У Ястрабель на «конелаўцы»!

ВЁСАЧКА Ястрабель — самы маляўнічы край на Століншчыне. Ад усіх астатніх населеных пунктаў яна стаіць асобна, на балоце, і жыхароў там засталося толькі трое. Час нібыта сцішыў тут сваю хаду: ні гулу аўтамабіляў, ні табе сваркі людзей, ні асфальтаваных вуліц. Дарога праз балота разбітая ўвосень, так што даехаць да ястрабельцаў можна толькі на кані ці дайсці пешшу… Нават пенсія і “раёнка” да Ястрабля не даходзяць, іх пакідаюць у суседняй вёсцы Магільнае. Затое кожны чацвер ужо колькі гадоў запар па той самай разбітай увосень, падмерзлай зімой дарозе на кані едзе дзядзька Валодзя Савіцкі з вёскі Беражное, вязе прадукты з сельскага спажывецкага таварыства: хлеб, колцы каўбаскі, цукар для Каральчукоў ды сала з бутэлечкай вінца для дзеда Мішы Алейніка… Карэспандэнт “БН” напрасілася ў спадарожнікі да дзядзькі Валодзі і на кані паехала адведаць ястрабельцаў.

Як карэспандэнт “БН” адвезла прадукты ў далёкую столінскую вёску, пазнаёмілася там з усімі трыма жыхарамі, адзін з якіх – сапраўдная кіназорка....

ВЁСАЧКА Ястрабель — самы маляўнічы край на Століншчыне. Ад усіх астатніх населеных пунктаў яна стаіць асобна, на балоце, і жыхароў там засталося толькі трое. Час нібыта сцішыў тут сваю хаду: ні гулу аўтамабіляў, ні табе сваркі людзей, ні асфальтаваных вуліц. Дарога праз балота разбітая ўвосень, так што даехаць да ястрабельцаў можна толькі на кані ці дайсці пешшу… Нават пенсія і “раёнка” да Ястрабля не даходзяць, іх пакідаюць у суседняй вёсцы Магільнае. Затое кожны чацвер ужо колькі гадоў запар па той самай разбітай увосень, падмерзлай зімой дарозе на кані едзе дзядзька Валодзя Савіцкі з вёскі Беражное, вязе прадукты з сельскага спажывецкага таварыства: хлеб, колцы каўбаскі, цукар для Каральчукоў ды сала з бутэлечкай вінца для дзеда Мішы Алейніка… Карэспандэнт “БН” напрасілася ў спадарожнікі да дзядзькі Валодзі і на кані паехала адведаць ястрабельцаў.

Ты казала ў сярэду…

Мая вандроўка па Століншчыне заканчвалася ў сераду, у чацвер мяне чакалі ўжо ў рэдакцыі. А так хацелася трапіць у Ястрабель!... Што ж рабіць: «конелаўка» (тая ж самая аўталаўка, толькі на кані) ездзіць у вёску на балоце па чацвяргах. Сувязь з Ястраблём падтрымліваецца толькі па тэлефоне, званю: так і так, карэспандэнт, хачу да вас прыехаць, вы не супраць, калі прадукты, а з імі і я, прыедзем не ў чацвер, а ў сераду? “Ды што вы, калі ласка, прыязджайце на здароўе!“ — прыязна адказаў Валера Каральчук, самы малады жыхар Ястрабля. Дзядзька Валодзя, які возіць прадукты, нечаканаму спадарожніку ў Ястрабель узрадаваўся — будзе з кім пагаманіць у дарозе, і ў Беражноўскім сельскім спажывецкім таварыстве таксама пайшлі насустрач:

— Трэба ў сераду — адправім Валодзю ў сераду! Зараз патэлефануем, возьмем заказ у Каральчукоў. А дзедаў спіс мы на памяць ведаем: тры буханкі чорнага, кавалак сала ці каўбасы, пяць пачкаў цыгарэт, два батоны і абавязкова 0,7 пладова-ягаднага віна.

“Васька дарогу на памяць ведае”

Ад Беражнога да Ястрабля шлях няблізкі — 15 кіламетраў. Як на кані туды і назад, то раніцай выязджаеш і пад вечар толькі дадому вяртаешся. Я апранулася цяплей: шапку, рукавіцы, цёплую куртку, кінула на   воз    дзяругу,    каб   ногі аб-

круціць. На возе — дзве скрыні: адна прызначана для Каральчукоў, другая — дзеду. “Паехалі!” — закамандаваў каню Ваську дзядзька Валодзя і ляснуў злёгку пугай.

— Машынай да Ястрабля зараз не даехаць: лесавозы разбілі дарогу, ледзь канём з выбоін выбіраюся, — расказвае дзядзька Валодзя. — У мінулым годзе адправілі ў Ястрабель сельпоўскую машыну з прадуктамі — загрузла, паслалі выцягваць з гразі за ёй другую — і тая забуксавала. Толькі трактарам абедзьве і выцягнулі… З таго часу я і цягнуся туды і назад на кані.

Да Ястрабля заставалася кіламетраў шэсць — самая гразюка. Дзядзька Валодзя лейцы закруціў на возе: Васька дарогу сам выбера лепшую, ён тут як дома. Калі дарога пайшла праз лес, стала зацішней. Паветра свежае-свежае, лёгкія нібыта да гэтага спалі, а тут прачнуліся: сталі піць лясны водар.

Чым глыбей у лес, тым большыя ямы на дарозе нас чакалі. Я мацней рукамі ўчапілася ў воз, каб на адной з такіх калдобін не зваліцца.

— Мінулай зімой ехаў на санях у Ястрабель, — пачаў дзядзька Валодзя. — Дзень харошы, сонечны, у лесе ціха, спакойна. Васька бег шпарка, а то, бачу, стаў хаду збаўляць, потым і зусім стаў — нешта пачуў. Гляджу, наперадзе ваўчаня дарогу перабягае. Я спачатку і не ўцяміў, што гэта драпежнік — так, сабачка нейкі. Хацеў злезці з воза, падысці да яго, а потым як ўявіў, што дзесьці побач ваўчыца, як нападзе — касцей і ад каня, і ад мяне не збяруць... Ой, а было, што дарогу мне з Васькам дзевяць дзікоў перайшлі — цэлае сямейства: наперадзе страшныя, чорныя дарослыя, а за імі малыя рыкаюць… І касулю тут бачыў. Словам, чаго толькі не нагледзеўся!...

Са сваёй скірбудкі – ні нагой!

Праз гадзіну лес расступіўся, і здалёк я заўважыла першую хату ў Ястраблі. Нават не хатку, а, як смешна назваў яе дзядзька Валодзя, скірбудку.

— Дзед,   калі быў яшчэ маладзейшы, сваю незнарок спаліў: можа дзе падвыпіў ды закурыў, вось і засталося ад жытла папялішча. А пасля паставіў сабе скірбудку: два на тры метры, яму аднаму хапае, — мой спадарожнік пра ястрабельцаў ведае амаль усё. — Я на дзеда кажу: як маразы ўдараць, збярэш свае пажыткі — адвязу цябе на зіму ў сацыяльны прытулак, у Беражное. А дзед насупіцца: не паеду ў прытулак — і кропка! Шкада мне яго стала, прывёз яму мінулай зімой свой каракулевы кажушок. Я ў ім жаніўся і пасля доўга насіў, а цяпер ён дзеда грэе.

Перш-наперш вырашылі наведаць сям’ю Каральчукоў. На подступах зіма (быў канец лістапада), а ля хаты — зелена-зелена, конь прыпаў да травы і галавы не мог адарваць, нібыта ап’янеў ад свежай зеляніны. Заглядваю ў гародчык перад хатай — зямля чорная-чорная і, здаецца, лёгкая, як пух. Так і захацелася запусціць рукі ў яе і пакорпацца, нібы дзіця. Дзядзька Валодзя заўважыў, што я гляджу на зямлю як кот на смятану:

— Тут чарназём. Дзед няварты агарод засаджваць, даў мне ў мінулым годзе наказ, каб я для сябе што пасадзіў. Буракі выраслі здаравенныя — з вядро памерам!

Драўляная хата Каральчукоў на ўсё сяло засталася адзіная. Пачарнела ад старасці, затое моцна трымалася на зямлі і была цёплая. Тут жыла маці Галіна Нікіфараўна з сынам Валерам.

— Гэтай хаце 66 гадоў, затое ў траскучы мароз увесь Ястрабель прыходзіў да маіх свёкра Рыгора ды свякрухі Сцепаніды грэцца. Павячэраюць — і давай да Каральчукоў: жанкі прадуць ці вышываюць у гэтым пакойчыку, а мужчыны плятуць рашоты ці кашы ў другім, — расказвае і запрашае ў хату 73-гадовая гаспадыня Галіна Нікіфараўна Каральчук.

На вуліцы мароз, а ў хаце сапраўды гарачыня. На сцяне, бачу, вісяць старадаўнія здымкі.

— У цэнтры — мая свякруха, — з гонарам расказвае Галіна Нікіфараўна. — Красуня, панская дачка была, ёй яшчэ маладыя дзеўкі прыслужвалі. Дарэчы, гэта яна мяне ў свае нявесткі абрала…

За Галіну жанкі ледзь бойку не распачалі

А было ўсё вось як. Галіна Нікіфараўна нарадзілася ў Беражным. У свае 13 гадкоў упоравень з другімі дзяўчатамі і жанкамі Галя працавала ў калгасе ў агароднай брыгадзе. Неяк увесну брыгада прыехала ў Ястрабель саджаць цыбулю. Дарослыя жанкі з Ястрабля святочна апрануліся, прыйшлі на маладых дзяўчат паглядзець. Сем’і ж тады былі вялікія, а ў кожнай — сыны, якіх трэба ажаніць. Ды не проста ажаніць, а з дзяўчатамі разумнымі ды працалюбівымі.

“Гэтая дзяўчынка будзе мне нявесткай, пабачыце, жанкі!” — рэзва заявіла Сцепаніда (яна была вясёлай ды смелай). “А я кажу, што маёй!” — выступіла другая жанчына. За Галю тады між жанок ледзь бойка не распачалася. Але, як тады сказала будучая свякроў, так і выйшла. Галя пазнаёмілася з яе сынам Аркадзем… Вянчаліся ў суседняй вёсцы Дубянцы і пражылі не адзін дзясятак гадоў разам.

— Ястрабель быў у гады маёй маладосці вялікай вёскай: 18 хат стаяла, у кожнай хаце — па шэсць і болей душ, — расказвае Галіна Нікіфараўна. — У вёсцы ледзь не кожны хлопец — гарманіст, з музыкай прачыналіся і з музыкай спаць ішлі. Цэлы дзень у балоце сена варочаем, грабём, у капіцы складваем і, хоць па калена ў вадзе стаім, прытанцоўваем пад гармонік. Прыходзім з работы, параспраналіся — і бягом у возера, купацца. Памыліся — разышліся па хатах вячэраць, гаспадарку даглядаць. А пасля вячэры — на танцы, і скачам сабе да трох ночы! Весела было, не тое слова!

У хаце чыста і цёпла, на канапе стаяць вышываныя падушкі. Галіна Нікіфараўна паказала мне старадаўнюю камоду ды з дзясятак самаробных падушак з гусіным пухам. Сапраўдны пасаг для маладзіцы!

— Добра нам жылося, пакуль не прыйшлі ў калгасы людзей зганяць.  Паадсялялі ястрабельцаў каго куды: у Дубянец, у Магільнае, у Кажан-Гарадок, у Беражное… Я засталася з мужам, дзецьмі, свякрухай ды свёкрам тут жыць. Не паехалі нікуды, хоць і калгасная хата ў суседняй вёсцы Дубянец чакала. І ведаеце, яшчэ ні разу не пашкадавала!... — разважае гаспадыня. — Добра мне тут, прывольна. І хоць зімой, бывае, ваўкі пад вокнамі выюць, а гадоў пяць назад нашу карову гэтыя драпежнікі разарвалі, дзікі гародчык рыюць, мілей Ястрабля кутка не ведаю!

Гусей няма, а загоны засталіся

Мужа Аркадзя Галіна Нікіфараўна пахавала. І дачка Тамара ўжо пяць гадоў як памерла. Тамарка ўдала замуж выйшла за хлопца добрага ў суседнюю вёску Магільнае. Не паспелі і пажыць маладыя, як Тамара памерла ад рака ныркі. Сын Валера ажаніўся з дзяўчынай з Дубянца, пажылі гадоў сем ды разышліся — не склалася. Куды вяртацца, мужчына і не разважаў: у родны Ястрабель. Зараз Валера — адзіная апора для маці, працуе ў калгасе.

— Валера ў чоўне плыве за дубцамі, нарэжа, а пасля ў венікі вяжа для калгаса, каб замятаць фермы, мехдвары было чым… — расказвае маці Галіна Каральчук.

За Каральчуковай хатай — возера. Чорнае-чорнае, нездарма назвалі яго Чорны Вір. Ля берага — човен і абярэмак дубцоў. “Відаць, Валера вярнуўся”, — адзначыла Галіна Нікіфараўна. Пайшлі глядзець гаспадарку. На падворку за гаспадыняй тупае карова Машка, пад нагамі блытаецца чорная кошка Марына. “Глянь, як Машка стог сена абшчыпала — нібыта ад яблыка агрызак пакінула”, — смяецца жанчына.

— Для каго такія вялікія загоны? — пытаюся.

— Некалі тут у мяне цэлая калгасная ферма была: і індыкі, і куры, і качкі. Адных гусей 300, — расказвае гаспадыня. — Як выпусціш індыкоў з загона, дык толькі ў Магільным зловіш.

Занадта даспадобы бананы свінням

Гэта былі б не ястрабельцы, каб на пусты жывот дахаты адпусцілі! У хаце нас з Валодзем як важных гасцей распранулі ды давай частаваць… Таўпеня з каўбаскамі, пальцам пханымі, смажаная рыба, квашаная капуста, дамашні сыр, масла і … самагонка. Прызнацца, хлебную самагонку паспрабавала ўпершыню. За сталом пад чарку і даведалася, што Галіна Нікіфараўна — сапраўдная кіназорка. Пра яе легенда беларускага тэлебачання Уладзімір Субат зняў фільм “Палессе”, і вёску паказалі, і возера, і гаспадарку Каральчукоў… Усім калгасам фільм глядзелі. Хоць і слава кіназоркі была мімалётнай, затое ў жыцці дапамагла, пра гэта не ведаў нават сам аўтар фільма Уладзімір Субат.

— Дабіралася неяк са столінскага базару дахаты, у Ястрабель. На дварэ мароз, рукой махаю, а ні адна машына не спыніцца, — пачала расказ “актрыса”. — Даў Бог, забралі ў легкавушку жонка з мужам. Вязуць і ўсё паглядаюць на мяне: тая ці не тая? “Тая-тая, што па тэлевізары бачылі!” “А мы вас па паліто і шаліку пазналі, таму і забралі, гэта ж вы, тая самая актрыса з Ястрабеля”. Пасмяяліся мы тады ад душы.

А быў і такі смех. Калі здымачная група Беларускага тэлебачання прыехала ў госці, то прывезла падарункі, а сярод іх — скрынка бананаў. Паспрабавала на смак Галіна Нікіфараўна заморскі фрукт — “мыла”! Родным таксама бананы “не пайшлі”. Стаяла скрынка, пакуль чарнець не пачаў далікатэс. Гаспадыня і кінула гронку свінням: з’елі — аж за вушамі трашчала! Так і ўся скрынка пайшла — занадта ж даспадобы бананы свінням.

— І з Наташай Каралёвай я знаёмая! — не перастае здзіўляць Галіна Нікіфараўна. — У Ястрабелі здымалі кіно, цэлыя аўтобусы кіношнікаў напрыязджалі. А праз возера тады быў перакінуты мост (зараз яго няма). Наташа Каралёва — манашка, бяжыць па мосце і галосіць: “Спасіце, памагіце!” Гэта яе, маладуху, па сцэнарыю хацелі за старога мужыка замуж аддаць, а яна ўцякала…

Дзедавы слёзы

— Засядзеліся мы тут, а трэба яшчэ і дзеда Мішу праведаць! — мы   сталі   з   дзядзькам  Валодзем збірацца ў дарогу. — Вялікі дзякуй за гасціннасць!

З вялікага меха гаспадыня насыпала белых гарбузікаў, каб лузалі ў дарозе, разлічылася з Валодзем за прывезеныя прадукты і пайшла з сынам Валерам да дзедавай хаты правесці.

Дзед Міша такога наплыву гасцей не чакаў. Выйшаў памалу з хаткі, накінуў Валодзеў каракулевы кажушок. Ажывіўся, калі маладзічку пабачыў, і не паверыў, што я карэспандэнт. Ахвотна фатаграфаваўся і на жыццё жаліўся: пакінуў на двары ў сваёй схованцы тры буханкі чорнага і кавалак сала, а нейкі сабака ўсё з’еў. Як добра, што Валодзя прывёз хлеба і сала. Раней, расказвалі Каральчукі, дзед быў ладны гаспадар: і гародчык засаджваў, і ў хаце ўпраўляўся, а зараз пастарэў, нічога сам рабіць не можа, але і не хоча, каб яго даглядалі ў сацыяльным прытулку .

— От, Міша, а навошта ты на зіму свой ганак разбіраў ды да розуму так і не давёў? — спыталася ў адзінага суседа Галіна Нікіфараўна.

— Эх… — махнуў дзед рукой.

Мая весялосць, якую адчувала ў хаце Каральчукоў, раптам прапала. Шкада дзеда стала. Ад’язджала з вёскі і думала, думала… Ходзяць чуткі, што жыў дзед Міхась заможна, круціўся, зарабляў, хаты сам сабе будаваў ды траіх дзяцей на ногі паставіў. А вось след у вёску з трыма жыхарамі пракладае па гразі ды па снезе адно дзядзька Валодзя. Выходзіць, для дзеда чужы па крыві чалавек стаў раднейшым за дзяцей...

Наталля СЕРГУЦ, “БН”

НА ЗДЫМКАХ: конік Васька дарогу да Ястрабля на памяць ведае; Галіна Нікіфараўна КАРАЛЬЧУК расказвае пра сваё жыццё; завіталі да дзеда Мішы ў госці; нечаканым гасцям дзед Міхаіл АЛЕЙНІК абрадаваўся.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter