Віват, культура!

8 ЛЮТАГА 2013 года ўвойдзе ў гісторыю нашага тэлебачання. У гэты дзень у тэставым рэжыме пачаў вяшчанне першы айчынны лічбавы тэлеканал — «Беларусь 3». Ён паказвае ў гэтыя дні лепшыя ўзоры нашай кіна- і тэлевізійнай дакументалістыкі. Сацыякультурны канал «Беларусь 3» трансліруе праграмы, аб’яднаныя ў рубрыкі: «Тэатр», «Кіно», «Літаратура», «Музыка», «Асобы», «Гісторыя», «Каляровы свет», «Прырода», «Традыцыі», «Дойлідства», «Навука», «Музеі». Між іншым «Калыханка» пераехала з тэлеканала «Беларусь 1» на «Беларусь 3» і выходзіць не пяць, а сем дзён у тыдзень. З красавіка ж ранкам у выхадныя на канале з’явіцца асобны блок мультфільмаў. У будучым нас чакаюць сустрэчы з героямі лепшых мастацкіх фільмаў і серыялаў — экранізацыямі класічных літаратурных твораў, кінастужак айчынных і замежных. А таксама пабачым тэатральныя спектаклі, канцэрты класічнай і сучаснай музыкі. Дарэчы, у эфіры «Беларусь 3» пераважаюць праграмы на беларускай мове. Сёння ў гасцях у «Тэлетыдня «БН» Сяргей МАКАРЭЙ, намеснік галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 3».

У краіне з’явіўся першы лічбавы тэлеканал – «Беларусь 3»

8 ЛЮТАГА 2013 года ўвойдзе ў гісторыю нашага тэлебачання. У гэты дзень у тэставым рэжыме пачаў вяшчанне першы айчынны лічбавы тэлеканал — «Беларусь 3». Ён паказвае ў гэтыя дні лепшыя ўзоры нашай кіна- і тэлевізійнай дакументалістыкі. Сацыякультурны канал «Беларусь 3» трансліруе праграмы, аб’яднаныя ў рубрыкі: «Тэатр», «Кіно», «Літаратура», «Музыка», «Асобы», «Гісторыя», «Каляровы свет», «Прырода», «Традыцыі», «Дойлідства», «Навука», «Музеі». Між іншым «Калыханка» пераехала з тэлеканала «Беларусь 1» на «Беларусь 3» і выходзіць не пяць, а сем дзён у тыдзень. З красавіка ж ранкам у выхадныя на канале з’явіцца асобны блок мультфільмаў. У будучым нас чакаюць сустрэчы з героямі лепшых мастацкіх фільмаў і серыялаў — экранізацыямі класічных літаратурных твораў, кінастужак айчынных і замежных. А таксама пабачым тэатральныя спектаклі, канцэрты класічнай і сучаснай музыкі. Дарэчы, у эфіры «Беларусь 3» пераважаюць праграмы на беларускай мове. Сёння ў гасцях у «Тэлетыдня «БН» Сяргей МАКАРЭЙ, намеснік галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 3».

— Сяргей Віктаравіч, народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка прымаў удзел у першай онлайн-канферэнцыі «Беларусь 3». Якія стасункі і адносіны ў яго з тэлеканалам?

— Анатоль Ярмоленка мае непасрэдныя адносіны да нашага канала, як і ўсе людзі культуры. Ён — медыйная персона, чалавек, якога ведаюць і любяць у нашай краіне. А паколькі канал пазіцыяніруе сябе як сацыякультурны, то мы павінны працаваць з такімі людзьмі. І такіх людзей, як Анатоль Ярмоленка, будзе на нашым канале шмат.

Тое, што «Беларусь 3» з’явіўся — для краіны вельмі добра. Таму што не кожная дзяржава можа дазволіць мець канал, які займаецца культурай, навукай.

— На «Беларусь 3» будуць трансліравацца праграмы, якія тычацца беларускай навукі?

— І навукі ў тым ліку. Такія мерапрыемствы, як «Славянскі базар у Віцебску», «Дажынкі» будзе асвятляць «Беларусь 1». Хаця, зразумела, будуць у нас рыхтавацца дзённікі гэтых святаў, у баку не можам застацца. Але яшчэ ёсць шмат такога, чаго не бачаць нашы гледачы. І ў культуры, і ў мастацтве, таму што рамкі каналаў «Беларусь 1» і «Беларусь 2» не могуць змясціць усю багатую палітру падзей у гэтых сферах. У нас ёсць цудоўныя музыканты, якія вядомыя ў свеце, а таксама выдатныя мастакі, балет і г.д. І гэта ўсё павінны бачыць не толькі людзі, якія жывуць у сталіцы і могуць схадзіць у Оперны тэатр, але і гледачы маленькіх гарадоў, вёсак.

— Ці можна казаць, што некаторыя праграмы і праекты, напрыклад, як «Калыханка», пераедуць на новы канал?

— Калі ёсць перадача прыстойная, якую любяць гледачы, то ніякі аўтар ці кіраўнік канала не аддасць яе на іншы канал. Але сапраўды ёсць праграмы, якія пераходзяць да нас. Таму што яны больш адпавядаюць тэматыцы канала.

Між іншым на «Беларусь 1» праграма для самых маленькіх ішла ў прайм-тайм, самы дарагі час. А яшчэ ж часта бывала, што сёння толькі палову мультфільма пакажуць, а астатняе — заўтра. Цяпер жа на «Беларусь 3» з’явілася магчымасць паказаць анімацыйную стужку цалкам і не толькі па буднях, але і ў суботу, і ў нядзелю.

— Як прайшлі першыя працоўныя дні «Беларусь 3»?

— Дзякуй Богу, нічога жахлівага не адбылося. І, лічу, не адбудзецца.

— Сяргей Віктаравіч, усё ж такі давайце ўдакладнім. «Беларусь 3» — лічбавы канал. «Калыханку» цяпер не ўсе дзеці бачаць. Не скардзяцца людзі?

— Сапраўды, да нас звяртаюцца з падобнымі пытаннямі, мы аператыўна на іх рэагуем.

Вядома, што да 2015 года ў Беларусі будзе выключна лічбавае тэлебачанне. З гэтага года паступова будуць адключаць аналагавае вяшчанне. Сёння 96 працэнтаў тэрыторыі краіны ахоплена лічбай. Каб убачыць тэлеканал «Беларусь 3», трэба мець новы тэлевізар, які павінен падтрымліваць стандарт DVB-T і фармат кадзіравання MPEG-4. А калі ў людзей стары тэлевізар, то неабходна набыць спецыяльную прыстаўку, якая дэкадыруе сігнал. Індывідуальная прыёмная тэлевізійная антэна павінна быць дэцыметровага дыяпазону хваль. Ідзе праца, каб і ў пакеты кабельных аператараў максімальна ўключыць «Беларусь 3». Гледачы павінны разумець, што гэта немагчыма зрабіць у адзін момант. У дзяржаве існуе пэўная працэдура ўзгадненняў. І калі ў пакеце вашага аператара няма пакуль «Беларусь 3», то гэтае пытанне трэба адрасаваць вашаму кабельнаму аператару.

— У нас вельмі мала дзіцячых праграм. Ці будзе іх колькасць павялічвацца на новым канале?

— Безумоўна. І я толькі «за». Таму што калісьці пачынаў сваю працу ў рэдакцыі праграм для дзяцей і юнацтва на Беларускім радыё. І добра разумею, наколькі гэта цікавая, але і цяжкая работа. Таму што для дзяцей рабіць праграмы не так і лёгка. Трэба добра ведаць іх псіхалогію.

— А якія новыя праграмы з’явяцца на «Беларусь 3»?

— Напрыклад, праект «Ды@блог». У гэтай праграме будзе пяць вядучых. У кожнага з іх свая тэма: аб надзённым, аб вечным, аб гісторыі, аб мове, аб прыгожым. Будзе і госць — кампетэнтны і цікавы. Да таго ж вядучыя праекта завядуць свае блогі на tut.by, дзе гледачы змогуць задаваць пытанні, абмяркоўваць тэмы. Плануюцца і розныя праграмы ўласнай вытворчасці. Пабачым і каляндар, які ўмоўна называем «Гэты дзень у гісторыі». Там у асноўным беларускія падзеі, але будуць і сусветныя.

Таксама будзем працаваць з абласнымі, рэгіянальнымі тэлерадыёкампаніямі, выдаваць і іх тэлепрадукт, таму што важна ахапіць рэгіёны. Увогуле, слоган канала «Каб любіць Беларусь…»

— «…нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць».

— Так. Нам, стваральнікам канала, хочацца сказаць: каб любіць Беларусь, трэба ведаць яе спадчыну, гісторыю, мінулае, людзей, якія стваралі гэтую гісторыю. Трэба ведаць і пра Францыска Скарыну, і пра Адама Міцкевіча, і пра Агінскіх, і пра Радзівілаў, і пра Тадэвуша Касцюшку… І пра нашых вядомых сучаснікаў, якія ўслаўляюць Беларусь.

Хочам, каб чалавек у вёсцы пасля цяжкай працы мог нешта паглядзець для душы. Каб убачыў свайго аднавяскоўца,  які  спявае  ці  танцуе.  Ці  паглядзеў фільм пра чалавека, які нарадзіўся ў яго мясцовасці і зрабіў нейкія навуковыя адкрыцці.

— Сяргей Віктаравіч, ці будзе ўдзяляцца нейкая ўвага вясковай культуры? Фальклору, абрадам?

— Безумоўна. Асабіста для мяне фальклор, традыцыйная культура — не пусты гук. Маю спецыялізаваную адукацыю — рэжысёр фальклорнага тэатра. Добра ведаю, што такое аўтэнтычны фальклор. Дзякаваць Богу, мне ўдалося пабачыць на свае вочы і пачуць узоры проста высачэннага кшталту. У нас ёсць сапраўдныя шэдэўры! І на гэтую тэму беларускія навукоўцы стварылі шэраг цікавых стужак сусветнага ўзроўню.

У нас ёсць аўтэнтычны фальклор, самадзейнасць і сцэнічны фальклор — прафесійны. Мы іх будзем паказваць. Вёска не можа застацца па-за культурай. Таму што мы ўсе адтуль прыйшлі. Мы цікавыя свету тым, што ў нас ёсць свая мова, свой фальклор. Напрыклад, у нас бытуюць валачобныя песні, валачобны абыход двароў на Вялікдзень, якіх няма больш нідзе.

— Рэкламы на канале не будзе?

— Толькі сацыяльная, якая адпавядае тэматыцы нашага канала, заахвочвае вывучаць беларускую мову, распавядае пра ахову прыроды ці нейкія сямейныя каштоўнасці.

— Увогуле, хочацца ведаць пра каманду «Беларусь 3» і яе тэлевядучых.

— Трэба адзначыць, што сёння тэлеканал стварае прафесійная каманда, а іначай і немагчыма. Хаця фарміраванне яе яшчэ працягваецца. А партрэт нашага тэлевядучага — чалавек сярэдніх і больш сталых гадоў. Не проста рэтранслятар чужых думак, ідэй, тэкстаў. Гэта асоба, якой можна верыць…

Дарэчы, нам бы хацелася стварыць калегіяльны орган, накшталт грамадскага савета. Там будуць не чыноўнікі, а ў асноўным людзі культуры, мастацтва. Хочам, каб яны раілі нам і накіроўвалі нас. Мы адкрытыя для ўсіх, прымаем розныя прапановы.

— Сяргей Віктаравіч, дзякуй за гутарку. Жадаем поспехаў вам і тэлеканалу «Беларусь 3»!

Вера ГНИЛОЗУБ, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter