Іван, сын Фёдараў — родам з Вілейшчыны

Архітэктар і краязнаўца Анатоль Капцюг на падставе канкрэтных мясцовых фактаў пацвярджае беларускае паходжанне аднаго з першых рускіх кнігадрукароў
Набліжаецца агульнаславянскае і сусветнае, несумненна ЮНЕСКАўскае свята: пяцісотая гадавіна беларускага і тым самым усходнеславянскага кніжнага друкавання. Як вядома, знакавы адлік, па сутнасці, новай культурнай эпохі пачаўся з выдання 6 жніўня 1517 года Францыскам Скарынам першай біблейскай кніжкі, Псалтыра, у яго ж дакладным перакладзе на старабеларускую мову. За ёй там жа, у Празе Чэшскай, а потым і ў Вільні пайшлі ў свет іншыя часткі Святога Пісання. Гэта быў працяг і адначасова канкрэтызацыя вялікай справы, распачатай святымі Кірылам і Мяфодзіем, якія рупіліся пра набліжэнне Слова Божага да народа. І Скарына таксама адрасаваў свой пераклад праваслаўнаму “люду посполитому”, будучы ўжо католікам. Дарэчы, тут да месца будзе сказаць пра тое, якога ж веравызнання быў першадрукар. Ёсць сведчанні, што ён прыняў у 1498 годзе разам з сям’ёй новае хрышчэнне ў полацкіх бернардзінцаў, якія, у адрозненне ад іншых ордэнаў, не адмянялі і папярэдняга, праваслаўнага хросту. Вялікі Палачанін адчуваў сябе і паводзіў найперш як хрысціянін.


Ёсць велічныя помнікі Івану Фёдаравічу ў Львове і Маскве — будзе і ў Беларусі



Распачаць жа друкаванне матэрыялаў пад новай, перадюбілейнай рубрыкай хачу з даволі сенсацыйнага артыкула, прысвечанага Івану Фёдараву (Фёдаравічу), вучню Скарыны і прадаўжальніку яго высакароднай справы пашырэння хрысціянства сярод усходніх славян. Многія ведаюць: ён быў пачынальнікам друкарскай справы на Русі, на некаторых кнігах падпісваўся як “Иван Федорович Москвитин”. Менавіта ён 19 красавіка 1563 года адкрыў у Маскве першую на Русі “печатню”, гэта значыць друкарню. А першая дакладна датаваная друкаваная кніга “Деяния и Послания Апостолов”, ці проста “Апостол” там выйшла ў сакавіку 1564-га. Так што Іван Фёдаравіч і яго памочнік Пётр Мсціславец працавалі над кнігай  амаль год.

Дык вось, чуткі пра беларускае, ці то вілейскае, ці то баранавіцкае паходжанне славутага Івана-друкара даходзілі да мяне і раней. Але, падавалася мне, былі недастаткова аргументаванымі. А нядаўна, у Дзень музеяў, наведваў я Вілейскі гістарычна-краязнаўчы музей, дзе атрымаў з рук аўтара, архітэктара і краязнаўцы Анатоля Капцюга, брашуру “Іван Фёдараў і дваранскі род Вялікага Княства Літоўскага — Рагозы”. Уважліва праштудзіраваў яе і адчуў: доказы аўтара дастаткова аргументаваныя, і абапіраецца ён на канкрэтныя мясцовыя факты.

І найгалоўны, самы яскравы з тых фактаў — герб Рагоза. Фёдараў сын Іван меў, у адрозненне ад тагачасных маскавітаў (дарэчы, нават Карл Маркс выразна аддзяляў тагачасныя Русь Літоўскую і Русь Маскоўскую), дваранскі (шляхецкі) герб Рагоза, найбольш шырока распаўсюджаны ў той час у Вілейскім павеце Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Анатоль Капцюг склаў грунтоўны “Радавод роду Рагозаў (ХVІ стагоддзе)”. У ім і ёсць толькі адзін “зямлянін гаспадарскі” Іван (1510?—1583), сын Фёдара, баярына гаспадарскага і ўнук Міраслава, уладальніка Мірасла­вавічаў і часткі маёнтка ў Хаценчыцах. Мяркуючы па схеме-радаводзе, змешчанай у брашуры, у Івана быў яшчэ брат Багдан, надворны падскрабі ВКЛ, і дзве пачарговыя жонкі: Апранія Іванаўна і Настасся Змайлаўна.

 

Скрупулёзна даследуючы з розных бакоў надзвычай цікавую тэму, Анатоль Капцюг выявіў нямала патрэбных архіўных дакументаў і замежных публікацый. Сярод іх — судовыя лісты і акты аб падзеле спадчыны, куплі і продажы частак мясцовых маёнткаў у Хаценчыцах і Лукаўцы (цяпер гэта Вілейскі раён), а таксама ліст Івана Фёдаравіча да саксонскага кюрфюрста Аўгуста, які знойдзены польскім гісторыкам У. Галубіцкім у 1968 годзе ў Дрэздэне. Той ліст завераны пячаткаю друкара, прычым “сімвал на пячатцы і герб Рагоза”, робіць заключэнне даследчык, адзін і той жа. 

Далей у брашуры ёсць звесткі пра Івана сына Фёдара з Петкавіч, які ў 1529 годзе паступіў у кракаўскі Ягелонскі ўніверсітэт — той самы, які раней, у 1506-м, заканчваў і Францыск Скарына. Петкавічы, па слушнай заўвазе А. Капцюга, гэта сённяшнія Пецькавічы: непадалёку ад Хаценчыц. Дарэчы, мяккі знак, што ў назве паселішча, у тыя часы на пісьме ніяк не перадаваўся. А потым, гаворыцца ў брашуры, у тым самым універсітэце ў 1532 годзе ступень бакалаўра атрымаў “Іван Фёдараў Масквіцін”… Але чаму адбылася такая трансфармацыя прозвішча?  Вось гэта было б няблага ў сувязі з юбілеем і высветліць гісторыкам — і мінскім, і маскоўскім, і кракаўскім.

Што рабіў, дзе быў наш супляменнік на працягу наступных трыццаці год — пакуль невядома. Не выключаю, што ў той час магла адбыцца і асабістая сустрэча Івана Фёдаравіча са Скарынам — гэткая перадача эстафеты з парадамі, перасцярогамі. Бо не выпадкова ж, накіроўваючыся ў Маскву, ён бярэ сабе ў памочнікі свайго супляменніка, родам з Мсціслаўля, Пятра Мсціслаўца, а потым, выдаўшы ў расійскай сталіцы “Апостала” і яшчэ некалькі кніг (а на маскоўскім выдавецкім знаку мы бачым адзін з асноўных элементаў герба Рагоза — выгінастую палоску!), зноў накіроўваецца разам з друкарскай маёмасцю ўжо на традыцыйную тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага — у Заблудаў, у маёнтак гетмана Рыгора Хадкевіча. Дарэчы, горад Заблудаў — цяпер у Польшчы, на паўднёвы ўсход ад Беластока, гэта этнічная тэрыторыя беларусаў. А Хадкевічы ж былі суседзямі друкара па Вілейшчыне! У Заблудаве Іван Фёдаравіч выдаваў кніжкі да 1570 года. Адтуль пераехаў у Львоў (ёсць меркаванні: паўплывала на яго планы Люблінская унія 1569 года, утварэнне Рэчы Паспалітай), а потым і ў Астрог (цяпер гэта райцэнтр у Ровенскай вобласці Украіны), каб там працягваць высакародную справу служэння Богу і людзям.

Працэс нараджэння і развіцця кніжнага друкавання ва ўсходняй славяншчыне перарастае з перарывістага ва ўзаемазвязаны. А таму патрабуе новых пошукаў і новай даследчыцкай ацэнкі.

Адам Мальдзіс

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter