Тадэвуш» адправіцца ў Парыж, менавіта там 180 гадоў таму напісаў свой твор геніяльны паэт Адам Міцкевіч. Гастролі адбудуцца па запрашэнні Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Францыі Паўла Латушкі.

У надыходзячым годзе Купалаўскі пакажа свае спектаклі і кітайскай публіцы. Гастролі пройдуць з 25 лютага па 10 сакавіка. Беларускія акцёры выступяць у Пекінскім народным мастацкім тэатры. Гледачам кітайскай сталіцы прапануюць беларуска-расійскую пастаноўку «Вяселле» Уладзіміра Панкова па аднайменнай п’есе Антона Чэхава, якая раней з поспехам ужо была прадстаўлена ў Францыі, Іспаніі, Грузіі, Азербайджане, Румыніі, Расіі і Украіне, і спектакль «Не мой» паводле аповесці «Нямко» Алеся Адамовіча ў рэжысуры Аляксандра Гарцуева, для якога кітайскае турнэ стане першым вопытам паказу за мяжой.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter