Школа земляробства Васіля Кацяшова, хлебароба з бялыніцкага Малага Кудзіна, стала ўзорам для аднавяскоўцаў

Васіль Кацяшоў, гаспадар зямлі

Нямнога яму было наканавана пражыць, але зрабіў ён гэта так, што ў памяці аднавяскоўцаў застаўся назаўжды

З МАРМУРОВАЙ пліты чорнага колеру, прымацаванай на сцяне ля галоўнага ўвахода ў дырэкцыю ААТ “Бялынічы”, паглядае сярэдняга ўзросту мужчына, а побач з выявай яго твару выгравіраваны абрыс МТЗ-80. На дошцы пазначана: “Тут працаваў лепшы механізатар Кацяшоў Васіль Барысавіч”. І гады жыцця. Аднойчы шчырае сэрца 48-гадовага хлебароба не вытрывала: стала дрэнна прама ў полі. Неўзабаве біцца яно зусім перастала… Праз два гады менавіта ў гонар Васіля КАЦЯШОВА аднавяскоўцы з бялыніцкай вёскі Малы Кудзін і ўсталявалі пліту, а таксама заснавалі прэмію яго імя.


“ТАМУ што другога такога нам не знайсці”, — характарызуюць героя майго нарыса механізатары. Лепш за іншых яго ведаў сябар, таксама механізатар Аляксандр Юрчын:

— Мы з Васькам нарадзіліся і выраслі ў Вялікім Кудзіне. Разам хадзілі ў школу, разам скончылі сельскагаспадарчае прафесійна-тэхнічнае вучылішча ў Бялынічах, потым — служылі ў арміі. Вярнуліся, месяц пагулялі і ў калгас уладкаваліся, разам працавалі. Як напарнік быў ён чалавек незаменны. І надзейны. І без пыхі. Да прыкладу, не хоча механізатар поле араць, дзе камяні, і да Кацяшова: “Васька, давай памяняемся, а то ў мяне не вельмі атрымліваецца”. — “Ну давай”, — абавязкова пагодзіцца той. Ехаў і рабіў сваю справу.
Вяселле ў Малым Кудзіне: Васіль КАЦЯШОЎ, Святлана і Аляксандр ЮРЧЫНЫ, Ганна АСТАФ’ЕВА, 1983 год

Шчыраваў на палях і сенажацях Кацяшоў бездакорна. Мовай сучаснага менеджменту такіх работнікаў называюць перфекцыяністамі. Да непрытомнасці любіў даручаную яму тэхніку. Механізатары толькі і маглі, што рукамі разводзіць: 10-гадовы трактар, на якім працаваў хлебароб, выглядаў як новы. А калі аднойчы паўстала пытанне, хто будзе працаваць на новенькім замежным кормаўборачным камбайне, сумненняў не было: толькі Кацяшоў. Дарэчы, машына гэта і сёння на хаду.

Механізатарам ён быў універсальным. Як раней казалі, шырокага профілю. І тэхніку мяняў у залежнасці ад пары года: араў і сеяў на МТЗ, у сенакос перасаджваўся на самаходны кормаўборачны камбайн, у жніво — займаў мосцік збожжаўборачнага.

Яшчэ адзін калега Васіля Барысавіча Аляксандр Астаф’еў пералічвае тэхніку, на якой той працаваў:

— З 1980 года памяняў усяго пяць адзінак — гэта рэальна мала. За тэхнікай глядзеў Васька, ой глядзеў. Але нельга цяпер такім безадмоўным у рабоце быць: “з’ядуць”, закідаюць заданнямі. А ён жа… Ведаеце, не было выпадку, каб спрачаўся наконт нейкага нарада. Не шукаў працу, якая больш аплачваецца, ці тую, што лягчэй. І гэтым уплываў на астатніх. За ім цягнуліся, па выніках імкнуліся абысці. Асабліва гэта прасочвалася, калі на пачатку кар’еры мы выконвалі брыгадныя падрады.

Іх аснова — дадатковыя расцэнкі: за атрыманне вызначанай ураджайнасці, кармоў, збожжавых і гэтак далей. У канцы года за гэта была прэмія — аплата, якая размяркоўвалася на кожны зароблены рубель.

— У лічбах гэта выглядала прыблізна так, — уступае ў гаворку галоўны эканаміст гаспадаркі Тамара Ларкова. — Калі я прыйшла сюды на працу маладым спецыялістам, мой заробак у месяц складаў 210 рублёў. Механізатары атрымлівалі трошкі больш. Але па выніках года выходзіла зверху пад 2,5 тысячы рублёў прэміі. Такія былі ў нас матэрыяльныя стымулы. Дарэчы, “Масквіч” тады каштаваў пад 9 тысяч рублёў. Гэта значыць, механізатары жылі годна. А атрымлівалі вялікія грошы абсалютна заслужана.
2009 год

АСАБІСТАЕ жыццё механізатара склалася так: ажаніўся позна на жанчыне з двума дзецьмі. Гісторыя Васіля Барысавіча і ягонай Валянціны Віктараўны была прозай жыцця: яна працавала на складзе гаруча-змазачных матэрыялаў, ён кожную раніцу прыязджаў запраўляць трактар. Слова за словам, позірк за позіркам… Васіль з-за сваёй прыроднай сціпласці ўрэшцэ проста прапанаваў Валянціне пабрацца законным шлюбам. Дзяцей прыняў як сваіх.

Наталлі Кабанія, падчарцы Кацяшова, было тады ўсяго 8 гадоў. Дзяўчынка вучылася ў школе, на год старэйшы быў яе родны брат Віталь. Свайго айчыма яны называлі не інакш як бацькам:

— Васіля Барысавіча памятаю вельмі добра, успамінаю пра яго з асаблівай цеплынёй і ўдзячнасцю. Для яго мы былі як родныя: з маці яны не нажылі агульных дзяцей. Якія б грошы названы мой тата ні зарабляў, усе прыносіў дадому, пакідаў на нашы патрэбы. Не песціў, але заўсёды збіраў да новага навучальнага года. А калі ўдавалася яму пабыць дома і адпачыць, няньчыў нас з братам. Памятаю яго фірменны суп з цыбулі, агуркі і памідоры, якія ён адмыслова саліў. Быў ён чалавекам вельмі дамавітым, гаспадарлівым, нават мог рабіць жаночыя абавязкі па хаце. Любіў хадзіць у грыбы, калі на гэта ў сезон заставалася літаральна гадзінка.

Ветэраны ААТ “Бялынічы” Аляксандр АСТАФ’ЕЎ, Аляксандр ЮРЧЫН і Тамара ЛАРКОВА ўспамінаюць часы працы Васіля Кацяшова

У Наталлі засталіся шматлікія дыпломы, граматы, падзячныя лісты, якія атрымаў за сваё працоўнае жыццё Васіль Барысавіч, — рэспубліканскія, абласныя, раённыя, ад адміністрацыі гаспадаркі. Але ніколі не азіраўся на іх уладальнік. Арыенцірам для яго было сонца: на світанні ўставаў, з заходам клаўся адпачываць. Аднаго толькі хацеў: перамагчы на рэспубліканскіх “Дажынках”, бо ў прызёрах спаборніцтва сярод механізатараў гаспадаркі і раёна быў не раз і хацеў узяць вышэйшую хлебаробскую прыступку.

СПРАЎДЗІЦЦА мары Кацяшова не было наканавана. 29 мая 2010 года, як і заўсёды, раніцай Васіль выехаў на працу — трэба было касіць траву. І ў дарозе адчуў сябе дрэнна. Паспеў толькі паведаміць пра свой стан жонцы па сотавым тэлефоне. Валянціна Віктараўна занепакоілася не на жарт: ніколі Васіль не скардзіўся на здароўе. Мітулем дабралася да мужа, выклікала брыгаду “хуткай дапамогі”. Але выратаваць механізатара не ўдалося…

Хавалі Кацяшова ўсёй гаспадаркай. Праводзіць яго ў апошні шлях прыйшлі людзі з навакольных вёсак. Выгналі і ўсю тэхніку, што была ў гаражах. Як вайскоўцаў хаваюць пад аўтаматныя залпы, так і з механізатарам развітваліся пад гук трактараў, камбайнаў.

Жыццё Васіля Кацяшова — узор самаадданай працы. Менавіта таму ў гаспадарцы была заснавана прэмія яго імя. Памер узнагароды, якая выдавалася кожны год (за выключэннем некалькіх мінулых сезонаў), — тысяча долараў у эквіваленце. Ёю заахвочваюць лепшых працаўнікоў гаспадаркі. Яе ўладальнікамі ўжо сталі шафёр Анатоль Гарбузаў, механізатары Дзяніс Астаф’еў, Віктар Старалаўнікаў, Мікалай Нячаеў. Традыцыю, як запэўніў мяне дырэктар ААТ “Бялынічы” Мікалай Скрыпуноў, збіраюцца адрадзіць. Прызавы фонд пакінуць такі ж.

…Дзіўна, калі хтосьці жыве доўгае і пустое, ні сабе ні людзям, жыццё, а нехта іншы паспявае за нядоўгі час, адмераны лёсам, запомніцца людзям. Вось ён перад намі — герой нашага часу, сціплы, руплівы гаспадар. Пакуль ёсць калегі Кацяшова, пра асаблівасці яго простай, але вельмі закрытай душы яшчэ можна нешта расказаць нашчадкам. Напамінам будзе і тая самая мемарыяльная дошка з чорнага мармуру. І гэта чалавечна, правільна. Увекавечваць у гіпсе і бронзе прынята грамадскіх дзеячаў, акцёраў, пісьменнікаў, нават літаратурных персанажаў. А бялыніцкія аграрыі вырашылі ўпісаць у гісторыю імя простага працаўніка. Не выпадкова: на такіх жа Кацяшовых і трымаецца зямля. Ці не так?

uskova@sb.by

Фота аўтара і з архіва Наталлі КАБАНІЯ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter