За книгу поэзии «Сланечнiк» Мiкола Маляўка получит в Слониме Национальную литературную премию

«Усялякая праца пачэсна, калі для сябе і ўсіх...»

Наша газета, якая тады называлася «Калгасная праўда», ў 1958-м надрукавала два вершы выпускніка 10-га класа сярэдняй школы са знакамітай коласаўскай Мікалаеўшчыны Міколы Маляўкі. Гэтыя вершы будучага слыннага паэта, адзін пра нялёгкую, але пачэсную адвечную хлебаробскую працу, а другі пра шчырае ўзнёслае каханне па выніках конкурсу выдання на лепшы твор літаратуры сярод чытачоў былі адзначаны 2-й прэміяй — 1-е месца заняў паэт-франтавік Гаўрыіл Шутэнка.


З той публікацыі, з усведамлення, што паэзія — не забава, а адказная і патрэбная людзям, як і ўсялякая праца, лічыць Мікалай Аляксандравіч Маляўка, і пачаўся ягоны пачэсны шлях у сапраўдную літаратуру.

Усведамленне таго, што за ўсё напісанае табой і вынесенае на свет людзей трэба несці адказнасць, як за любую працу, з той пары трывала ўвайшло ў свядомасць юнага паэта і… хлебароба Міколы Маляўкі. Чаму хлебароба? Ды ён, як і ўсе тагачасныя вясковыя хлапчукі і дзяўчаты, з маленства працаваў на зямлі, як мог, дапамагаў і бацькам, і калгасу выбіраць бульбу, вазіць снапы, убіраць лён, увогуле рабіць на палетках і ў свірнах усё, што патрабавалася ад селяніна, і, між іншым, пісаць пра гэта вершы. І нават друкаваць іх!..

А да першага зборніка паэзіі «Едуць маразы» (1966), пасля якога Міколу Маляўку прынялі ў Саюз пісьменнікаў, было ажно 9 гадоў. А да ягоных іншых кніг паэзіі ды шматлікіх прэмій, сярод якіх літаратурная прэмія імя Аркадзя Куляшова (1992), Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1997) і, вядома ж, спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі «Мастацкая літаратура» (2002), былі дзесяцігоддзі крапатлівай працы. І не толькі ў літаратуры… Пацвярджэннем гэтага стала і Нацыянальная літаратурная прэмія за лепшую кнігу паэзіі «Сланечнік», якую Мікола Аляксандравіч атрымае 1 верасня  на Дні беларускай пісьменнасці ў Слоніме.

Паэт успамінае, што тады да яго, юнака, у школу спецыяльна прыязджалі ад «Калгаснай праўды» (сення — «Сельская газета») пісьменнікі Віктар Шымук і Генадзь Кляўко. Яны ў нечым і надавумілі выпускніка вывучаць жыццё ва ўсіх яго праявах: «Ісці да людзей і быць сярод людзей, куды б ні закінуў лёс».

Сталася так, што, скончыўшы школу, будучы паэт на прэміяльныя грошы паехаў «шукаць сябе сярод людзей» на лесараспрацоўкі ажно ў Карэлію! І на тыя грошы жыў там амаль месяц, пакуль не атрымаў першую зарплату. Кажа, што тады ганарар як заробак не дужа ўспрымаў: не араў, не сеяў, не пілаваў, ні клаў цэглу… Пра гэта паэт успамінае з добрай усмешкай. Але тады, атрымліваючы свой першы лесарубскі заробак, ён не ўстрымаўся і сказаў старэйшым таварышам па брыгадзе на беларускай мове. А потым апамятаўся, паспрабаваў перайсці на рускую, на якой тут размаўлялі, але калегі суцешылі: «Усялякая праца пачэсна, калі для сябе і ўсіх…» І яшчэ: пачуўшы беларускую мову, некаторыя з іх сталі прасіць, каб ён з імі размаўляў на ёй — аказалася, што сярод іх былі і нашы суайчыннікі, якія па волі лёсу апынуліся там…

«Усялякая праца пачэсна, калі для сябе і ўсіх…» Гэтыя нібыта звычайныя, але мудрыя словы сталых людзей, сапраўдных рабочых, малады лесаруб па занятку, а па стану душы паэт Мікола Маляўка запомніў на ўсё жыццё. Яны, як ён аднойчы казаў у нашай з ім гутарцы пра літаратуру, сталі адным з арыенціраў у жыцці і працы. І не толькі творчай… Сапраўды, пісаць толькі для сябе?.. Няма ніякага сэнсу… Працаваць толькі для сябе?.. Таксама сэнсу няма… Бо што далей?.. Адмежаванне ад жыцця, ад людзей, дый толькі… А людзі, твае землякі, знаёмыя, блізкія, ды і чужыя, што пра цябе скажуць?..

Як бачым, абсягі для роздуму для кожнага з нас, якой бы справай мы ні займаліся, дзе б ні жылі і не працавалі. Хай у вёсцы на зямлі ці ў горадзе на заводзе, або нават у космасе, куды, дарэчы, беларусы ўжо даўно і годна ўзышлі разам з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцей не толькі былой агульнай краіны, а і з іншых краін і кантынентаў?..

«Высока меціце, літаратары, — можа сказаць іншы чытач. — Мы людзі зямныя. Прасцей бы…»

Паэт Мікола Маляўка адкажа, што і трэба высока меціць. Кожнаму з нас. Скажа гэта ў многіх сваіх кнігах для дарослых і дзяцей. Шчыра скажа, што дасюль галоўнае ў ягоным жыцці і творчасці было (тут кожны вызначае свае магчымасці, як ён можа, і паэт — таксама): «Сагрэць народ, сагрэць Айчыну…» І ў жыцці, і ў звычайнай працы (а ён быў не толькі лесарубам і хлебаробам, а і настаўнікам, журналістам, рэдактарам, пакуль цалкам не заняўся літаратурай), як сведчаць людзі, якія з ім працавалі, ніколі не схібіў — сумленна рабіў справу… Паэтам — таксама.

І ў паэзіі, як і ў жыцці, Мікалай Аляксандравіч шчыры, адкрыты, даверлівы. Паэзія ягоная ад уласнага даўно сягнула да нашага агульнанацыянальнага: жывём і працуем у згодзе з усім добрым светам… І  да агульнага прадстаўнікоў калі не ўсіх нацыянальнасцей і народнасцей, а іх больш за 140, што жывуць у Беларусі, дык да многага з іхняга ўласнага: усе мы разам… І гучыць яно ў ягонай паэзіі часам быццам лозунгава, публіцыстычна, а то і «гімнава», але падмацавана праўдай і адкрытай прастатой:

Мы, беларусы, — простыя людзі.

Край свой і продкаў постаці любім.

Рады заўсёды добрым гасцям.

Рады, калі спрыяюць і нам.

У кнізе «Сланечнік», як і ў многіх папярэдніх сваіх выданнях, паэт заклікае нас, беларусаў, усвядоміць сваю годнасць сярод іншых народаў. А ўсвядоміўшы — не траціць гэтую годнасць.

Ён піша пра наш дзень сённяшні і наша мінулае. І заўсёды ягоныя думкі сягаюць у будучыню. Нашы продкі столькі зрабілі як аратыя, сейбіты, увогуле стваральнікі, ды і не па сваёй волі змагары дзеля нас, дзеля нашага годнага жыцця і шчаснай будучыні, што, думаючы пра яе, мы не павінны забываць мінулае… Але сёння мы, абапіраючыся на іх жыццёвы вопыт, на створанае імі, мацуем жыццёвы падмурак ва ўсіх сферах нашай бытнасці: ад сельскай гаспадаркі да прамысловасці, будаўніцтва, навукі, культуры і… космаса. І гэта — мы, беларусы, разам з усімі, хто жыве ў нашай светлай краіне.

Кніга паэзіі Міколы Маляўкі «Сланечнік», па задуме аўтара, павінна была праз духоўнасць лірычнага героя (чытай — самога паэта) жывіць ягоную еднасць з продкамі, з сучаснікамі, з усім добрым светам, з якімi мы жывём у згодзе і разуменні. У гэтых памкненнях для творцы архіважна — шчыры роздум аб пражытым і перажытым не толькі асабіста ім, а людзьмі, сярод якіх жывеш. Важна, можа, як творчая звышзадача мастака слова ўбачыць у лёсе аднаго чалавека лёс краіны… Важна ўсё, а найперш — канкрэтныя твае справы і памяць твая, бо калі ты грамадзянін сваёй Айчыны, дык найперш і спытай сам сябе: хто я, ці так жыву і раблю… Таму ўспрымем шчыра паэтава:

Не дай мне Бог бяспамятным застацца,

Забыць дарогі ўсе і назвы станцый.

За памяццю іду я — след у след,

Каб дарагіх людзей пачуць, убачыць:

Мінулае — той запаветны свет,

Дзе за дабро яшчэ не позна дзячыць.

Спыняю сваё слова пра слыннага паэта Міколу Маляўку, творы якога шырока вядомы нам з ягоных шматлікіх кніг, а таксама са школьных падручнікаў. І засяроджваюся на думцы: сапраўды кожнаму з нас, чалавеку юнаму і летнаму, ёсць за што дзячыць продкаў, бацькоў, суседзяў, народ, Айчыну… Бо кожны з нас, калі адзін, калі без людзей, народа, Радзімы, — адзінокая палявая былінка пад пагрозай нягод, якія толькі могуць быць… А адзін ты і ёсць адзін…

І такая думка паэта выразна гучыць у кнізе «Сланечнік», выклікаючы чытача на роздум пра жыццё. Што ж, будзем слухаць сапраўдных паэтаў і разам з імі цаніць сваю гісторыю, жыццё, рэчаіснасць такімі, якiя ёсць, ганарыцца ўсім, што маем, ведаючы, што ў агульнай справе ёсць кропелька і нашых спраў.

Уладзімір САЛАМАХА, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter