У “Альтанцы” гасцюе “Купалінка”.

Такую паэтычную назву мае літаратурная суполка, якая аб’ядноўвае юныя таленты Міншчыны.

Такую паэтычную назву мае літаратурная суполка, якая аб’ядноўвае юныя таленты Міншчыны. Вось ужо васямнаццаць гадоў ёю нязменна кіруе вядомы беларускі пісьменнік Мікалай Мікалаевіч Чарняўскі, які для некалькіх пакаленняў пачаткоўцаў, што жывуць у прысталічным раёне, стаў тым самым літаратурным Настаўнікам, які многім дапамог знайсці сваю сцяжыну да прыўкраснага мастацкага слова. І не проста знайсці, а і прайсці ёю пэўны час, каб адчуць тую асалоду самых розных пачуццяў, якую дае творчасць. І найперш — любоў да роднага Слова, да нашай літаратуры, увогуле, да ўсяго беларускага спеўнага краю, каб праз паэтычныя радкі выказаць сваё захапленне лепшымі праявамі жыцця, усім тым дарагім і блізкім, што кранае, хвалюе з маленства.

Зразумела, што не ўсе купалінцы стануць прафесійнымі творцамі. Жыццё — заўжды нечаканае і непрадказальнае, але для ўсіх, хто прайшоў гэтую прыгожую школу “Купалінкі” родная літаратура будзе заставацца захапленнем душы і сэрца, яна заўсёды будзе вабіць і прыцягваць да сябе. І калі хто з былых купалінцаў стане настаўнікам-філолагам, дык абавязкова ў сваёй школе створыць літаратурны гурток, і, як гэта робіць Мікола Чарняўскі, у сваю чаргу пачне раскрываць перад юнымі дараваннямі таямніцы творчасці. Пра гэта падчас нашай сустрэчы гаварыў і сам Мікалай Мікалаевіч, а найбольш, вядома, пра самую суполку:

— Наша “Купалінка”аб’ядноўвае дваццаць школьных літаратурных гурткоў Мінскага раёна. — І, магчыма, яе станаўлення і прызнання не адбылося б без падтрымкі непасрэднага ініцыятара яе стварэння — аддзела адукацыі Мінскага райвыканкама. Сваёй “хроснай маці” купалінцы паважліва называюць Лілію Рыгораўну Жаўняркевіч — галоўнага спецыяліста гэтай установы, вельмі вопытнага педагога-філолага, якая на працягу ўсіх гадоў існавання “ Купалінкі” клапатліва рупіцца, каб наша суполка жыла, каб не перасыхалі тыя творчыя крынічкі, якія жывяць яе, спрыяюць з’яўленню новых імёнаў сярод юных літаратараў раёна, якія любяць і шануюць родную мову, цікавяцца гісторыяй і багатай культурнай спадчынай сваёй зямлі, захапляюцца яе краявідамі. А яшчэ яны з вялікім задавальненнем падарожнічаюць па роднай Беларусі, не раз выбіраліся ў вандроўкі па купалаўскіх і коласаўскіх мясцінах, бывалі на святах беларускага пісьменства. Вельмі часта іх падарожныя назіранні і ўражанні становяцца радкамі новых твораў.

Мне прыемна адзначыць, што сябры “Купалінкі” адчуваюць пастаянную ўвагу да сваёй творчасці з боку рэдакцый. Яны былі частымі ўдзельнікамі радыёперадачы “Першыя сцяжынкі”, іх творы друкаваліся на старонках часопісаў “Вясёлка”, “Бярозка”, “Качели”, “Маладосць”. Купалінцы неаднойчы былі лаўрэатамі прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў, а таксама розных творчых алімпіяд. Чым стала для іх “Купалінка”, чым яна натхняе, якія далягляды адкрывае, — пра гэта аўтары-пачаткоўцы нярэдка прызнаюцца ў сваіх вершаваных радках. Вось як аднойчы напісала пра яе Насця Кулакоўская:” “Купалінка” ўсім адкрывае да роднага слова дарогу”.

І ў гэтым міжволі пераконваешся, калі знаёмішся з творчасцю купалінцаў. Яны — госці сённяшняй “Літаратурнай альтанкі”. Мне думаецца, што гэтая публікацыя распачне добрую традыцыю прадстаўляць у нашай Альтанцы самыя розныя літаратурныя суполкі з усёй Беларусі, якія нярэдка называюцца школамі юных талентаў. Чакаем вашых лістоў з творамі зусім яшчэ маладых аўтараў, якія, несумненна, прадэманструюць шырокаму колу чытачоў “НГ”, якое таленавітае пакаленне падрастае ў нашай краіне.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter