«Будучыня для скульптараỳ, дызайнераỳ інтэр’ера, мадэльераỳ адзення». Навукоўцы БДУІР ствараюць бескантактавы сканар, аналагаў якому няма ў свеце

Узважым усе «за»

IT укараняюцца ў сельскую гаспадарку: на аснове трохмерных мадэляў можна будзе лёгка вызначыць вагу жывёліны, плошчу шкуры і іншыя важныя характарыстыкі. Новая тэхналогія моцна спросціць жыццё заатэхнікам. Карэспандэнт «Р» даведалася аб распрацоўцы і паўдзельнічала ў яе прамежкавых выпрабаваннях.

Інавацыйная распрацоўка спатрэбіцца не толькі аграрыям, будзе на руку скульптарам, дызайнерам інтэр’ера, мадэльерам адзення.

Сельская гаспадарка даўно мае патрэбу ў масавай інфар­матызацыі. Нядаўна вучоныя пераканаліся ў гэтым асабіста падчас працоўнага рэйду па гаспадарках і фермах. Дзмітрый Самаль, загадчык кафедры ЭВМ БДУІР, апісвае ўбачанае:

— Сёння ў распараджэнні заатэхнікаў ёсць часцей за ўсё толькі звычайныя табліцы Excel, якія яны ўручную запаў­няюць на камп’ютары. У XXI стагоддзі ўсё павінна быць прасцей. Мы распрацоўваем сістэму, якая аўтаматычна ўнясе ўсе характарыстыкі жывёлы ў базу, прааналізуе іх, параўнае з папярэднімі параметрамі і выдасць вердыкт у выглядзе дыяграм і графікаў. Так наглядна будзе зразумела, якія ёсць поспехі і недахопы.

А вось атрымліваць тыя самыя характарыстыкі жывёлы можна будзе, да прыкладу, без дапамогі звычайных вагаў. Аграрыі скардзяцца: стары добры метад вызначэння вагі каровы або свінні вельмі працаёмкі. Кожную жывёліну трэба загнаць на спецыяльную платформу, зафіксаваць яе на месцы, узважыць і адвесці назад, што ў маштабе ўсяго статка вельмі цяжкі занятак, які аднімае шмат часу і сіл. Кожная жывёліна адчувае пры гэтым стрэс, гэта ўплывае на дынаміку яе росту і іншыя параметры. Вучоныя БДУІР зараз стараюцца ўсё спрасціць. Ініцыятары пошуку альтэрнатывы традыцыйнай руціннай працэдуры — супрацоўнікі жодзінскага Навукова-практычнага цэнтра НАН па жывёлагадоўлі Валерый і Сяргей Салянікі.

У ідэале ўзважванне жывёлы трэба зрабіць бескантактавым для яе. Абышоў карову па крузе з планшэтам у руках — і гатова. Але як гэта рэалізаваць? Гатовых рашэнняў у свеце не было і няма. Пакуль самае перадавое, што рабілі для аграрыяў у гэтым кірунку, — нямецкая распрацоўка вызначэння вагі, якая заснавана на аналізе фатаграфіі жывёліны з аднаго ракурсу і таблічных даных. Але нашы вучоныя спрабуюць кардынальна палепшыць нямецкі прататып.

— Справа пайшла, калі Google прэзентаваў тэхналогію дапоўненай рэальнасці Tango. Мы купілі гэты «паўфабрыкат» і сталі дапрацоўваць яго ў патрэбным рэчышчы, — кіраўнік праекта Дзмітрый Самаль успамінае, як усё пачыналася. — Неўзабаве пачалі ствараць трохмерныя мадэлі, а ўжо па іх праграма павінна разлічваць характарыстыкі жывёлы.
Новую распрацоўку ў будучыні могуць выкарыстоўваць скульптары, дызайнеры інтэр’ера, мадэльеры адзення. Зручна: узяў смартфон, бескантактава сканіраваў фігуру чалавека і пашыў касцюм па індывідуальным заказе, прымяраючы яго на 3D-мадэль.
Зрухі ўжо ёсць: праграма знаходзіцца ў смартфоне і лёгка сканіруе статычныя прадметы. Выпрабуем яе на звычайнай офіснай табурэтцы. Праз некалькі хвілін інструктажу я лёгка раблю няхітрыя рухі: плаўна і павольна абыходжу мэблю па крузе. Імгненная апрацоўка даных — атрымалася!

Магістранты кафедры ЭВМ, якія занятыя распрацоўкай гэтага праекта, бяруцца за задачу нашмат складаней. Я станаўлюся пасярод кабінета, а Мікалай Ляшкевіч пачынае мяне сканіраваць. Я не мэбля, не магу ўвесь час стаяць нерухома — трохі варушуся, таму і выклікаю дробныя памылкі. Дарэчы, жывёлiны будуць яшчэ больш непаслухмя­нымі мадэлямі: яны ўвесь час рухаюцца. У будучыні праграма гэта ўлічыць.

— Глядзіце, як гэта працуе, — просяць зірнуць на экран. — Інфрачырвоны датчык вызначае адлегласць да пэўных кропак, будуецца трохмерная мадэль, на якую праецыруецца тэкстура, узятая з камеры, — 3D-малюнак атрымліваецца ў колеры. Мы працуем над тым, каб усё гэта пазней ператваралася ў паўнавартасную вектарную мадэль.

Новая праграма знаходзіцца ў смартфоне: пакуль што лёгка сканіруе толькі статычныя прадметы, але хутка падыдзе і для рухомых «мадэляў».

3D-мадэлі жывёлiн і іх падрабязны аналіз будуць захоўвацца ў воблачным сховішчы даных. Сістэма будзе ўніверсальнай і падыдзе для розных сельскагаспадарчых арганізацый. І абыдзецца танней, чым традыцыйнае ўзважванне жывёлы: весці сучасны ўлік развіцця пагалоўя можна будзе прыблізна за 400 рублёў у год на ўсю гаспадарку.

Маладыя людзі зацікаўлены рэфармаваць сельскую гаспадарку — самі, прызнаюцца, нара­дзіліся і вы­раслі ў вёсцы, ведаюць тэ­му знутры. І заўва­жаюць: гады ідуць, а на фермах мала што мяняецца. Сітуа­цыю трэба выпраўляць. І каму, як не нашым маладым айцішнікам.

Як сістэма працуе, пакажуць палявыя выпрабаванні. Маштабныя эксперыменты каманда правядзе ўжо ў пачатку вясны. Прааналізуе вынікі і дапрацуе праект. Плануецца прыцягнуць і іншых спецыялістаў. Распрацоўка будзе шматграннай: яна падстроіцца пад розныя віды жывёлы. А ў будучыні, магчыма, спатрэбіцца і ў іншых сферах. Напрыклад, у прафесійнай творчасці.

— Праграма спатрэбіцца скульптарам, дызайнерам інтэр’ера, мадэльерам адзення. Зручна ж: узяў смартфон, бескантактава сканіраваў фігуру чалавека і пашыў касцюм па індывідуальным заказе, прымяраючы яго на 3D-мадэль! — у заўтра зазірае магістрант БДУІР Сяргей Краўцоў, яшчэ адзін распрацоўшчык інавацыйнага праекта.

ypopko@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter